Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта “Народная Воля” адзначае 10-годзьдзе


Любоў Лунёва, Менск Галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч сваю дзейнасьць ацаніў як штодзённае змаганьне за існаваньне газэты. Было некалькі выпадкаў, калі газэта была пад пагрозай ліквідацыі. Сёлета Міністэрства інфармацыі вынесла два папярэджаньні за публікацыі двух артыкулаў і заявы ў падтрымку прадпрымальніка. Радыё Свабода віншуе сваіх калегаў з “Народнай Волі” з 10-годзьдзем і прапануе інтэрвію зь яе галоўным рэдактарам.

Іосіфу Сярэдзічу 55 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Забараўцы Пінскага раёну. У 1966 годзе быў сакратаром камсамольскай арганізацыі калгасу імя Кірава. Тады ж пачаў сваю журналісцкую кар’еру ў газэце “Савецкае Палессе” у Ганцавічах. На трэцім курсе перавёўся на стацыянар журфаку і стаў працаваць у газэце “Сельская Беларусь”. Заснаваньне газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч лічыць галоўнай падзеяй у сваім жыцьці. Рэдактар згадаў, што ўвесь час былі праблемы з друкарняй. Газэту даволі часта вымушаныя былі друкаваць за мяжой.

(Сярэдзіч: ) “Напачатку лістапада ў 1997 годзе мы зноў зьехалі ў Вільню. Улады пайшлі ўжо іншым шляхам — яны скіравалі ўдар на “Мэджык”. Калі “прыхлопнулі” гэтую прыватную друкарню, усе астатнія адмовіліся нас друкаваць. Быццам да нас прэтэнзіяў не было. Але мы вымушаныя былі зьехаць у Вільню і друкаваліся там больш за год”.

На пытаньне — які нумар самы памятны? — рэдактар адказаў, што той, які зараз выходзіць. Але згадаў сытуацыю, калі газэта выйшла зь белымі плямамі замест дакладу Сяргея Антончыка. Рэдактар вёў перамовы з адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі, тэлефанаваў яму асабіста, але пытаньне вырашылася толькі а 3-й ночы. Даклад пра карупцыю ў найвышэйшых эшалёнах улады друкаваць забаранілі.

(Сярэдзіч: ) “Тады “белыя плямы” выйшлі на першай і другой паласе. Ужо было позна нешта іншае рабіць. Вось у такой роспачы паставілі пару пляшак, выпілі — і толькі пад ранак разьехаліся па хатах”.

Паводле беларускага заканадаўства тры папярэджаньні даюць падставы для ліквідацыі газэты, два — прыпыненьне дзейнасьці газэты на нявызначаны тэрмін. Газэта ўжо мае два папярэджаньні. Іосіф Сярэдзіч лічыць, што заканадаўства стварае парадаксальную сытуацыю, калі рэдакцыі пазбаўленыя магчымасьці выправіць сытуацыю.

(Сярэдзіч: ) “Кожны чалавек мае права на памылку, у тым ліку і журналіст. Але, калі журналіст хоча выправіць памылку, а Міністэрства інфармацыі апярэджвае, выносіць папярэджаньне і спрабуе пагражаць закрыцьцём газэты — гэта ж, сапраўды, нейкі вар’яцкі дом”.

Летась у жніўні газэту ледзь не зачынілі. Заставаліся гадзіны. Заблякавалі рахункі, ня выйшлі два нумары газэты. Рэдакцыі трэба было тэрмінова знайсьці 25 000 даляраў, каб надрукавалі ў пятніцу суботні нумар, бо ў панядзелак “Белпошта” магла скасаваць дамову аб распаўсюдзе газэты. Грошы дала прыватная фірма ў Латвіі. Іх пералічылі літаральна за некалькі гадзінаў. Іосіф Сярэдзіч дагэтуль ня можа спакойна распавядаць пра гэта:

(Сярэдзіч: ) “Мы мелі на руках копію дакумэнтаў аб тым, што гэтыя грошы накіраваныя з Рыгі ў Менск. Тут яшчэ пашанцавала, што судзьдзя кінулася тэлефанаваць сваім высокім начальнікам. Але ж пятніца, і такі сьпякотны дзень… Так што многія зь іх, мабыць, зьехалі на лецішчы. Пасьля трэцяга званка яна кінула слухаўку і кажа: “Добра, Сярэдзіч, бяру на сябе адказнасьць”. Выклікае судзьдзю і кажа: “Едзьце ў друкарню”. Усе паперы падпісалі, і я куляй разам з гэтым чалавекам у друкарню”.

Рэдактара газэты, якая стала брэндам за час свайго існаваньня, Іосіфа Сярэдзіча калегі называюць працаголікам. На пытаньне, як яму ўдалося ўратаваць недзяржаўную газэту ў той час, калі іншыя ня вытрымалі і спынілі сваю дзейнасьць, ён даў такі адказ:

(Сярэдзіч: ) “Таму што ў нас больш такога прыдуркаватага рэдактара няма. Ну, прыдурак! Нармальны чалавек сёньня ня будзе выдаваць такую газэту. Нармальны чалавек шукае шчасьця ў нейкай сямейнай цішы, нармальным заробку, нармальным бізнэсе. Але ёсьць такія прыдуркі, як я. Што зробіш?”

Рэдактар назваў сапраўдную галоўную прычыну — за ім калектыў з трыццаці чалавек, і ён папросту адчувае перад імі сваю адказнасьць. І дадаў, што ня можа здрадзіць сваёй прафэсіі.
XS
SM
MD
LG