Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У санаторыях Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта беларускія чыноўнікі адпачываюць за 25% ад кошту пуцёвак


Ігар Карней, Менск Для беларускіх чыноўнікаў пачаўся сэзон адпачынкаў. Дзе пераважна бавяць свой вольны час службовыя асобы?

Бальшыня беларускіх чыноўнікаў, выбіраючы месца адпачынку, скіроўвае позіркі на санаторыі Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, разьмешчаныя ў суседніх краінах. Прычына простая: такі адпачынак дзяржаўным асобам і іх сем’ям вельмі танна каштуе, паколькі дзяржава бярэ на сябе амаль усе выдаткі.

Найбольш прэстыжна правесьці вакацыі ў Туапсэ, у санаторыі “Белая Русь”. Туды імкнуцца трапіць усе вялікія і малыя начальнікі, таму звычайнаму турысту патрапіць на гэты расейскі курорт практычна немагчыма. Гэткай жа папулярнасьцю карыстаецца адпачынак у Сочы. Хто дрэнна пераносіць сьпёку і доўгую дарогу, едзе ў Латвію ці Літву, альбо, на скрайні выпадак, аднаўляе здароўе ў Беларусі. Пра прыярытэты чынавенства ў адпачынках апавядае супрацоўнік цэнтру “Курорт” пры Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта:

(Супрацоўнік цэнтру “Курорт”: ) “Юность” і “Баравое” — гэта ў нас. “Беларусь” у Сочы, “Белая Русь” у Туапсэ, “Белоруссия” ў Юрмале, Друскінінкай — гэта ўсё, што ў падпарадкаваньні Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Яшчэ арандуем дзьве-чатыры базы адпачынку ў Крыме. Што да фінансавых выдаткаў, то дарогу трэба аплачваць самастойна. Усё астатняе — прыблізна 25% ад кошту. Прадстаўляецца даведка аб даходах, і, ужо залежна ад гэтага паказьніка, аплачваецца кошт паслугаў. Але самае мінімальнае — гэта 25% ад кошту”.

Былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўрал Латыпаў вымушана адпачывае ўжо больш за паўгоду. У канцы лістапада ён быў выпраўлены ў адстаўку і цяпер ня мае праблемаў з вольным часам. Запытваю — чаму беларускія службоўцы практычна не выяжджаюць на папулярныя ў асяродку шараговых беларусаў пляжы Турэччыны ці Эгіпту? Ці таму, што такі шык не ўхваляе кіраўнік краіны, альбо, як і ў выпадку з камандзіроўкамі, Аляксандар Лукашэнка мусіць накласьці рэзалюцыю на адпачынак канкрэтнаму чыноўніку? Ці, магчыма, усё ж ашчаджаюць грошы?

(Латыпаў: ) “Не скажу, наколькі адпачываць тут таньней, чым за мяжой, гэта па-першае. Па-другое, гэта індывідуальна ад кожнага чалавека залежыць. Чынавенства не брыгадамі ж на адпачынак езьдзіць, кожны сам выбірае. І трэцяе, што таксама відавочна: народ прызвычаіўся адпачываць у сваёй вёсцы, альбо на той жа Нарачы — усё гэта бліжэй успрымаецца, гэта рэальны адпачынак. Як мне падаецца, гэта нават больш зьвязана з псыхалягічнымі момантамі. Прыкладам, у мяне жонка беларуска, яе нікуды ня выцягнеш, яна адпачывае толькі на Лошы, што на паўдарозе паміж Слуцкам і Менскам. Натуральна, што нейкая частка за мяжу выяжджае, але ня думаю, што тут прычыны нейкія фінансавыя. Хутчэй, як я ўжо казаў, псыхалягічныя. А ў Турэччыну езьдзяць, перадусім, бізнэсоўцы, сярэдні кляс”.

(Карэспандэнт: ) “Усё ж, ці можа быць адной з прычынаў тое, што Аляксандар Лукашэнка, які сам летам асабліва не адпачывае, і толькі зімой выяжджае ў горы, не вітае замежных адпачынкаў падначаленых?”

(Латыпаў: ) “Я ніколі ня чуў, каб ён казаў: ня трэба езьдзіць за мяжу адпачываць. Проста хачу ўдакладніць: не была ў нас ніколі паездка за мяжу звыклым адпачынкам, усе адпачывалі тут. Мы ж людзі, у прынцыпе, савецкія (я маю на ўвазе пакаленьне чыноўнікаў). Чыноўнікі ж прыблізна майго ўзросту, гадоў пад пяцьдзясят. Таму тут справа не ў палітыцы, а ў псыхалёгіі, у фінансах”.
XS
SM
MD
LG