Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: як доўга Аляксандар Лукашэнка будзе заставацца пры ўладзе ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск Адзінаццаць год таму ў Беларусі быў абраны першы прэзыдэнт. 10 ліпеня 1994 году Аляксандар Лукашэнка ў выніку другога туру выбараў перамог Вячаслава Кебіча і стаў кіраўніком краіны. Як доўга яшчэ, на вашую думку, Аляксандар Лукашэнка будзе заставацца пры ўладзе? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Адзінаццаць гадоў таму ў Беларусі быў абраны першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. На вашую думку, як доўга Аляксандар Лукашэнка будзе заставацца на пасадзе кіраўніка краіны?”

(Спадар: ) “Я думаю, што яшчэ гадоў дзесяць. У кожным разе, лідэра іншага няма, выбару няма”.

(Юначка: ) “Мяркую, што колькі яму захочацца. І радыё, і тэлебачаньне — усё пра гэта кажа. Напэўна, калі ня ён, дык ягоныя дзеці, ці хто там яшчэ ў яго ёсьць. І будзе ў нас манархія далей”.

(Юнак: ) “Надоўга ўсё гэта расьцягнецца. Вы чуеце гэтыя словы: стабільнасьць, каб толькі не было вайны, пэнсію плацяць? Словам, балота. І ўсе вельмі баяцца”.

(Карэспандэнтка: ) “На вашую думку, як доўга яшчэ будзе пры ўладзе цяперашні прэзыдэнт?”

(Спадар: ) “Я бы хацеў, каб быў гэтулькі, столькі ён здолее. Гэта адзіны чалавек, які ведае, што рабіць, і клапоціцца пра сваю краіну. Чым больш у нас будзе такі прэзыдэнт, тым лепш для нашай краіны”.

(Юнак: ) “Я думаю, што доўга. Паколькі тое, што ён засеяў, яшчэ толькі пачне ўзыходзіць з гадамі. А ён, як кажуць, засеяў шмат. Засталося толькі чакаць ураджаю”.

(Спадарыня: ) “Мне складана сказаць, я толькі ведаю, што інтэлігенцыя наўрад ці яго падтрымлівае. Можа быць, працоўная кляса, сельская гаспадарка і так, але інтэлігенцыя — не”.

(Карэспандэнтка: ) “Як доўга цяперашні кіраўнік краіны будзе займаць цяперашнюю пасаду і чаму?”

(Спадарыня: ) “Надта доўга. Няма замены. Я некалькім чалавекам аддавала перавагу, але гэтых людзей ужо няма. Так што — доўга”.

(Юнак: ) “Калі народ будзе сядзець і маўчаць, ну дык… А ўвогуле, я лічу, што хто б ні быў — усё роўна будзе дрэнна. Бо кіраўніцтва краіны — гэта такая рэч, самі разумееце. Туды нармалёвыя людзі не ідуць”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што ён і цяпер зусім не пры ўладзе. Чалавек пры ўладзе — ён нешта будуе. А які завод ён пабудаваў за гэты час, які дае валюту, які дае прыбытак і грошы? Акрамя ягоных лядовых палацаў, якія, можа, будуць запатрабаваныя наступнымі пакаленьнямі, а можа і не? Я часта ежджу ў камандзіроўкі, і раней людзі былі гатовыя за яго вочы выдрапаць. А цяпер як што-небудзь скажаш пра прэзыдэнта, адразу ж — хлоп, языкі пад лаўкі, і адразу становяцца глуханямымі і глухадурнымі. Ніхто яго цяпер не ўхваляе і ня ганіць — усе ўвогуле баяцца гаварыць пра палітыку. Мне падаецца, што ўсе гэтыя адзінаццаць гадоў прэзыдэнцтва — гэта чарговы бальшавіцкі экспэрымэнт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG