Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 11 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 11 ліпеня

“Голас Беларуса”, 1925 год. К.Езавітаў пра стан беларускай школы ў Латвіі:

“Бо да гэтага часу вучыцель-латыш у беларускай школе, зусім нават мімавольна, быў і застаецца русыфікатарам. Ён ня ведае, ды часта-густа і зусім не разумее беларускае мовы, размаўляе ў клясе па расейску і нават стараецца “правіць” мову беларускіх дзетак. Ёсьць, на вялікі жаль, і такія вучыцялі-латышы, што пад старымі і сучаснымі расійскімі ўплывамі зусім ня лічуць беларускі народ за асобны народ, а мову нашую не ўважаюць за мову”.

“Чырвоная змена”, 1985 год:

“Адміністрацыя Рэйгана расшырае маштабы псіхалагічных дыверсій у краіне. Кіраўніцтва падрыўной радыёстанцыі “Голас Амерыкі” аб’явіла аб планах пачатку восенню гэтага года прамога вяшчання на Заходнюю Еўропу. “Голас Амерыкі”, які служыць радыёрупарам гнюснага антысавецкага паклёпу і дэзінфармацыі, вяшчае практычна на ўсе рэгіёны свету на працягу больш чым тысячы гадзін у тыдзень на 42 розных мовах. Аднак прамыя перадачы на саюзныя ЗША краіны ў Заходняй Еўропе былі спынены яшчэ ў 1955 годзе “па бюджэтных меркаваннях”. Цяпер жа адміністрацыя Рэйгана вырашыла, што за ідэалагічную “радыёапрацоўку” саюзнікаў на кантыненце неабходна ўзяцца зноў і вельмі грунтоўна”.

“Народная газета”, 1995 год. З нагоды гадавіны абраньня Аляксандра Лукашэнкі Сьвятлана Алексіевіч:

“Што зрабіў прэзыдэнт? Канчаткова пахаваў усе дэмакратычныя і нацыянальныя спадзяваньні… Вярнуў нас да сымбаляў сацыялізму, хоць у самую тую рэальнасьць ужо немагчыма вярнуцца. Нельга жыць з сацыялістычным сьцягам у час адраджэньня буржуазных адносінаў. Ну, і поўная тыранія пасрэднасьці і падпарадкаваньня ў сродках масавай інфармацыі. Перш за ўсё гэта небясьпечна для самаго Прэзыдэнта. А найбольш істотнае — ня вырашана пытаньне з прыватнай уласнасьцю, з зямлёй. Замест гэтага адны гаворкі пра справядлівасьць, заляцаньні з натоўпам. Але ж калі натоўп, дакладней, народ не накарміць, то гэтыя тэлегульні трагічна скончацца…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG