Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Міхаіл Хоміч мяркуе, што Сяргей Скрабец аднавіў галадоўку


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта адвакат паведаміў нашаму радыё 11 ліпеня. Спадар Хоміч спаслаўся на размову вязьня са сьледчым у асабліва важных справах Пракуратуры Беларусі Вячаславам Цераховічам, сьведкам якой ён быў. Тады былы дэпутат сказаў, што гатовы аднавіць галадоўку 8 ліпеня. Сяргей Скрабец па-ранейшаму патрабуе зьмяненьня меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд альбо хатні арышт.

На сёньняшні дзень пацьверджанай інфармацыі пра тое, што былы дэпутат аднавіў галадоўку, няма. Адвакат Міхаіл Хоміч лічыць, што экс-парлямэнтар усё ж галадуе. Ён спасылаецца на словы самаго Скрабца, сказаныя яшчэ 7 ліпеня, калі яго ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары наведваў сьледчы ў асабліва важных справах Пракуратуры Беларусі Вячаслаў Цераховіч:

(Хоміч: ) “Ён сказаў упэўнена ў прысутнасьці Цераховіча, што заўтра зноў пачне галадаць, пачне чарговы тур”.

Дзяжурны Берасьцейскага сьледчага ізалятару катэгарычна адмовіўся паведаміць што-небудзь пра стан былога дэпутата:

(Дзяжурны: ) “Няма начальніка цяпер у Берасьці. Я інфармацыю пра Скрабца вам ня дам. Па гэта трэба зьвяртацца да начальніка”.

Адвакат Хоміч пакуль у ізалятар не зьбіраецца — чакае запрашэньня ад экс-дэпутата:

(Хоміч: ) “Ён мне сказаў, што пакліча, калі патрэбна будзе”.

Тым часам малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар сьцьвярджае, што стан здароўя вязьня пагоршыўся. Сёньня Аляксандар атрымаў чарговы ліст ад брата:

(Скрабец: ) “Мне не спадабаўся гэты ліст. Ён мяне засмуціў. Сумна неяк. Зрок пагоршыўся ад галаданьня ў Сяргея. І наагул, неяк даволі дзіўна напісана. Можна так зразумець, што ён быццам і не спыняў галадоўкі. Піша, што пайшоў ужо 51-шы дзень. Ён ня піша дакладна, што не галадуе, але нешта такое праглядаецца. Цьмяна гэта ўсё”.

У сераду, 13 ліпеня, вязьня ў сьледчым ізалятары зьбіраюцца наведаць ягоныя бацькі. Паводле жонкі Сяргея Скрабца Аляксандры, яны атрымалі адпаведны дазвол ад сьледчага Вячаслава Цераховіча.

* * * Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмову. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
XS
SM
MD
LG