Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Аршаншчыне завяршыўся “караткевіцкі” пленэр і прайшло “Сьвята вольнай беларускай паэзіі” (фотарэпартаж)


Браніслава Станкевіч, Ворша Пленэр, прысьвечаны сёлетнім 75-м угодкам пісьменьніка, быў арганізаваны беларускім Пэн-Цэнтрам і вядомым на Віцебшчыне грамадзкім аб”яднаньнем “Цэнтар імя Язэпа Драздовіча”. Ён праходзіў ад 1 да 10 ліпеня ў Аршанскім раёне на возеры Дзевіна. За колькі дзясяткаў кілямэтраў ад гэтага месца, каля купалаўскага музэю ў Ляўках, аматары беларускае паэзіі праводзілі незалежніцкае літаратурнае сьвята.У мінулыя выходныя ўдзельнікі абедзьвюх імпрэзаў сабраліся разам.

Закрыцьцё пленэру праходзіла ўжо не на беразе возера Дзевіна, дзе маладыя мастакі ды літаратары разам са сваімі настаўнікамі пражылі мінулыя 10 дзён, а ў самой Воршы, на радзіме Уладзімера Караткевіча. Тут каля мэмарыяльнага музэю пісьменьніка для ўсіх ахвочых жыхароў гораду ўдзельнікі пленэру дэманстравалі плён свае працы: літаратары, можа, упершыню чыталі ўголас новыя творы, а мастакі выставілі навокал свае накіды, замалёўкі і ўжо паўнавартасныя карціны.

Усе ўдзельнікі пленэру прызналі, што самай актыўнай выхаванкай “літаратурнай майстэрні” была менская перакладчыца Марыя Мартысевіч, а самым працавітым маладым мастаком -- Янка Рамановіч зь Менску.

(Рамановіч:) “Вельмі добра працавалася! Вельмі прыгожыя мясьціны, я сам з Палесься, там такіх няма. І літаратары побач добрыя былі, складалі вершыкі пра мае палотны. Мастакі і пісьменьнікі, як кажуць, адно аднаго дапаўнялі. Вельмі добры пленэр атрымаўся!”

Дарэчы, у часе пленэру шмат якія мастакі атрымалі вершаваныя прысьвячэньні сваім карцінам. Хоць часам здаралася і наадварот: літаратарка Марыя Мартысевіч пад кіраўніцтвам Алеся Марачкіна намалявала першую ў сваім жыцьці, як яна казала, “сапраўдную карціну”.

У поўным захапленьні ад маладых творцаў ды іхных мастацкіх працаў засталася кіраўніца цэнтру імя Язэпа Драздовіча, арганізатарка гэтага ўжо 12-га пленэру на Віцебшчыне Ада Райчонак.

(Райчонак:) “Вельмі таленавітая моладзь! Я думаю, што сярод іх і Рэпіны будуць, і Караткевічы, і Быкавы будуць. Я задаволеная!”

Другі арганізатар, Вадзім Баршчэўскі, таксама ўражаны тым, як плённа папрацавалі мастакі ды літаратары, асабліва зважаючы на тое, што амаль усе 10 дзён было вельмі горача, а побач зь іхнымі намётамі было такое спакусьлівае Дзевінскае возера.

(Баршчэўскі:) “Шчыра кажучы, мы думалі, што перадусім трэба добра адпачыць. А яны так папрацавалі! Вось тут выстаўлена некалькі дзесяткаў карцін, і можна лічыць, што ўжо палова альманаха ёсьць!”

Альманах, пра які згадаў Вадзім Баршчэўскі, мусіць быць выпушчаны да 75-х угодкаў Уладзімера Караткевіча. Апрача карцін у ім будуць таксама і літаратурныя творы, якія нарадзіліся тут, на Аршаншчыне.

Крыніцай натхненьня для іх сталася і маляўнічая прырода, і падарожжы па гістарычных мясьцінах, і ўвага ўдзячных слухачоў, якія ўвечары 9 ліпеня сабраліся каля Купалаўскага музэю ў Ляўках на першае “Сьвята вольнай беларускай паэзіі”. Удзельнікі “караткевіцкага” пленэру далучыліся да гэтага сьвята і разам з усімі, хто прыехаў сюды, чыталі і слухалі каля вогнішча свае ды чужыя творы.

Па сутнасьці, “Сьвята беларускай вольнай паэзіі” задумалі тыя самыя людзі, што некалі пачалі праводзіць вядомы бардаўскі фэст “Аршанская бітва”. І яны дужа хваляваліся – ці будзе гэтая новая ідэя плённай, ці будзе сьвята ўдалым і ці варта надалей гэткія імпрэзы праводзіць.

Вось што сказаў на гэты конт адзін з гасьцей сьвята – паэт і бард зь Менску Зьміцер Дзядзенка.

(Дзядзенка:) “Сьвята вольнае паэзіі ўдалося, першы блін, як кажуць, не сабаку. Прыехалі ўдзельнікі ці не з усёй Беларусі. Што вельмі цешыць, далучыліся і мясцовыя жыхары: адзін з тутэйшых мінакоў узяў ды прачытаў байку, магчыма, што і ўласнага сачыненьня. Думаю, што і надалей будзе атрымлівацца ня горш, а яшчэ лепш”.

На “Сьвяце вольнай беларускай паэзіі” ўдзельнікі чыталі ўласныя творы, а таксама вершы Янкі Купалы. Хто хацеў, мог рабіць гэта ўсю ноч навылёт, а зранку ўдзельнікі сьвята пусьцілі па Дняпры плястыкавыя бутэлькі з бел-чырвона-белымі сьцяжкамі на знак таго, што на Аршаншчыне запачаткаваная яшчэ адна незалежніцкая традыцыя.

Пленэр

Янка Рамановіч каля сваіх карцін

Андрэй Хадановіч чытае верш-прысьвячэньне карціне Алеся Марачкіна

Яшчэ твор з прысьвячэньнем

Імправізаваная экспазыцыя





Паэтычнае сьвята

Слухачы і чытальнікі на беразе Дняпра

Сьпявае бард зь Бешанковічаў Георгі Станкевіч
XS
SM
MD
LG