Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля” адзначае сваё дзесяцігодзьдзе


Ігар Каней, Менск Роўна 10 гадоў таму на беларускім мэдыйным рынку зьявілася выданьне, якое цягам усяго гэтага часу застаецца адным з самых масавых і ўплывовых у Беларусі. Гаворка, безумоўна, пра “Народную волю”. У дзень юбілею наш карэспандэнт Ігар Карней цікавіўся: як да фэномэну “Народная волі” ставяцца калегі і канкурэнты галоўнага стварэньня нязьменнага галоўнага рэдактара выданьня Іосіфа Сярэдзіча?

“Народную волю” узнагароджваюць рознымі эпітэтамі – ад узьнёслых да зьневажальных. Аднак у любым выпадку гэта сьведчыць на тое, што яна запатрабавальная і ўявіць без яе газэтны рынак ужо наўрад ці магчыма. Вось меркаваньне кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая.

(Ліпай: ) “З улікам умоваў, у якіх усе мы зараз працуем, тое, што “Народная воля” дагэтуль існуе, выходзіць і штодня трапляе да чытачоў, гэта ўжо яе дасягненьне, яе вяршыня. Можна крытыкаваць газэту за зьмест, за падачу матэр’ялаў, за афармленьне, але нельга аспрэчваць галоўнае: існаваньне самой гэтай газэты ў сёньняшніх беларускіх варунках ёсьць вялікім дасягненьнем і, перадусім, гэта дасягненьне Іосіфа Сярэдзіча, чалавека з вялікай энэргіяй і з вялікімі арганізатарскімі здольнасьцямі”.

Канкурэнт Іосіфа Сярэдзіча на мэдыйным рынку, заснавальнік яшчэ адной дэмакратычнай газэты – “Згода” – Аляксей Кароль аздабляе віншаваньні рэтраспэкцыяй апошняга дзесяцігодзьдзя.

(Кароль: ) “Народная воля” робіць сваю карысную справу як адзіная дэмакратычная газэта, што выходзіць кожны дзень. Безумоўна, што ва ўмовах канкурэнцыі, відавочна,зьявіліся б іншыя штодзённыя газэты, якія, магчыма, мелі б ня меньшую папулярнасьць, а мо і большую, як гэта і было, скажам, у часы “разгулу” кебічаўскай дэмакратыі. Тады ўсё газэты выходзілі значнымі накладамі і ўсе раскупляліся. Нават “Згода” мела наклад у 51 тысячу асобнікаў. А ўжо пасьля 1996 году, калі пачаўся ўціск, газэты пачалі губляць “абароты”. Так што, адсутнасьць канкурэнцыі б’е ня толькі па дэмакратыі, а і перашкаджае разьвіцьцю свабоднай, дэмакратычнай, нармальна арганізаванай прэсы”.

У адным інфармацыйным полі доўгі час працуюць шмат якія выданьні. Сярод іх і тыднёвік “Свободные новости”. Шэф-рэдактар выданьня Аляксандар Уліцёнак называе заснавальніка “Народнай волі” Іосіфа Сярэдзіча цудоўным мэнэджэрам і перакананы: харызма Сярэдзіча перадалася ўсім супарцоўнікам газэты.

(Уліцёнак: ) “Гэта хіба ці не аксіёма: газэта нясе на сабе адбітак характару галоўнага рэдактара. Тое самае і з “Народнай воляй”: яна капіюе харызму Іосіфа Сярэдзіча. Ён адметная фігура ў беларускім палітычным асяродку? Безумоўна. І газэта таксама прыкметная. Востры Сярэдзіч, лезе на барыкады? І “Народную” волю найперш любяць за тое, што яна не трымае дулю ў кішэні. Кажуць часам, “волі” не хапае глыбіні і творчага падыходу. Згодзен. Але тут ужо бяда Сярэдзіча: ён лімітаваны часам і магчымасьцямі. Каб газэта выжыла, Сярэдзічу давялося стаць, перадусім, мэнэджэрам. Але гэта абярнулася ўжо пэўнымі відавочнымі творчымі хібамі. Няхай іх выпраўляюць журналісты, няхай дапамагаюць яму хоць у гэтым”.

А вось віншаваньні ад жанчыны. У гэты дзень галоўны рэдактар “Комсомольской правды в Беларуси” Юлія Слуцкая ня схільная да аналітычных аналёгій.

(Слуцкая: ) “Самыя добрыя словы і вялікі дзякуй за тое, што яны існуюць, робяць такую патрэбную справу. І самыя шчырыя словы на адрас Іосіфа Паўлавіча і журналістаў “Народнай волі”. Бо справа, якую яны робяць, гэта сапраўды добрая справа. Ня згодная я з Іосіфам Сярэдзічам толькі ў адным: што яны, маўляў, адзіная штодзённая газэта. Мы таксама штодзённая газэта, якая дае неафіцыйную інфармацыю. І я вельмі задаволеная, што ў нас ёсьць такі канкурэнт, і радая, што мы працуем разам на гэтым рынку і спадзяюся на тое, што гэтак жа разам мы будзем працаваць і надалей”.

Сам Іосіф Сярэдзіч заклапочаны ня столькі юбілеем, колькі клопатам пра выжываньне газэты. Ледзьве не штодня даводзіцца абіваць парогі судоў, разьбірацца з прэтэнзыямі на ўсіх узроўнях. Калектыў, між тым, маральна заўсёды са сваім рэдактарам. Гаворыць адна з самых вядомых ня толькі ў “Народнай волі”, журналістка Марына Коктыш.

(Коктыш: ) “У “Народную волю” я прыйшла зусім “зялёнай” – вучылася на другім курсе журфаку. Але ні на хвіліну не пашкадавала, што ў свой час час трапіла менавіта ў гэтую газэту. “Народная воля” дае добрую магчымасьць адчуць сябе журналістам. Калі хочаце, гэта маленькі востраў свабоды слова, які застаўся на Беларусі. Гэта адзіная газэта, якая не дазваляе людзям забывацца, што мы беларусы, павінны беларусамі звацца. І яшчэ “Народная воля” адлюстроўвае найноўшую гісторыю краіны. Але гэта зусім не тая гісторыя, за якую некаторыя атрымліваюць дзяржаўныя прэміі. Гэта тая рэальная гісторыя, якую бачаць беларусы”.
XS
SM
MD
LG