Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Завадзкая вырашыла зьвярнуцца ў беларуска-расейскую камісію ў складзе Савету правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сьвятлана зьвярнулася ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць да адказнасьці міліцыянта, які ўдарыў яе ў твар падчас разгону акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. ( Відэафрагмэнт здарэньня, паказаны каналам ОРТ 8 ліпеня --> http://www.1tv.ru/owa/win/ort6_videopage.main?sender=news&p_topic_id=78984&p_video_num=1&counter1_href=287212&counter2_href=id=268366;t=56 )

У менскай міліцыі ўжо заявілі, што нібыта сама Завадзкая першай напала на міліцыянта і ў якасьці доказу агрэсіўнасьці жанчыны кажуць, што міліцыянт таксама пацярпеў – нібыта Сьвятлана разьбіла яму губу. Тым часам шмат хто ў Беларусі лічыць, што гэта паказьнік пэўнай мэтанакіраванай падрыхтоўкі спэцыяльных атрадаў беларускай міліцыі.

Сьвятлану Завадзкую зьбілі ў чацьвер, 7 ліпеня. І за гэтыя дні гледачы тэлеканлаў ОРТ і НТВ ужо некалькі разоў пасьпелі пабачыць, як ўсё адбывалася. Сьпіны амонаўцаў, якія адціскаюць людзей з пляцу, жанчыны, сярод якіх у цэнтры Святлана Завадзкая, чуваць іх абуранэньне. Раптам амонавец вікідае ўперад левую руку, а за ёй – імгненны ўдар правым кулаком у твар Сьвятланы Завадзкай. Галава жанчыны, як мячык, адкідаецца назад. Што гэта быў за ўдар? Звычайны удар кулаком па твары ці нейкі прафэсійны прыём? Аб гэтым я спытаў былога баксэра Алега Дашкевіча.

(Дашкевіч: ) “Левай з боку, а пасьля правай дадаў. Гэта – адна з клясычных баксэрскіх камбінацыяў, і ня толькі баксэрскіх, а, відаць, усіх баявых відаў. Гэтак званая двойка. Магчыма, гэта адзін з элемэнтаў баявой падрыхтоўкі, якую праходзіць любы баец спэцыяльнага адзелу”.

Пытаньне, аднак, у тым, чаму гэтая клясычная камбінацыя, неабходная для перамогі над злачынцам ці тэрарыстам, ужытая супраць слабой жанчыны, якая толькі стаіць на пляцы з партрэтам свайго зьніклага мужа? Палкоўнік Уладзімер Барадач камандаваў атрадам вайсковага спэцназу, які ў савецкія часы рыхтаваўся для дывэрсіяў у тыле ворага. Уладзімір Барадач кажа, што падрыхтаваць людзей можна для любой задачы, нават самай бесчалавечнай. Спачатку з дапамогай тэстаў адбіраюць тых, хто псыхалягічна падыходзіць для такой працы. Потым іх рыхтуюць фізычна і маральна. На час такой падрыхтоўкі гэтых людзей трымаюць у ізаляваным калектыве, праводзяць зь імі новыя трэнінгі і тэсты. Інтэлектуальны ўзровень групы залежыцць ад задачы, якой яна будзе займацца. Уладзімір Барадач заўважае, што на разгон жанчын на Кастрычніцкім пляцы не паслалі спэцатрад з КГБ, бо гэта зьняважыла б сапраўдных прафэсіяналаў. Паводле палкоўніка, для падобнай “чорнай працы” у міліцыі падрыхтаваныя адмысловыя аддзелы. Я спытаў Уладзіміра Барадача пра ягоную аэнку ўчынку міліцыянта. Ударыўшы Завадзскую, ён памыліўся ці выканаў пэўны загад?

(Барадач: ) “Гэта не загад, а толькі тое, што ён у стане гэта рабіць. Будзе ў яго жонка, ён гэтак сама, як ударыў Завадзкую, будзе праз дзень лупцаваць сваю жонку. Гэта ўзровень ягонага сьветапогляду. Але, адпаведна, узровень усяго спэцаддзелу. Атрымліваецца, што гэты аддзел здольны выконваць такія задачы”.

Інфармацыя пра тое, як дакладна рыхтуюць амонаўцаў і салдат унутраных войскаў, якіх задзейнічаюць ў разгоне вулічных акцыяў, закрытая. Аднак зьвесткі пра гэта трапляюць да грамадзкасьці рознымі шляхамі. Пётар Садоўскі жыве ў Менску на вуліцы Маякоўскага насупраць часткі ўнутраных войскаў. Са свайго вакна юнак колькі разоў бачыў, як муштруюць салдат напярэдадні чарговага мітынгу апазыцыі.

(Садоўскі: ) “Бачыў, што яны строяцца ў шыхты і тры-чатыры інструктары бяруць дубіны, камяні ды пачынаюць кідаць – атаку на іх імітуюць. Настройваюць жорстка. Вось ідзе атака, дык інструктары выцягваюць гэтага шарагоўцу ды пачынаюць яго біць. Я сам бачыў, як такі шараговец ляжаў на зямлі, шчытом закрываўся, а яго ўдвох білі ды скакалі на ім. Дэманструюць, што зь ім можа здарыцца. Альбо бяруць бервяно вялікае ды кідаюць у шыхты, каму ў галаву патрапіла – дык патрапіла.”

Яшчэ адным назіраньнем Пятра Садоўскага ёсьць тое, што гэтую вайсковую частку рэгулярна наведваюць групы нейкіх юнакоў у цывільным, якіх водзяць па частцы, як на экскурсіі. “Зьмену сабе рыхтуюць”, – перакананы Пётар.

У 2000 годзе падчас суду над былым прам’ерам Міхаілам Чыгіром ягоная жонка Юлія таксама падверглася нападу міліцынта. Гэта адбылося на ганку суду. Юлію Чыгір схапіў ззаду афіцэр-міліцыянт і, абараняючыся, жанчына яго ўкусіла. Міліцыянт падаў у суд на Юлію Чыгір, і жанчыну асудзілі да ўмоўнага пакараньня, а сустрэчны пазоў Юліі Чыгір адхілілі. Міхаіл Чыгір мяркуе, што такія выпадкі ганьбяць Беларусь.

( Міхаіл Чыгір: ) “Я скажу, што ўжо нічога ў галаве не засталося, засталіся толькі мышцы. Гэта ганьба нашай нацыі, ганьба нашаму кіраўніцтву тое, што адбылося з маёй жонкай, што адбылося са Сьвятланай Завадзскай. Гэты чалавек мусіць сядзець, каб іншыя такога не рабілі. Было ж добра бачна, што яго ніхто не чапляў, ён першым ударыў. Я бачыў гэты сюжэт, як ён ударыў. Натрэніраваны ўдар нанес, як іх і навучаюць”.

Сама Сьвятлана Завадзкая усё ж не выключае, што яе ўдарылі не выпадкова, а каб узьдзейнічаць на ўсіх удзельнікаў акцыі. Сьвятлана згадвае, што людзі вакол яе называлі яе імя, таму міліцыянт ня мог не ўсьведамляць, на каго ён падымае руку.

( Завадзская: ) “Рознае раней бывала, але ніколі сваякоў не чаплялі. А тут людзі ўбачылі, што калі жонку можна ў твар ударыць, то іх могуць наўпрост затаптаць, растраляць ці яшчэ што зрабіць. Была мёртвая паўза пасьля удару”.

Сьвятлана Завадзкая паведаміла карэспандэнту Свабоды, што зьбіраецца зьвярнуцца ў беларуска-расейскую камісію, якая створаная ў складзе Савету правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі. Сьвятлана лічыць, што гэтае здарэньне дае новую магчымасьць прадэманстраваць усім, што адбываецца ў Беларусі.

Гл. таксама • С.Завадзкая патрабуе распачаць крымінальную справу супраць амонаўца, які ўдарыў яе (фота) • Супрацоўнік міліцыі ўдарыў жонку Зьмітра Завадзкага ў твар (фота)
XS
SM
MD
LG