Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 15 гадоў Чарнобыльскаму аўтамаршу з Гомеля ў Маскву


Казімір Яноўскі, Гомель Пятнаццаць гадоў таму, у ліпені 1990 году, адбыўся беспрэцэдэнтны Чарнобыльскі марш. З Гомеля ў Маскву выехалі 13 аўтобураў з пацярпелымі ад радыяцыі жыхарамі Гомельскай вобласьці. Яны адвезьлі былому прэзыдэнту СССР Міхаілу Гарбачову і ўраду Савецкага Саюзу патрабаваньні абараніць людзей рэгіёну ад згубных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Гомель і некаторыя іншыя гарады ўлетку 90-га году былі ахоплены хваляю страйкаў. На прадпрыемствах людзі патрабавалі ад уладаў поўнай інфармацыі пра наступствы чарнобыльскай бяды, дамагаліся вывазу дзяцей на аздараўленьне, падвышэньня заробкаў, льготаў за пражываньне на заражаных радыяцыяй тэрыторыях.

Задумка аўтамаршу ў Маскву з патрабаваньнямі да тагачаснага савецкага кіраўніцтва нарадзілася ў асяродку актывістаў аб`яднаньня “Гомсельмаш”. Яе падтрымалі рабочыя радыёзаводу, шэрагу іншых прадпрыемстваў, у тым ліку з Хойнікаў, Нароўлі.

Распавядае тагачасны кіраўнік гарадзкога страйкаму, ён жа і старшыня прафсаюнага камітэту “Гомсельмашу” Аляксандр Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) “На хвалі свабоды, якая стала тады адчувацца, людзі пачалі непакоіца пра свой лёс і лёс сваіх дзяцей. Было разуменьне ў людзей, што яны павінны сябе абараніць. І марш у Маскву, і страйкавы рух у Гомелі ўзьніклі якраз на адчуваньні свабоды”.

У Маскве звыш 300 гамельчукоў ня толькі зладзілі мітынг, але і дамагліся сустрэчы ў Крамлі з тагачасным прэм`ер-міністрам савецкага ўраду Мікалаем Рыжковым. Паводле яго распараджэньня ў Гомель напрыканцы ліпеня 90 году прыехала камісія, якую ачольваў намесьнік Рыжкова спадар Дагужыеў. Былі распрацаваны разнастайныя меры падтрымкі насельніцтва на заражаных тэрыторыях. А ў хуткім часе прынялі і адмысловую праграму зьмяншэньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Гаворыць былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР ад Гомеля Юрый Варонежцаў:

(Варонежцаў: ) “Маё меркаваньне: калі б гэты паход адбыўся на год раней, то і гэты дакумэнт зьявіўся раней. Гэта было здорава!”

На жаль, цяперашняе беларускае кіраўніцтва пазбавіла людзей на заражаных тэрыторыях большасьці льготаў. Дзясяткі паселішчаў аб`яўлены чыстымі ад радыяцыі. Людзі звыкліся са сваім становішчам:

(Бухвостаў: ) “Чарнобыльская зона прадастаўлена сама сабе. Чалавек зараз зацюрканы. Ён зноў патрапіў пад прэс дыктатуры. А пры дыктатурах усё нэгатыўнае замоўчваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG