Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Воршай ўпершыню ладзіцца ”Сьвята вольнай беларускай паэзіі”


Браніслава Станкевіч, Ворша Прыхільнікаў вольнага паэтычнага слова запрашаюць сабрацца каля музэю Янкі Купалы ў Ляўках. Калі першы досьвед такога сьвята будзе ўдалы, то гэтая імпрэза запачаткуе на Аршаншчыне новую незалежніцкую традыцыю, узорам якой некалі стаўся знакаміты бардаўскі фэст “Бітва пад Воршай”.

“Сьвята вольнай беларускай паэзіі” мае распачацца сёньня пасьля заходу сонца, калі госьці ды ўдзельнікі паставяць свае намёты ўздоўж дняпроўскага берагу і запаляць вогнішча. Што будзе далей, ня ведае ніхто, бо ніякае адмысловае праграмы сьвята няма, а ўсіх ахвотных прыехаць на сьвята запрашалі абвесткай у газэце “Наша ніва”.

Спадар Генадзь, чый тэлефон быў пададзены ў абвестцы, адразу папрасіў, каб арганізатарам гэтае імпрэзы яго не лічылі. Бо ідэя праводзіць вольнае паэтычнае сьвята ў Ляўках нарадзілася неяк у часе сяброўскае бяседы на фэсьце “Аршанская бітва”, і аўтары абвесткі ўсяго толькі паспрабавалі увасобіць яе ў жыцьцё. Да таго ж арганізатарамі падобных імпрэзаў звычайна цікавяцца міліцыянты, калі заўважаюць бел-чырвона-белыя сьцягі на сваёй падведамаснай тэрыторыі. Таму і вядомы бардаўскі фэст “Бітва пад Воршай” ахоўнікам парадку звычайна прэзэнтуецца як “агульнанароднае сьвята” – на яго зьбіраюцца ўсе, хто хоча, а кіраўнікоў няма ніводнага.

Такім самым чынам, каб пазьбегнуць непажаданых канфліктаў, ладзіцца і “Сьвята вольнай беларускай паэзіі”. Фармат ягонага правядзеньня спадар Генадзь таксама прапануе самы просты.

(Генадзь: ) “Вогнішча, камень, на якім можна стаяць і чытаць вершы. Я думаю, гэта будзе сьвята вольных людзей, якія, можа, не ў пашане ў нашай улады. Каб людзі маглі выступіць, пачытаць – сказаць тое, што ў іх набалела. Такое сьвята варта было б запачаткаваць тут, на Аршаншчыне.”

Конкурсаў і, адпаведна, узнагародаў для ўдзельнікаў сьвята не прадугледжана. Хіба што тыя літаратары, якія ўжо маюць свае кнігі, могуць узяць з сабою колькі паасобнікаў, каб падарыць іх маладым ды невядомым калегам, творы якіх упадабаюць.
XS
SM
MD
LG