Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа эўрапейскі парлямэнт дапамагчы беларускай дэмакратыі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 7 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і кіраўнік аналітычных праграм кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Рэзалюцыі па сытуацыі ў Беларусі на розных міжнародных форумах сталі звыклай, нават руціннай справай. Зьмест іх таксама мала адрозьніваецца. Беларускія ўлады асуджаюцца за парушэньні правоў чалавека і іх заклікаюць адмовіцца ад гэтых парушэньняў, прытрымлівацца эўрапейскіх стандартаў дэмакратыі.

Рэакцыя беларускіх уладаў на такія дакумэнты таксама не вызначаецца вялікай разнастайнасьцю. У найлепшым выпадку прэс-сакратар МЗС альбо тэлевізійны камэнтатар скажуць пра нібыта падвойныя стандарты і крывадушнасьць заходніх палітыкаў. У горшым выпадку — проста не заўважаць. Чым сёньняшняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі адрозьніваецца ад папярэдніх аналягічных дакумэнтаў? Ці ёсьць там нешта новае?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Па-першае, хачу зьвярнуць увагу на назву гэтай рэзалюцыі: “Аб палітычнай сытуацыі ў Беларусі і незалежнасьці мэдыяў”. То бок Эўрапарлямэнт акцэнтуе ўвагу на праблеме незалежнасьці мэдыяў у Беларусі. Важна тое, што эўрапейскія дэпутаты пачынаюць разумець, наколькі гэта важныя чыньнікі: вольная прэса, доступ насельніцтва Беларусі да інфармацыі. Таксама важна тое, што ў рэзалюцыі пералічаныя канкрэтныя праекты, прапануецца стварыць, напрыклад, адмысловы фонд дзеля навучаньня журналістаў, дзеля падтрымкі рэпрэсаваных, звольненых, аштрафаваных журналістаў. Гэта канкрэтная дапамога. Іншая справа, наколькі гэта будзе рэалізавана. Яшчэ адзін новы чыньнік — разьвіцьцё Інтэрнэту.

Шэраг новых момантаў рэзалюцыі зьвязаны з новай хваляй рэпрэсіяў у Беларусі. Рэзалюцыя асуджае ціск на Саюз палякаў Беларусі, выключэньне студэнтаў і навучэнцаў з установаў адукацыі, прысуды Статкевічу і Севярынцу. Гэта канстатацыя таго, што сытуацыя ў краіне становіцца ўсё больш жорсткай”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Канечне, у гэтай рэзалюцыі адрозьненьняў ад папярэдніх дакумэнтаў па Беларусі няшмат. Тут пералічваюцца падзеі, якія адбыліся пасьля таго, як была прынятая папярэдняя рэзалюцыя ў сакавіку. Тая рэзалюцыя тычылася палітычных зьняволеных у Беларусі. Зьмест яе быў значна шырэйшы, там пералічаныя амаль усе хібы ў палітыцы беларускага рэжыму.

Я згодзен з ацэнкай гэтага дакумэнту Класкоўскім — за выключэньнем невялікай дэталі. Я ня думаю, што дэпутаты Эўрапарлямэнту толькі цяпер пачалі разумець сэнс інфармацыйнай сытуацыі ў Беларусі. Яны гэта разумелі даўно. І даўно яны заклікаюць да гэтага. Магчыма, праблема ў тым, што выканаўчая ўлада Эўразьвязу ня вельмі прыслухоўвалася да парадаў дэпутатаў”.

(Карбалевіч: ) “У дэмакратычнай грамадзкасьці Беларусі былі вялікія спадзяваньні, што Эўразьвяз нарэшце пяройдзе ад дэклярацыяў да дзеяньняў. Зьявіліся цікавыя праекты, якія лабіявалі найперш польскія прадстаўнікі. Ці спраўджваюцца гэтыя надзеі? Камісар Эўразьвязу па замежнай палітыцы спадарыня Фэрэра-Вальднэр адзначыла, выступаючы ў Эўрапарлямэнце, што падтрыманы цэлы шэраг беларускіх праектаў, у тым ліку па праграме ТАСІS. У прыватнасьці, прадугледжваецца перанавучаньне беларускіх журналістаў і іншае. Як бы вы ацанілі эфэктыўнасьць гэтых праектаў з гледзішча задачы дэмакратызацыі Беларусі?”

(Класкоўскі: ) “Найперш, адзначу, што спадарыня Фэрэра-Вальднэр пералічыла ўжо традыцыйныя праекты. Тут нічога новага няма. Тут ёсьць праекты, якія робяцца ў межах праграмы ТАСІS і тычацца нэўтральных у палітычным сэнсе пытаньняў, накшталт дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Яны так ці інакш будуць рэалізоўвацца. Але тут трэба зрабіць рэмарку, што і чарнобыльскае пытаньне нашае кіраўніцтва схільнае палітызаваць. Таму і тут могуць быць праблемы.

Потым камісар Эўразьвязу пералічвала праекты ў рамках праграмы Эўрапейскай ініцыятывы падтрымкі дэмакратыі і правоў чалавека, а таксама праз так званы мэханізм дэцэнтралізаванага супрацоўніцтва. Але маштабы гэтых праектаў невялікія. Да таго ж беларускія ўлады ўсё больш закручваюць вэнтыль дапамогі з-за мяжы. Рэгулярна зьяўляюцца ўсё новыя прэзыдэнцкія ўказы, дэкрэты, якія паралізуюць многія праекты. І гэты працэс нарастае. А Эўразьвяз працуе ў асноўным празь легальныя каналы”.

(Фёдараў: ) “Калі разглядаць гэтыя праекты з гледзішча дасягненьня канчатковай мэты, то цяжка прызнаць іх вельмі эфэктыўнымі. Хацеў бы паразважаць на тэму, чаму заклікі дэпутатаў аб больш актыўнай практычнай дапамозе беларускай дэмакратыі пакуль што не знаходзяць адпаведнага водгуку з боку выканаўчых органаў Эўразьвязу. Тут могуць быць дзьве прычыны.

Найперш, Эўразьвяз — вельмі забюракратызаваная структура. І цяжка ўнесьці зьмены ва ўжо збалянсаваныя фінансавыя дакумэнты. Па-другое, я не выключаю ўплыву расейскага чыньніка. Масква адмоўна ставіцца да ўмяшаньня ў справы Беларусі з боку Захаду. Усе ведаюць пра добрыя дачыненьні кіраўніцтва Расеі з кіраўніцтвам найбольш буйных дзяржаваў Эўразьвязу Нямеччыны і Францыі. І вышэйшыя чыноўнікі ў Брусэлі, так бы мовіць, трымаюць нос па ветры і ня вельмі актыўнічаюць у гэтым кірунку”.

(Карбалевіч: ) “Галоўным праектам падтрымкі беларускай дэмакратыі стаў праект тэле- і радыёвяшчаньня на Беларусь з тэрыторыі суседніх краінаў. Але, гледзячы па ўсім, шанцы на ягоную рэалізацыю зь цягам часу зьмяншаюцца. Спадарыня Фэрэра-Вальднэр адзначыла, што і на радыёвяшчаньне ў Эўразьвязу няма грошай. Ці могуць у гэтай сытуацыі дэпутаты Эўразьвязу нешта зьмяніць? Якія пэрспэктывы гэтага праекту?”

(Класкоўскі: ) “Я даволі ўважліва прагледзеў выступ спадарыні Фэрэра-Вальднэр. І яе дакладная фраза ў дачыненьні да гэтага праекту гучыць прыкладна так: ня вырашаная праблема фінансаваньня ў адпаведнасьці з правіламі Эўракамісіі. Я зьвярнуў бы ўвагу на другую частку фразы. Зь яе можна зразумець, што праблема не ў ашчаднасьці Эўракамісіі, а ў тым, што яна занадта трымаецца, ці скажам наўпрост, зацыклілася на нейкіх фармальных прынцыпах сваёй дзейнасьці, паліткарэктнасьці, якія не дазваляюць умешвацца ва ўнутраныя справы іншых краінаў. Адзін з прынцыпаў дзейнасьці Эўразьвязу палягае ў неабходнасьці падтрымліваць гарманічныя стасункі і з грамадзянскай супольнасьцю, і з урадам той ці іншай краіны.

Іншая справа, што эўрапейскія чыноўнікі знайшлі такую падставу. Магчыма, ім зручней знайсьці нейкі параграф свайго статуту і сказаць, маўляў, прабачце, мы ўсёй душой, але правілы не дазваляюць. Калі ўжо разважаць на гэтую тэму, то мне згадваецца такі побытавы грубаваты выраз: нельга быць трошкі цяжарнай. З аднаго боку, аб’яднаная Эўропа гнеўна кляйміць беларускі рэжым, заклікае да зьменаў. А зь іншага боку, незразумелая палітычная цнатлівасьць, спасылкі на нейкі параграф.

Шэраг дэпутатаў, найперш польскіх, прапаноўваў некалькі варыянтаў падтрымкі Беларусі: стварэньне Фонду эўрапейскай дэмакратыі, іншых адмысловых фондаў. Карацей, прапаноўваўся веер больш гнуткіх варыянтаў, каб працаваць легальна і, разам з тым, абысьці гэтыя ўнутраныя бар’еры Эўразьвязу. Можна знайсьці абыходныя мэханізмы. Але брусэльская бюракратыя ня надта схільная на гэта рэагаваць. Таму, калі рэзюмаваць, праблема вяшчаньня на Беларусь пакуль вісіць у паветры. Вялікае пытаньне, у якім маштабе і якой форме яно будзе рэалізаванае. Калі згаданы праект будзе рэалізаваны ў любой форме, то гэта будзе глыток інфармацыйнага кіслароду ў душнай беларускай атмасфэры”.

(Фёдараў: ) “Думаю, раней ці пазьней, гэта будзе рэалізавана. Эўрапейскія дэпутаты маюць пэўныя правы. Хоць згаданая рэзалюцыя мае дарадчы характар. Але калі яны ўбачаць, што яна не спрацоўвае, выканаўчыя ўлады Эўразьвязу да іх не прыслухоўваюцца, то ў іх знойдуцца вагары, каб націснуць і прымусіць рэалізаваць хаця б частку сваіх прапановаў. Мы бачым, што эўрапейскія дэпутаты не забываюцца пра Беларусь. Амаль на кожнай сэсіі Эўрапарлямэнту ўздымаецца гэтае пытаньне. І хоць гэтыя рэзалюцыі не даюць вялікага плёну, кропля камень точыць”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўнай праблемай Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі зьяўляецца пытаньне: ці гатовая аб’яднаная Эўропа стаць сур’ёзным гульцом у рэгіёне Ўсходняй Эўропы? Галоўным крытэрам сур’ёзнасьці намеру зьяўляецца гатоўнасьць задзейнічаць рэсурсы, выдаткоўваць фінансы. Як гэта робіць, напрыклад, Расея. Пакуль што адказ на гэтае пытаньне адмоўны”.
XS
SM
MD
LG