Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Алесь Пашкевіч


Алесь Пашкевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае нататкі мінулага тыдня прадстаўляе пісьменьнік Алесь Пашкевіч.

Удзячны лёсу, што даводзіцца весьці гаворку пра першы ліпеньскі тыдзень — тыдзень сымбалічны і ў сучаснай гісторыі Беларусі, і ў яе грамадзкім жыцьці, і ў жыцьці маім. Пра што і мусяць засьведчыць гэтыя нататкі.

Уладнае сьвяткаваньне Дня Рэспублікі і ейнай незалежнасьці, распрапагандаваныя дзяржаўнай тэлевізіяй і паўмільённымі накладамі афіцыйных газэтаў зацьмілі і прыхавалі ўсе тыднёвыя падзеі. Пачалося зь нечаканай “незалежнай” фанфарнай рэабілітацыі імені Сталіна, пасьля чаго, здавалася, неўразумела скалануліся “курапацкія” магілы ягоных ахвяраў. А ўсім жывым было прапанавана пакланіцца стальной сіле. “Сталину, Европа, поклонись” — кнігу з такой назвай прэзэнтавалі ў дзень вызваленьня беларускай сталіцы ад гітлераўскага нацызму. І сабраліся абараняцца — ад усяго сьвету.

Пад Менскам зьявіўся мэмарыяльны комплекс “лінія Сталіна”, які будзе велічна сымбалізаваць мужнасьць і гераізм нашых суайчыньнікаў. Хоць яшчэ пры жыцьці дыктатара тая лінія была зарэзэрвавана — і перанесена, па ўзгадненьні з Гітлерам, на мяжу Беластоцкай лініі падзеленай Польшчы. А праз шэсьць дзён, пачынаючы ад 22 чэрвеня, нацысты былі пад Масквой…

* * *

3 ліпеня перайменаваныя плошчы (ледзь-ледзь пасьпелі памяняць шыльды) напоўнілі дзясяткі тысяч суайчыньнікаў — чыньнікаў усенароднага відовішча. Зайздросьціў апантанасьці і аптымізму пераможцаў спартовых лыжаролерных і вэлясыпэдных забегаў, хоць на дыскатэцы каля Палацу спорту ў іхных вачах ня бачыў адметнай радасьці. Ня кажучы пра спакой і ўпэўненасьць. Яны напоўніцу выявіліся вечарам, на Кастрычніцкай плошчы.

Грандыёзны канцэрт пачаўся беларускім словам і некалькімі беларускімі песьнямі. Іхны зьмест шакаваў, зьдзівіў. Што мелі на ўвазе дзяржаўныя сцэнарысты, выпускаючы на сцэну першым аксакала “Сяброў” Анатоля Ярмоленку зь неадназначнай песьняй:

Гэта час такі, Гэта лёс такі: На чужыне застаюцца землякі…

Непадцэнзурная канстатацыя факту? Намёк?

Аднак аптымізм перамагаў, пра што ўсьлед засьведчыла сьпявачка Алешка:

Гой, гой, гора за гарой. Гары яно гарам, Гора зь лебядой…

На жаль, няма ў каго атрымаць адказ: якое ў такі ўрачыста-пераможны вечар падцікоўвала нас гора — і за якой гарой?

* * *

“Го-ра зь лебядой”, — выстуквалі па рэйках колы цягніка, калі ехаў у Маскву па частку накладу першых трох кніг Поўнага збору твораў Васіля Быкава. Іх сымбалічнае зьяўленьне менавіта ў гэтыя дні — яшчэ адна беларуская перамога.

У гісторыі сучаснага нацыянальнага руху ў гэтыя дні ўмацавалася яшчэ адна “лінія” — “ЛІНІЯ БЫКАВА”. І першыя тры тамы поўнага быкаўскага кнігазбору — гэта першыя нашыя рэдуты. Іх умацаваньне адбывалася няпроста і паказальна. Калькі першых трох тамоў я перадаў у Маскву (наклад друкаваўся ў Расеі) цягніком. Правадніца, пачуўшы, што ў пакунку макеты кніг Быкава, пагадзілася перавезьці іх безь хістаньняў. Падалося, нават з гонарам…

Тым жа вечарам з чужога мабільнага (аднак са свайго аўто) патэлефанаваў друкарам: сустракайце такі цягнік, такі вагон. А ранкам тыя макеты і тых людзей на маскоўскім пэроне перастрэлі чатыры стрыжаныя мужчыны, што прадставіліся супрацоўнікамі службы бясьпекі Беларускага вакзалу. І гадзіну вялі допыт, аднак быкаўскіх раздруковак не канфіскавалі. За што ім шчырая ўдзячнасьць…

“Го-ра зь лебядой” — перапынялі роздум жалезныя колы, і ў бессані дапісваўся верш “Лебяда”:

Адцьвілі васількі на пожні — лебяда ля хат, у краіне, дзе кожны ці вораг, ці раб.

І ні радасьці, і ні хлеба, ні вады жывой, паміраем пад сонным небам на зямлі зь лебядой,

дзе і пан, і прарок найпершы — збродны зяць. Загадаць можа й вершы не пісаць…

А яны ў нас і так бяз рыфмаў, — нібы сэрцы бяз пульсу-біцьця, нібы сьцежкі марскія бяз рыфаў, быццам сьмерць — без жыцьця.

…У той панядзелак, калі дзевяць тысяч кніг Быкава везьлі ў Маскву зь няблізкага Екацярынбургу, у мэгаполісе панавала сьпёка. Калі я ўбачыў магутную сьцяну з тых кніг — абарвалася цяжкае неба, і на Маскву хлынула моцная залева. Чорны “Форд-Фокус” Міжнароднага літфонду з важкімі пакункамі, якіх чакалі ў Менску, ледзь плыў па шырокіх вулках — як містычны човен, перапраўляючы быкаўскае слова з высокай вечнасьці ў нашыя дні… На нашую лінію абароны…

* * *

Аўторак і серада былі цалкам прысьвечаны мітусьні-падрыхтоўцы прэзэнтацыі тых першых трох тамоў твораў Быкава — у Доме літаратара, у ягонай вялікай залі. Нешараговая падзея мусіла ў перадкупальскі вечар аб’яднаць у гэтай агульнай перамозе і малодшых, і старэйшых, і “правых”, і “левых”. Зрэшты, так хацелася — хоць і наіўна.

Заля была запоўнена цалкам, чытачоў Быкава анішто не разьяднае. Пра агульнае прамаўлялі і выступоўцы: і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, і акадэмік Радзім Гарэцкі, і былы сьпікер Мечыслаў Грыб, і лідэр АГП (і адзін з прататыпаў быкаўскай “Інтэграцыі”) Анатоль Лябедзька, і лідэр сацыял-дэмакратаў, кіраўнік праекту выданьня Поўнага збору твораў Васіля Быкава Аляксандар Казулін (які на згаданай прэзэнтацыі ўпершыню прамовіў па-беларуску), і Надзвычайныя і Паўнамоцныя Паслы Ізраілю і ЗША (апошні, спадар Джордж Крол, наведаў вечарыну, не зважаючы на вялікую занятасьць у той дзень — адразу пасьля адкрыцьця на тэрыторыі сваёй амбасады помніка беларусу Касьцюшку).

А двое з запрошаных вядомых беларускіх палітыкаў не знайшлі часу і ахвоты выступіць і папрысутнічаць (адзін зь іх, думаецца, дэманстратыўна пакінуў залю). Як не знайшлі ахвоты і часу наведаць у той купальскі адвячорак Дом літаратара запрошаныя супрацоўнікі Адміністрацыі ды міністэрстваў культуры, адукацыі, інфармацыі. А кіраўнік Канстытуцыйнага суду, з нагоды падвозячы свайго даўняга знаёмага пісьменьніка, ляўрэата прэміі “За духоўнае адраджэньне Беларусі”, сакратара праўленьня Міжнароднай супольнасьці пісьменьніцкіх саюзаў Міхаіла Расолава не набраўся мужнасьці нават пад’ехаць да Дому літаратара — высадзіў госьця на Плошчы перамогі…

Ня знойдзем мы на старонках паўмільённых дзяржаўных газэт і тэксты зваротаў да беларускай грамадзкасьці і кіраўніка выканкаму Міжнароднай супольнасьці пісьменьніцкіх саюзаў, Героя Сацыялістычнай працы Сяргея Міхалкова, і старшыні Нацыянальнага саюзу пісьменьнікаў Украіны, народнага дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімера Яварыўскага, якія былі агучаны ў той вечар.

“З пачуцьцём аграмаднай радасьці я даведаўся пра тое, што пабачылі сьвет першыя тры тамы са Збору твораў найвыдатнейшага пісьменьніка, грамадзкага дзеяча, палымянага патрыёта Беларусі Васіля Быкава… Высокі аўтарытэт Васіля Быкава як грамадзяніна і выдатныя мастацкія дасягненьні ягоных твораў ставяць яго ў шэраг найлепшых пісьменьнікаў дваццатага стагодзьдзя”, — гэта словы 93-гадовага расейскага пісьменьніка.

А вось — словы звароту нашых украінскіх калегаў: “Доля народу залежыць ад яго жаданьня жыць вольна. Толькі пад небам, незахмараным рэжымам, уціскамі, супольства можа разьвівацца, а мастак слова можа раскрыць свой талент. Пісьменьнікі Ўкраіны з трывогаю назіраюць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі. Нашыя творчыя душы кранаюць зьвесткі пра цэнзуру, забарону выказваньня сваёй думкі, пра задушлівую атмасфэру гэтага беспрабудна шэрага пэрыяду гісторыі беларускай дзяржавы. Але важна ўсьвядоміць — агонь слова ня згас, беларуская літаратура нават у таталітарных цісках не памерла, яна жыве й змагаецца, набліжаючы непазьбежны дзень перамогі над злом. Выказваючы падтрымку творчым сілам краіны, працягваючы руку салідарнасьці пісьменьніцкай грамадзе Беларусі, мы верым, што імкненьне народу жыць вольна зьдзейсьніцца…”

* * *

Усё мінае, а Кніга застаецца. Нават калі імёны ейных першадрукароў і аўтараў зьнікаюць з шыльдаў нашых праспэктаў ці не зьяўляюцца там. “Усё мінецца, а праўда застанецца”, — такімі словамі ў 1960-я гады падтрымаў Васіля Быкава ягоны старэйшы сябар Аляксандар Твардоўскі. “За імі — перамога, а з намі — ісьціна…” “Бывае, праўда памірае, але ісьціна – застаецца!” — удакладніў тыя словы неаптымістычны Быкаў у апошнія месяцы свайго жыцьця.

У гэты турботны тыдзень я наймацней адчуў, што наша ісьціна павінна перамагаць. Перамагаць ужо сёньня. Выданьне з дапамогай нацыянальнай грамадзянскай ініцыятывы першага ў гісторыі Поўнага збору твораў Васіля Быкава — гэта яшчэ адзін велічны пераможны помнік ісьціне, годнасьці і свабодзе.

Помнік пакутнай і сьвятой Беларусі.

Помнік, які ўзводзіўся ў сьвятой надзеі, што момант перамогі нашай ісьціны — непазьбежны.

…У гэты тыдзень мне яшчэ раз стала зразумела, што для шчасьця чалавеку трэба няшмат: спрычыніцца да выданьня кніг найлепшага нацыянальнага творцы, а яшчэ адзначыць дзень нараджэньня сваёй дачкі. І каб усё гэта ядналі купальскія дні. Хай сабе і не ў пэрыяд найвышэйшага сонцастаяньня, а ў наканаваны праваслаўем час. Застаецца самае звычайнае — адшукаць Папараць-Кветку. І ня здрадзіць ейнаму сьвятлу…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG