Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа быць пазбаўленай прывілеяў на гандаль з Эўразьвязам


Алена Струвэ, Менск “Брусэль засяроджвае сваю ўвагу на пытаньні далейшага гандлю зь Беларусьсю”, — пад такім загалоўкам зьмешчаны артыкул у брусэльскім выданьні “EUobserver”. Паведамляецца, што Эўракамісія распачала працэс выдаленьня Беларусі з агульнай сыстэмы эўрапейскіх гандлёвых прэфэрэнцыяў (GSM) і што ў гэтай сувязі прызначанае расьсьледаваньне што да адпаведнасьці Беларусі асноўным патрабаваньням і стандартам Міжнароднай арганізацыяй працы (MАП).

Як вынікае са словаў эўрапейскага камісара ў справе зьнешніх стасункаў Бэніты Фэрэра-Вальднэр, у Беларусі сур’ёзна і сыстэматычна парушаюцца правы працоўных, а таму вельмі верагодна, што ў выніку расьсьледаваньняў гэтая ўсходнеэўрапейская краіна выйдзе з Агульнай сыстэмы прэфэрэнцыяў.

Пытаньне можа быць вырашанае цягам шасьці-васьмі месяцаў, піша “EUobserver”. Іншымі словамі, перад беларускім кіраўніцтвам пастаўлены ўльтыматум — альбо сытуацыя з правамі працоўных у Беларусі кардынальна выпраўляецца, альбо Беларусь пацерпіць істотныя страты ў гандлі з Эўразьвязам. У гэтым зьвязку выданьне прыводзіць рэакцыю афіцыйнага Менску — пасланьнік Беларусі ў Брусэлі Ўладзімер Серпікаў кажа: “Урад Беларусі мае намер супрацоўнічаць з ЭЗ, каб знайсьці выйсьце з гэтае сытуацыі. Аднак усё гэта запатрабуе вялікіх намаганьняў з абодвух бакоў”.

Паводле афіцыйных зьвестак, леташні экспарт Беларусі ў краіны Эўразьвязу склаў болей за 2,7 мільярда эўра. Прыкладна такія ж паказчыкі датычацца і беларускага імпарту.

Сёлета, пасьля пашырэньня Эўропы на ўсход, доля краінаў Эўразьвязу беларускім экспарце павялічылася з 30 да 47%. У той час, як доля Расеі зьнізілася да 34%.

“Безумоўна, з пазбаўленьнем краіны адпаведных гандлёвых прывілеяў, у пэўных буйных беларускіх прадпрыемстваў зьявяцца праблемы”, — перакананы эканамічны экспэрт Леанід Заіка, камэнтуючы публікацыю ў “EUobserver”.

(Заіка: ) “Дрэнна можа быць асобным прадпрыемствам — хімічным, тэкстыльным, якія могуць быць пазбаўленыя пэўных прывілеяў у гандлі. Але ж… Галоўная ўдарная сіла для беларускага экспарту — гэта нафтапрадукты. Магчымая замена рынку, магчымы гандаль праз трэція краіны, як гэта некалі рабіў Савецкі Саюз. Таму ніякія захады не прывядуць да нейкага істотнага выніку”.

Паводле спадара Заікі, санкцыі Эўразьвязу ня будуць адчувальнымі для беларускай эканомікі. Дарэчы, і літоўцы, і палякі добра разумеюць гэта, як і тое, што адсутнасьць прэфэрэнцыяў з боку Эўразьвязу не прывядзе Менск да дэмакратычных пераўтварэньняў, лічыць беларускі экспэрт.

На пазыцыі Літвы і Польшчы спыняецца і “EUobserver”. Выданьне піша, што гэта адзіныя з 25 краінаў-сябраў Эўразьвязу, якія па-ранейшаму настойваюць на больш памяркоўных падыходах Брусэлю ў беларускім пытаньні.

Нагадаем, што дагэтуль прэфэрэнцыяў у гандлі з краінамі Эўразьвязу была пазбаўленая толькі адна краіна — Бірма. Падставай для гэтага стала выкарыстаньне там прымусовай дзіцячай працы. Як мяркуюць назіральнікі, ініцыятыву Эўракамісіі ў дачыненьні да Беларусі ў любым выпадку трэба разглядаць як чарговы ўдар па іміджы дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG