Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская міліцыя аштрафавала амэрыканскіх школьнікаў


Валер Каліноўскі, Менск Група дарослых і дзяцей, грамадзянаў Злучаных Штатаў Амэрыкі, была ўчора прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасьці ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўпцоўскага раёну. Іх аштрафавалі за парушэньне правілаў рэгістрацыі. Пакараная таксама асоба, якая запрасіла амэрыканцаў на адпачынак у Беларусь.

Больш за дваццаць амэрыканскіх грамадзянаў, у тым ліку школьнікаў, законна перасяклі беларускую мяжу з турыстычнымі візамі 2 ліпеня. Як паведаміў дырэктар Мікалаеўшчынскай турыстычнай базы Стаўпцоўскага раёну Віктар Агароднік, сярод іх былі пераважна дзеці 12—14 гадоў. Яны прыбылі на турбазу ў мінулы панядзелак пасьля абеду. У чацьвер скончыўся трохдзённы тэрмін іх абавязковай рэгістрацыі як замежных грамадзянаў, пра якую яны ня ведалі. Звычайна ў беларускаіх гатэлях рэгістрацыя адбываецца аўтаматычна. Міліцыя ў той жа дзень выявіла парушэньне і прыцягнула іх да адміністрацыйнай адказнасьці. Былі складзеныя пратаколы, і амэрыканцаў аштрафавалі. Пра гэтае парушэньне было паведамлена і ў абласную управу КДБ.

Дырэктар турбазы Віктар Агароднік лічыць, што пра рэгістрацыю замежных турыстаў у міліцыі павінны былі паклапаціцца арганізатары іх адпачынку, фізычныя асобы зь Менску, якія куплялі пуцёўкі.

(Агароднік: ) “Яны выкупілі пуцёўкі, у нас жа пуцёўкі выхаднога дня людзі купляюць, і мы ня ведаем, хто там і што ў прынцыпе. Ды і якая нам розьніца”.

Паводле спадара Агародніка, амэрыканскія школьнікі ў пятніцу па абедзе пакінулі турбазу.

Кіраўнік Менскай абласной пашпартна-візавай службы Аляксандар Зелянкевіч пацьвердзіў, што грамадзяне ЗША ўчора былі пакараныя ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўпцоўскага раёну:

(Зелянкевіч: ) “Іх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за нясвоечасовую рэгістрацыю на тэрыторыі рэспублікі. Яны законна ўехалі, але не зарэгістраваліся. І ў тым ліку прыцягнуты да адказнасьці грамадзянін, які іх запрашаў, за тое, што не забясьпечыў выкананьне рэжыму іх знаходжаньня... Іх ніхто не затрымліваў, складзены пратакол, і яны далей адпачываюць”.

Паводле рэдактара газэты “Туризм и отдых” Сяргея Плыткевіча, працэдура рэгістрацыі іншаземцаў, якая мала ў якіх краінах засталася, не спрыяе станоўчаму іміджу Беларусі:

(Плыткевіч: ) “Любы турыст, які прыяжджае ў іншую краіну, лічыць сябе госьцем і мяркуе, што да яго будуць ставіцца як да госьця. І тыя праблемы, якія тут існуюць, яго не павінны датычыць. А вось з арганізатарамі іх прыезду — іншая справа. Безумоўна, для дзяцей гэта псыхічная траўма. Калі мы заяўляем, што мы за разьвіцьцё ўязнога турызму, то павінны быць і нейкія дзеяньні. А калі такія здарэньні атрымліваюцца, то зразумела, што пасьля іх да нас мала хто паедзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG