Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пахаджане” Васіля Быкава выдадзеныя ў Кіеве па-ўкраінску


Валянціна Аксак, Менск Днямі на паліцах кнігарняў Украіны зьявілася кніга Васіля Быкава “Ходільці”. Пераклад вядомай быкаўскай кнігі “Пахаджане”, якая па-беларуску ўпершыню выйшла ў выдавецтве “Наша Ніва” ў 1999 годзе, зрабіў папулярны ўкраінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец, а выдала яе кіеўскае выдавецтва “Факт”. У весну 2003 году ў Кіеве выйшла кніга быкаўскай публіцыстыкі "Крыжовы шлях", якую Васіль Уладзімеравіч пасьпеў патрымаць у руках. "Пахаджане" -- гэта першая кніга па-ўкраінску пасьля сьмерці Васіля Быкава.

Васіля Быкава замежныя дальледчыкі ягонай творчасьці называлі апошнім рэалістычным пісьменьнікам Эўропы. І тое, што менавіта Аляксандар Ірванец, які вядомы як аўтар іранічнае прозы і паэзіі, захапіўся ідэяй перакласьці на ўкраінскую апавяданьні і прыпавесьці самага знанага беларускага рэаліста, выклікала некаторае зьдзіўленьне. Ці не знайшоў украінскі пісьменьнік-постмадэрніст у творах Быкава апошніх гадоў тое, чаго не заўважылі на радзіме — насьмешлівага стаўленьня аўтара да беларускае сучаснасьці за зьнешнім пэсымізмам прыпавесьцяў?

(Ірванец: ) “Прыпавесьці, у якіх столькі іроніі, столькі гумару, невялікія памерам — гэта і было галоўным, мабыць, вырашальным фактарам таго, што я ўзяўся за гэтую працу”.

Творы Васіля Быкава былі папулярныя ва Ўкраіне з часу першае публікацыі ў часопісе “Дніпро” яшчэ напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Былі перакладзеныя ўсе вядомыя ягоныя ваенныя аповесьці і раманы. Асобнымі кнігамі па-ўкраінску, пачынаючы ад “Трэцяй ракеты” ў 1964 годзе і заканчваючы “Мёртвым не баліць” у 1990-м, у Кіеве выйшлі сем быкаўскіх аднатомнікаў. На думку перакладчыка, кнігу "Пахаджане" будуць чытаць найперш маладыя, тыя, якія цікавяцца ня толькі сучаснай беларускай літаратурай, але і тымі грамадзкімі працэсамі, якія адбываюцца цяпер у суседняй краіне.

(Ірванец: ) “Гэтая кніжка прызначаная перадусім для маладзейшых чытачоў, для людзей, якія цікавяцца беларускаю тэматыкай, літаратурай наагул”.

Сам Аляксандр Ірванец чытае ўсе навінкі беларускае літаратуры, ладзіць сустрэчы беларускіх літаратараў з украінскаю публікай і творча адгукаецца на беларускую палітычную злабадзённасьць.

(Ірванец: ) “Рэвалюцыя вынікае неспадзеўна так у жыцьці, і суседзкі дыктатар ікае у нядобрым перадчуцьці”.
XS
SM
MD
LG