Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец ужо сёньня можа аднавіць галадоўку


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта нашаму радыё 8 ліпеня паведаміў адвакат Міхаіл Хоміч. Сяргей Скрабец па-ранейшаму патрабуе зьмяненьня меры стрыманьня на падпіску пра нявыезд альбо хатні арышт. Пра гэта былы дэпутат заявіў і сьледчаму ў асабліва важных справах Пракуратуры Беларусі Вячаславу Цераховічу, які 7 ліпеня наведаў Берасьцейскі сьледчы ізалятар.

Адвакат Міхаіл Хоміч паведаміў: яму стала вядома, што Сяргей Скрабец рыхтуецца ўзнавіць галадоўку:

(Хоміч: ) “Зь сёняшняга дня ён зноў пойдзе шляхам галаданьня...”

Аднак пацьвердзіць факт аднаўленьня галадоўкі адвакат ня можа, паколькі апошні раз бачыў арыштаванага ў чацьвер, 7 ліпеня.

Таксама Міхаіл Хоміч сказаў, што Сяргей Скрабец падчас допыту, які праводзіў сьледчы Вячаслаў Цераховіч, катэгарычна адмовіўся даваць любыя паказаньні. Экс-парлямэнтар па-ранейшаму лічыць сваю справу выключна палітычнай:

(Хоміч: ) “Сказаў, што, калі ня будзе зьменена мера стрыманьня, дык ён будзе аднаўляць галадоўку. Ніякіх паказаньняў даваць ня будзе”.

Сяргей Скрабец ужо двойчы афіцыйна зьвяртаўся ў праваахоўныя органы з патрабаваньнем зьмяніць меру стрыманьня. Аднак спачатку пракуратура Берасьцейскай вобласьці (у чэрвені), а затым і суд Цэнтральнага раёну Менску (у ліпені) адмовіліся вызваліць яго пад падпіску пра нявыезд. Таму былы кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня працягвае заставацца пад арыштам ў Берасьці, дзе ён правёў 40-дзённую галадоўку пратэсту.

Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра пасьля размовы са сьледчым Цераховічам паведаміла, што бліжэйшым часам пераводзіць яе мужа ў Менск не зьбіраюцца:

(Скрабец: ) “Ён сказаў, што на гэтым тыдні і на наступным Сяргея, мабыць, зь Берасьця не забяруць. Матывацыя такая — сьледзтву патрэбна займацца і першай часткай, і другой. І таму сьледзтва выбірае той варыянт, які найбольш зручны для яго”.

8 ліпеня малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар атрымаў ліст з-за кратаў. Аляксандар вельмі занепакоены здароўем брата:

(Скрабец: ) “Ён піша, што пасьля 40 дзён галадоўкі яшчэ тры дні галадаваў на сухую, нават без вады. Я ведаю, што яшчэ можна казаць пра нейкую карысьць для здароўя пасьля двух тыдняў лекавага галадаваньня, дык пра 40 дзён такога сказаць нельга. А па-другое, пра што наагул казаць, калі чалавек галадуе на сухую. Гэта проста шкода здароўю”.

У гэтым лісьце Сяргей Скрабец распавядае таксама пра суседзяў, зь якімі знаходзіцца ў адной камэры. Сярод іх, дарэчы, адзін віетнамец, а таксама падпалкоўнік-дэсантнік, капітан-праваахоўнік і старшы лейтэнант-памежнік.
XS
SM
MD
LG