Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як вы ставіцеся да вяртаньня імені Сталіна ў грамадзкае жыцьцё Беларусі?


Міхал Стэльмак, Капыльскі раён Гэтае пытаньне жыхарам Капыльскага раёну задаваў наш карэспандэнт.

(Спадарыня Валянціна: ) “Мы з гісторыі сапраўды мала ведаем, якім быў Сталін. А калі ўсё гэта будзе на тэлебачаньні, у газэтах, то для нас, нашых дзяцей, можа, гэта і трэба”.

(Спадар Аляксей: ) “Навошта нам мінулае? У нас сёньня зусім іншыя рэальныя працэсы”.

(Спадарыня Марыя: ) “Я нават і ня ведаю. Сталін ёсьць Сталін. У мяне на яго няма крыўды”.

(Спадар Мікалай: ) “Гаварыць пра яго трэба. Хай яна кепская, але каб была праўда”.

(Спадар Васіль: ) “Мне здаецца, што яго час мінуў. Пра яго дастаткова пагаварылі. Казалі і добра, і кепска — усяляк было. Удзельнікі вайны, дык тыя наагул паміралі за яго”.

(Спадар Пятро: ) “Мы, калі ішлі паміраць, то крычалі “За Радзіму! За Сталіна!”

(Спадар Іван: ) “Кепска стаўлюся”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Спадар Іван: ) “Шмат было рэпрэсіяў, усяго такога нядобрага. Нават у Капылі шмат люду зьнікла. Прыедуць уначы, забяруць і — прапаў чалавек. Пасьля вайны толькі некаторыя вярнуліся”.

(Карэспандэнт: ) “Ці патрэбная рэабілітацыя Сталіна?”

(Спадар Леанід: ) “Я крыху памятаю, але мала. Кажуць, кепскі быў”.

(Спадарыня Ганна: ) “Як былі мы дзецьмі, то прывыклі да Сталіна. Казалі “Сталін-бацька”. Але потым і маці выслалі ні за што, і бацьку”.

(Спадарыня Зінаіда: ) “Высылалі з калгасаў тых, хто нешта скрадзе. Як толькі што, дык на заметку. “Чорны воран” уначы — і няма чалавека. І было гэта”.

(Спадарыня Данута: ) “Мой дзяцька рабіў дырэктарам саўгасу. Тры снапы саломы, зжатай сярпамі, узяў. Атрымаў тры гады турмы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці хацелі б вы такога кіраўніка, як Сталін?”

(Спадарыня Ірына: ) “Не, відаць”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Спадарыня Ірына: ) “Калі ўзяць гісторыю, то ён быў жорсткі чалавек”.

(Спадарыня Вера: ) “Я пры Сталіну не жыла, а Лукашэнка хай будзе”.

(Спадар Віктар: ) “Хіба Аляксандар Рыгоравіч не падобны на Сталіна?!”

(Спадарыня Данута: ) “Цяпер жа машынамі крадуць. І ня садзяць. Нікога не караюць. Вось каб на цяперашні час сталінскі закон быў, дык быў бы нейкі толк. Цяпер бы Сталін навёў парадак”.

(Спадар Аляксей: ) “З аднаго боку, цьвёрдасьць павінна быць. А з другога — ён быў накшталт Гітлера, шмат людзей загубіў. Гэта пагана”.

(Спадар Васіль: ) “Гэта гісторыя. Яе трэба ведаць”.

(Карэспандэнт: ) “А ці можна хадзіць зь яго партрэтамі?”

(Спадар Васіль: ) “А які сэнс?! Гэта ненармальна, мне здаецца”.

(Спадар Аляксей: ) “Маё меркаваньне такое: каб пра Сталіна казаць, трэба валодаць аб’ектыўнай інфармацыяй. А мы валодаем суб’ектыўнай. Тым больш, інфармацыя, што падае тэлебачаньне, гэта адносна. Таму гэта пытаньне ад нас далёкае”.
XS
SM
MD
LG