Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лячэньне й рэабілітацыя наркамана каштуе 6 тысяч эўра


Сьвятлана Курс, Менск Дзяржаўныя ўстановы не даюць неабходных псыхалягічных паслугаў наркаспажыўцам, а камэрцыйныя цэнтры дарагія і не заўжды прымяняюць эфэктыўныя мэтодыкі. Гэта ўскладняе барацьбу з наркаманіяй.

Яшчэ ў 1961 г. Беларусь падпісала Адзіную канвэнцыю аб наркатычных сродках, дзе абавязалася прымаць усе магчымыя меры супраць наркатызацыі і нарказвароту. Цяпер у Беларусі дзейнічае дзяржаўная праграма, якая прапануе тры кірункі змаганьня з наркатызацыяй: прававыя й карныя меры, мэдыка-псыхалягічнае лячэньне й адаптацыя нарказалежных ды прафіляктыка наркаманіі. Прававыя мэханізмы ўлучаныя на поўную моц. І ў 2003 і ў 2004 г. былі ўзмоцненыя меры пакараньня за трафік і продаж наркасродкаў. На 12% узрасла колькасьць выяўленых злачынстваў у гэтай сфэры. Ды толькі гэтага мала, цьвердзяць самі міліцыянты. Патрэбная прафіляктыка й лячэньне. Беларускае заканадаўства прадугледжвае, што лячэньне мусіць мець вялікі складнік псыхатэрапэўтычнага ўзьдзеяньня. На гэта не стае сродкаў, асабліва ў месцах зьняволеньня, дзе наркаспажыўцоў зусім ня лечаць.

Стацыянар ёсьць у гарадзкім наркадыспансэры й клінічным шпіталі “Навінкі”. У абласных шпіталях ёсьць толькі палаты ў абласных псыхіятрычных шпіталях. Сярэдняя працягласьць лячэньня – 5-10 дзён. За гэты час пасьпяваюць зьняць ломку і зьмякчыць вострыя псыхічныя станы. Зусім няма аддзяленьняў для жанчын. Канфідэнцыйнае дзяржаўнае лячэньне каштуе – 15-20 даляраў на дзень. Неканфідэнцыйнае – 5-6. У камэрцыйных цэнтрах курсы лячэньня й рэабілітацыі каштуюць ад 600 да 6 тыс. эўра. Гаворыць 27-гадовы Вячаслаў, супрацоўнік арганізацыі “Пазытыўны рух”.

(Вячаслаў:) “10 гадоў я ўжываў усе вядомыя наркотыкі, 4 гады не ўжываю. Быў у рэабілітацыі і працаваў у рэабілітацыі. Яна займае паўгод ці год, трэба весьці чалавека. Дзяржаўныя ўстановы даюць толькі частку неабходных паслугаў – зьняцьце ломкі, ня болей. Трэба пашыраць палугі па псыхалягічнай рэабілітацыі. Камэрцыйныя паслугі працуюць з ідэяй зарабіць грошы і не заўжды прымяняюць чэсныя і эфэктыўныя мэтодыкі. Сума за лячэньне вельмі вялікая – 6 тысяч эўра. І толькі ў такім выпадку, у пэўным цэнтры можна атрымаць адэкватнае, выбудаванае лячэньне”.

Аднойчы галоўны лекар менскага наркадыспансэра сказаў: “Псыхіка наркамана – выпаленая зямля. Каб на ёй зьявілая зеляніна, патрэбныя месяцы й гады”. Сьпіс арганізацыяў, што дапамагаюць наркаспажыўцам, па-сапраўднаму ўражвае. Я налічыла 60 грамадзкіх арганізацыяў, якія маюць дзейсныя праграмы, сьвежыя сайты й гарачыя тэлефоны, каля 30 камэрцыйных цэнтраў з праграмамі лячэньня й рэабілітацыі. Дзяржаўная сыстэма такая: у кожнай вобласьці ёсьць наркадыспансэр, у кожным мястэчку – кабінэт нарколяга.

Грамадзтва не зусім гатовае плаціць грошы за вяртаньне наркамана. Дый прафіляктыка абыходзіцца значна таньней, чым лячэньне. Што робіцца ў гэтым кірунку?”

Прафіляктыкай займаюцца актыўныя грамадзяне, а не дзяржава, лічыць кіраўнік грамадзкай арганізацыі “Новая Касталія” Аляксандар Перасыпкін.

(Перасыпкін:) “Прафіляктыкай у аноўным займаюцца грамадзкія арганізацыі. І першыя прытулкі, і першыя пункты па раздачы шпрыцаў арганізавалі грамадзкія арганізацыі. Мы раздаём прафіляктычную літаратуру у школах, навучальных установах, іншых месцах, лўе сустракаецца моладзь”.

Наркаспажыўцамі называюць усіх, хто ўжывае наркотыкі больш за 1 раз. Але ня ўсе зь іх хворыя на наркаманію. 20-гадовая Тамара працуе ў недзяржаўным барысаўскім цэнтры – з падлеткамі, якія паляць траўку ды “жуюць на сваі” – то бок закладваюць наркотык за шчаку і смокчуць.

(Тамара:) “Мы стваралі ім добразычлівы асяродак. Гэта не заўжды было эфэктыўна, але мы ўсё ж рабілі ўнёсак, каб адцягнуць іх ад вуліцы, шкодных залежнасьцяў, запрашалі іх на адукацыйныя сэмінары. Ячны вучыліся браць на сябе адказнасьць, дачыняцца, распрацоўваць этыкет дачыненьня, разам выконваць важныя справы”.

Тамара і яе каляжанкі цьвердзяць, што сумнае, малаальтэрнатыўнае і заарганізаванае жыцьцё найбольш спрыяе наркатызацыі й алькагалізацыі. Жыцьцё расквечваюць грамадзкія ініцыятывы, якія, на жаль, дзяржава часта прымае неахвотна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG