Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магіляўчанка напісала адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку


Марыя Усьціновіч, Магілёў Сёньня працягнецца візыт Аляксандра Лукашэнкі на Магілёўшчыну. Учора ён наведаў родную вёску Александрыя ў Шклоўскім раёне, а сёньня, чакаецца, прыедзе ў горад Шклоў. І як раз гэтымі днямі з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі звярнулася жыхарка Магілёва Тамара Іванчыкава.

Маладая жанчына, маці трох дзяцей ня можа знайсьці працу, але цэнтар занятасьці лічыць, што беспрацоўная жанчына з малымі дзецьмі не можа канкураваць з іншымі на рынку працы. Цяпер яна шукае выйсьце і мяркуе, як жыць далей.

Гісторыя спадарыні Тамары – звычайная. У сярэдзіне 90-х яна пайшла з дзяржаўнага сэктару, бо не стала заробкаў і перспэктывы, і стала “чаўнаком”. Аднак перашкоды, якія дзяржава стварае для дробных прадпрымальнікаў, пазбавілі жанчыну апошняй магчымасьці зарабляць грошы. Цяпер, каб забяспечыць сваіх дзяцей, спадарыня Тамара з яе мужам часткова распрадаюць сваю маёмасьць. Супярэчнасьці паміж бодрымі справаздачамі кіраўніцтва краіны пра поспехі і рэальным становішчам у канкрэтнай сям”і сталі нагодай для адкрытага ліста Аляксандру Лукашэнку.

(Іванчыкава: ) “Я напісала, таму што ў мяне спраўды боль душы. Мяне не задавальяняе, што ўзводзяцца такія гіганцкія збудаваньні і ўсё выкладаецца пліткай, у той час, каля няма чаго проста есьці, разумееце. Меня вось гэта не задавольвае, што дзіцю пакаледзеш ежу, а ён есьць і не можа наесьціся”.

Тамара Іванчыкава кажа, што яна не хоча шкадаваньня, а ліст Лукашэнку напісала ў надзеі, што ён спыніць дыскрымінацыю такіх, як яна. Больш таго, яна лічыць, што не можа знайсьці працу не толькі таму, што мае малых дзяцей, але і таму, што мае сваю палітычную пазыцыю, адрозную ад афіцыйнай ідэялёгіі. Спадарыня Тамара – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нядаўна яе затрымалі міліцыянты на акцыі да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Пра свае перакананьні жанчына таксама напісала Аляксандру Лукашэнку.

(Іванчыкава: ) “Людзі выходзяць на вуліцу, гавораць праўду, а іх затрымліваюць і саджаюць у турмы. Мяне гэта не задавольвае. Мне падаецца, што ўсіх запужаць ён не можа. Не, я маўчаць не буду. Я не згодная з яго палітыкай і з тым, што ён пужае людзей. Пякучы страх кіруе людзьмі”.

На Магілёшчыне былі іншыя выпадкі, калі людзі пазабаўляліся працы пра палітычныя перакананьні. Узадаю апошнія: звальненьне з працы лідэра абласной арганізацыі ПКБ Уладзіміра Падаляна на наступны дзень пасьля выбараў у парлямант; потым прымусілі звольніцца з магілёўскага ўнівэрсітэту лідэра магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Паўла Ўсава. Ды і вядомы правабаронца Барыс Бухель, прадстаўнік цэнтру “Вясна” і кіраўнік Магілёўскага праваабарончага цэнтру Барыс Бухель, сам так і не здолеў знайсьці працоўнае месца праз цэнтар занятасьці. Вось парады Барыса Бухеля тым, хто апынуўся ў такой сытуацыі.

(Бухель: ) “Пад ляжачы камень вада не цячэ. Таму трэба змагацца, вывучаць заканадаўства, звяртацца ў правабарончыя арганізацыі, звяртацца ў палітычныя партыі. Імкнуцца на сваім узроўні нешта зрабіць, каб змяніць сытуацыю ў краіне. Будуць маўчаць – будзе яшчэ горш”.
XS
SM
MD
LG