Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці баяцца менчукі тэрарызму?


Галіна Абакунчык, Менск 7 ліпеня Лёндан стаўся чарговай ахвярай тэрарыстычнага нападу. У розных месцах гораду адбыліся выбухі, падчас якіх пацярпелі сотні чалавек. Што пра гэта думаюць грамадзяне Беларусі й ці не баяцца праяваў тэрарызму на сваёй радзіме? Гэтыя пытаньні мінакам на вуліцах Менску задавала Галіна Абакунчык.

(Спадар:) “Я вельмі дрэнна стаўлюся да тэрарызму. Бо гэта ня тое, што павінна адбывацца ў сучасным сьвеце”.

(Спадар: ) “Калі ў чалавека ў галаве ня ўсё ў парадку, то ён можа думаць, што, маўляў, зажырлі, разбагацелі – так ім і трэба. А нармальны чалавек, натуральна, што будзе адмоўна ставіцца. Бо крыху памяняць умовы – і ў нас такое можа быць”.

(Юначка: ) “Канечне, я асуджаю тэрарыстаў, бо гэтыя людзі бессардэчныя й бяздушныя й іх трэба зьнішчаць. У нашай краіне ўсё больш спакойна, чым там”.

(Юнак: ) “Наўрад ці ў Менску ці ў Беларусі можа такое быць. Бо сыстэма МУС у нас такая вялікая, што наўрад ці такое можа быць”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ў нас такое пакуль што немагчыма, бо падставаў дзеля гэтага няма. А так, шкадую людзей, канечне”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не асьцерагаецеся вы таго, што нешта падобнае можа здарыцца і ў Беларусі? Як вы лічыце, ад каго можа сыходзіць пагроза тэрарызму?”

(Спадар:) “Я нічога не баюся. Мне няма чаго баяцца – мне ўжо 80 зь лішкам. Калі б у мяне была такая сіла й воля, то я гэты тэрарызм перапыніў бы за 72 гадзіны. Але ў мяне не хапае”.

(Юнак: ) “У Беларусі такога ня можа здарыцца, а зь іншага боку мне не падабаецца, што ў нашую краіну нелегальна патрапляюць чачэнцы й іншыя такія. Таму ўсё можа быць”.

(Спадар: ) “Маю пачуцьцё небясьпекі, калі тут непарадкі адбываюцца, калі БНФ галаву дурыць. Толькі ў гэтым выпадку”.

(Спадарыня: ) “Так, баюся. Бо мусульмане – народ фанатычны і непрадказальны”.

(Спадар: ) “У менскім мэтро пакуль такога не было. А таму не баюся, бо ня ведаю што гэта такое”.

(Спадарыня: ) “Гэта злачынства, якое ўжо ідзе па ўсёй плянэце. Гэта, як чорная чума й страшная бяда. І я, і мая сям”я, і дзеці – мы ўсе глядзім на гэтую жудасную карціну й нас ахоплівае жах. Напэўна прыйшла тая бяда, папярэджаньне: людзі, думайце ня толькі пра сябе, але думайце пра тых, хто сёньня галадае, хто сёньня беспрацоўны, ці ў іншым цяжкім становішчы”.
XS
SM
MD
LG