Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зноў будуць судзіць журналістаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні чакаецца працяг судоў над удзельнікамі пікету ў абарону газэты “Glos znad Niemna”, які адбыўся ў сераду. Удзельнікі ледзьве пасьпелі разгарнуць транспарант з надпісам “Аддайце палякам “Glos znad Niemna”! Яны пратэставалі супраць выданьня самазванага “Glosu znad Niemna”, называючы гэта фактычным захопам ўладамі газэты, якая належыць Саюзу палякаў. Міліцыя затрымала пяцёх чалавек. Дваіх у той жа дзень аштрафавалі, астатнія пажадалі адвакацкай дапамогі, і суды перанесьлі на пятніцу.

Учора Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыі з нагоды сытуацыі ў Беларусі, адна зь іх датычыць незалежных мас мэдыя. Адзначаецца пагаршэньне сытуацыі і зьвяртаецца ўвага на ціск беларускіх уладаў на Саюз палякаў. У сераду галоўнага рэдактара часопіса “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута за ўдзел у пікеце і за непадпарадкаваньне міліцыі аштрафавалі на 200 базавых адзінак. Штраф вельмі вялікі, але Андрэй лічыць: гэта дзякуючы таму, што ў Страсбуры ў той дзень разглядалася беларускае пытаньне. Бо ён чакаў арышту на 15 сутак, паколькі ў сакавіку яго пасадзілі на 10 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якую, дарэчы, ён асьвятляў. А тут яшчэ —“непадпарадкаваньне”.

Андрэй Пачобут гаворыць: буду чакаць судовага выканаўцу, хай апісвае тэлевізар і кампутар. А ўвогуле бабулькі з Саюзу палякаў яму казалі, што будуць зьбіраць грошы на штраф ля касьцёлу. Тэлефанавалі таксама сябры з Польшчы наконт гэтага. Дарэчы, калі былога старшыню Саюзу Тадэвуша Гавіна аштрафавалі за пікет у абарону польскай школы, у Польшчы ўзьнялася хваля салідарнасьці, і яму, наколькі ведаю, сабралі грошы на штраф.

У абарону газэты выступіла Беларуская асацыяцыя журналістаў. А ў Горадні ўжо традыцыя — калегі прыходзяць, каб падтрымаць — калісьці журналістаў “Пагоні”, пазьней “Биржы Информации”, а цяпер — “Glosu znad Niemna”. Адзін з затрыманых на пікеце, дарэчы, карэспандэнт газэты “Салідарнасць” Іван Роман, якога сёньня таксама будуць судзіць. Калегі адназначна ацэньваюць сытуцыю з “Glosam…”. Вось што кажа Павал Мажэйка, лідэр мясцовай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў:

(Мажэйка:) “Мне здаецца, што “Glos znad Niemna” стаў ахвярай i галоўным інструмэнтам, які выкарыстоўвае ўлада па дыскрэдытацыі новаабранага кіраўніцтва Саюзу палякаў. А тактыка, якую абрала ўлада, мне здаецца, вельмі простая — паказаць, што яна ня мае дачыненьня да канфлікту ў Саюзе палякаў, да зьнішчэньня Саюзу палякаў, а гэта проста разборкі адной групоўкі і другой”.

Цікава, што ў газэце “Glos znad Niemna”, якая сёньня выпускаецца насуперак Саюзу палякаў, ёсьць публікацыя пад назвай “Салідарнасьць наадварот”. Аўтар абвінавачвае польскія выданьні і журналістаў, што яны адназгодна сталі на абарону новага кіраўніцтва Саюзу палякаў і новай рэдакцыі “Glosu znad Niemna”. Але яны маўчалі, маўляў, калі супрацоўнікаў старой рэдакцыі скарацілі. Аўтар робіць выснову: сапраўднае становішча палякаў у Беларусі польскія выданьні не цікавіць, іх цікавяць толькі сэнсацыі... І пры канцы я прапаную паслухаць меркаваньне намесьніка старшыні Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага, што датычыць учынку ўдзельнікаў пікету, якіх сёньня будуць судзіць.

(Пажэцкі:) “Улады самі справакавалі, каб нашыя сябры, калегі выйшлі на вуліцу, таму што чатыры нумары выйшлі гэтай, як мы называем, “гадзіноўкі” нелегальнай, падпісанай Саюзам палякаў. Мы не паддамося, будзем далей бараніць нашыя правы. Мы нічога не жадаем, акрамя таго, каб нам дазволілі ажыцьцявіць нашае канстытуцыйнае права выдаваць газэту “Glos znad Niemna”, рэалізаваць нашую праграму культурна-асьветніцкую нашым аб’яднаньнем — Саюзам палякаў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG