Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка наведаў Александрыю


Марыя Усьціновіч, Магілёўская вобласьць Сёньня Аляксандар Лукашэнка пачаў паездку ў Віцебскую і Магілёўскую вобласьці. Спачатку ён наведаў гарадзкі пасёлак Копысь у Віцебскай вобласьці, а потым Александрыю ў Шклоўскім раёне – вёску, дзе ён нарадзіўся і вырас.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка вывучаў, як выконваюцца сацыяльныя стандарты ў сельскай мясцовасьці. У вёсцы Александрыя ствараецца аграгарадок і там пачалося будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу.

Александрыя знакаміта перш за ўсё тым, што гэта радзіма Аляксандра Лукашэнкі. Там да нядаўняга часу жыла ягоная маці. Пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам калгас пасяліў спадарыню ў добрым катэджы, але некалькі гадоў таму яна зьехала ў Менск. У Александрыйскай сярэдняй школе ёсьць музэй першага прэзыдэнта Беларусі. Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў школу, дзе вучыўся.

А напярэдадні Александрыя і ўвесь Шклоўскі раён рыхтаваліся да візыту кіраўніка краіны. Хаця ў Александрыі і так заўсёды парадак, але, як распавёў рэдактар незарэгістраванай газэты «Шклоўскія навіны» Аляксандар Шчарбак, у вёсцы апошнімі днямі працавала шмат людзей. Рабочыя добраўпарадкавалі дарогу, касілі, усталёўвалі агароджы, прыбіралі вуліцы.

Людзі звычайна радуюцца добраўпарадкаваньню, аднак ім усё ж ня вельмі прыемна, што навядзеньне парадку захапляе выключна тыя тэрыторыі, дзе павінен зьявіцца сам Аляксандар Лукашэнка. Пра казус падрыхтоўкі да візыту распавёў шкловец Рыгор Кастусёў.

(Кастусёў: ) "Самае цікавае мне распавялі жыхары вёскі Славені. Ішла размова пра тое, што і ў Славені можа заехаць ён. Рыхтавалі і марафет наводзілі ў Славенях, каля двух дамоў паставілі плот, падвязьлі яшчэ да некалькіх дамоў і потым раптам сказалі адбой – нічога не будзе ў Славенях. І што цікавае: прыехалі, тый плот забралі, стаўбы вынулі і кудысьці зьвезьлі".

Аляксандар Лукашэнка сёньня знаёміўся з пэрспэктывамі разьвіцьця мясцовай сельскай гаспадаркі. Гэта ЗАТ «Александрыйскае», уладальнікам кантрольнага пакету якога зьяўляецца Нацыянальны банк. Гаспадарка працуе прыбыткова, на разьвіцьцё Александрыі плянуе яшчэ выдаткаваць грошы Нацбанк, а таксама і інвэстары з Даніі прапануюць пабудаваць буйны сьвінакомплекс.

Акрамя гэтага, Александрыя павінна стаць цэнтрам экалягічнага турызму. У вёсцы плянуецца пабудаваць сацыяльна-культурны і спартовы цэнтар і новы мост праз раку Днепр, які зьвяжа Копысь і Александрыю. Пра гэткія пэрспэктывы Аляксандар Лукашэнка распавёў жыхарам вёскі.

(Лукашэнка: ) "Але пры гэтым ад вас патрабуецца добрасумленная праца, каб вы ўсё гэта трымалі ў парадку, каб да вас не было абсалютна ніякіх прэтэнзіяў. І вы павінны памятаць... Мы, александрыйцы, павінны памятаць, што тут павінны застацца нашыя дзеці".

Чакаецца, што заўтра Аляксандар Лукашэнка наведае Шклоў і паглядзіць яго сацыяльна-культурныя аб''екты, найперш – раённы шпіталь. Ён таксама пазнаёміцца зь дзейнасьцю замежнага прадпрыемства «Шклоўфорэст ЛТД», утворанае латышамі і амэрыканцамі, якое займаецца экспартам лесаматэрыялаў за мяжу Беларусі.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка не рабіў важных палітычных заяваў. Толькі ў часе яго размовы з жыхарамі Копысі было ўзьнятае пытаньне аб саюзе Беларусі і Расеі. Паводле інфармацыйнай агенцыі БелТА, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ад Беларусі ня будзе зрухаў у бок пагаршэньня ў пытаньнях саюзнага будаўніцтва. Ён выказаў упэўненасьць, што праблемы, якія ўзьнікаюць у працэсе саюзнага будаўніцтва, у тым ліку адносна выкананьня роўных правоў грамадзянаў дзьвюх дзяржаваў, будуць вырашаныя. "Расейцы для нас не чужыя, гэта нашыя людзі", – дадаў Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG