Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калекцыя беларускіх пячатак


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 7 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык Ірына Колабава.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Пячатка — той графічны знак, які робіць паперку дакумэнтам, — можа шмат распавесьці і пра зьмест дакумэнту, і пра тых, хто яго складаў, і пра тых, каму ён адрасуецца. А празь дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі зьмест пячаткі пашыраецца аж да сьведчаньня пра гісторыю краіны і народу. Свой пачатак беларуская пячатка бярэ прыкладна ў X стагодзьдзі, а гэта значыць, што яна мае значную, больш як тысячагадовую гісторыю. Па сутнасьці, пячатка ёсьць раўналеткай дзяржавы. І яна адзін з важных іканаграфічных матэрыялаў дзеля вывучэньня гісторыі гэтай дзяржавы”.

(Ірына Колабава: ) “Менавіта таму сярод сваіх найважнейшых знаходак археолягі заўсёды лічаць пячаткі. Сёньня шэраг беларускіх музэяў ганарыцца сваімі зборамі пячатак. І ня толькі паводле іх колькасьці, а і з нагоды іх унікальнасьці. Бо ўва ўсе часы беларусы мелі выдатных майстроў, якія рабілі вельмі цікавыя пячаткі-матрыцы. Зробленае імі, калі б была магчымасьць іх сабраць разам, выявілася б ва ўнікальнай калекцыі, якая мае ўсе падставы называцца калекцыяй уласна беларускай”.

(Ракіцкі: ) “Але тая ў шырокім сэнсе разуменьня беларуская калекцыя складаецца пакуль што з калекцыяў, якія захоўваюцца ў асобных музэях. У якіх музэях іх можна знайсьці, ці, ведаючы лёс беларускай гісторыі і беларускага мастацтва, дзе іх можна было б знайсьці?”

(Колабава: ) “Сапраўды, штосьці засталося на радзіме, а штосьці раскідана па розных замежных музэях. Дзякуй Богу, што ў бальшыні сваёй мы ведаем, па якіх. Бадай, самай вялікай калекцыяй зьяўляецца тая, якая выстаўлялася ў Віленскім музэі старажытнасьцяў, адкрытым у 1856 годзе. У тую калекцыю ўваходзілі больш за 450 прыватных і гарадзкіх пячатак. Гэтую калекцыю перадалі ў музэй вядомыя беларускія навукоўцы Канстанцін і Яўстах Тышкевічы. Пасьля паўстаньня 1863 году музэй быў рэфармаваны, і сфрагістычная калекцыя паступіла ў маскоўскі Румянцаўскі музэй. Цікавая калекцыя сфрагістыкі існавала і ў Менскім царкоўна-археалягічным музэі, але ў час першай усясьветнай вайны фонды музэю перавезьлі ў Пецярбург, і цяпер у Эрмітажы, мабыць, з гэтай калекцыі, знаходзіцца пячатка XIX стагодзьдзя менскага дваранскага сходу, шэсьць пячатак часу паўстаньня Кастуся Каліноўскага і восем выразаных з агату гербавых пячатак гетмана Вялікага Княства Літоўскага Міхала Агінскага.

Больш за 100 пячатак меў у сваёй калекцыі Віленскі беларускі гістарычна-этнаграфічны музэй імя Івана Луцкевіча, адкрыты ў 1921 годзе. Што тычыцца Беларусі, дык на наш час сфрагістычныя калекцыі захоўваюцца ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры і ў абласных музэях краіны”.

(Ракіцкі: ) “Мінулы раз мы з вамі гаварылі пра тое, што беларуская пячатка мае багатую гісторыю. Чым адметныя самыя старажытныя яе ўзоры?”

(Колабава: ) “Вялікі ўплыў на фармаваньне зьнешняга выгляду беларускай пячаткі аказалі бізантыйскія сфрагістычныя традыцыі — напрыклад, запісанае кірыліцай грэцкае гучаньне легендаў (надпісаў), прынцыпы складаньня кампазыцыі — як правіла, прысутнічала выява сьвятога патрона ўладальніка пячаткі. Цікавы асобнік быў знойдзены ў часе археалягічных раскопак расейскага Ноўгараду ў 1953 годзе. Ён з групы прывесістых пячатак. Гэта самая старажытная зь вядомых нам беларускіх пячатак. Яна належала ў канцы Х стагодзьдзя полацкаму князю Ізяславу Ўладзімеравічу. Пячатка зробленая са сьвінца. На адным баку яе княжацкі знак у выглядзе трызубца, а вакол выявы легенда — напісанае кірыліцай грэцкае гучаньне імя князя “Ізяс[лав]ос”, на адвароце — рэшткі нейкага іншага надпісу”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі, што гэтую пячатку знайшлі ў Ноўгарадзе. А гэта ўжо сьведчаньне пра стасункі паміж полацкай і ноўгарадзкай дзяржавамі”.

(Колабава: ) “І не адна яна была знойдзеная ў Ноўгарадзе з тых, што датаваліся X—XIV стагодзьдзямі. А часам аналягічныя пячаткі знаходзіліся і на тэрыторыях суседніх дзяржаваў. Яны ёсьць доказам шырокіх міждзяржаўных кантактаў беларускіх земляў у розны час. У 1906 годзе ў Ноўгарадзе была знойдзена пячатка, выкананая ў стылі ХІІ стагодзьдзя з выявамі сьвятога Георгія і сьвятой Сафіі. Уладальніка пячаткі вызначыць тады не змаглі. Але калі ў 1962 годзе пры археалягічных раскопках на тэрыторыі Латвіі старажытнага Кукенойса была знойдзена другая такая ж пячатка, навукоўцы зрабілі выснову, што выявы сьвятых на гэтых дзьвюх пячатках былі аналягічнымі выявам сьвятых патронаў бацькоў Эўфрасіньні Полацкай на ейным знакамітым крыжы. У выніку ўладальніцай знойдзеных пячатак была названая ейная маці — полацкая княгіня Сафія”.

(Ракіцкі: ) “Вы згадалі імя Эўфрасіньні Полацкай. І мне імгненна закарцела запытацца ў вас: а ці ёсьць у славутай беларускай калекцыі пячатак асобнікі, якія належалі б не дзяржаўным асобам, а духоўным? Увогуле, ці мела царква на тэрыторыі Беларусі свае пячаткі?”

(Колабава: ) “Мелі і царква ўвогуле, і духоўныя асобы ў прыватнасьці. І мы ведаем, як выглядалі тыя пячаткі. Так, у 1968 годзе таксама ў Ноўгарадзе была знойдзена надзвычай цікавая пячатка, якая належала самой Эўфрасіньні Полацкай. На адным баку — складаная кампазыцыя на рэлігійную тэматыку і надпіс “Мэтамарфозы” — “пераўтварэньне”. На другім баку выява ў манаскім капелюшы і надпісам “Господи, помози рабе своей Ефросинии нареченной”. Да нашага часу дайшла і група пячатак духоўных асобаў XII—XIV стагодзьдзяў. Напрыклад, знойдзеная ў 1909 годзе ва Ўкраіне, на Львоўшчыне, пячатка полацкага япіскапа Міны, у 1954 годзе ў Ноўгарадзе — пячатка полацкага япіскапа Дзіянісія. І гэты сьпіс можна працягваць”.

(Ракіцкі: ) “Ужо напрыканцы XIV стагодзьдзя, калі ў Беларусі пачало пашырацца магдэбурскае права, кожны горад павінен быў мець сваю пячатку. Чым цікавая беларуская гарадзкая пячатка?”

(Колабава: ) “Па-першае, пячатка гарадзкіх органаў улады — значная крыніца дзеля вывучэньня гарадзкой геральдыкі і ўвогуле гісторыі гораду. Пячатка, як і герб, зьяўлялася атрыбутам гарадзкога самакіраваньня. Пры страце яе горад мог нават часткова быць пазбаўлены пэўных прывілеяў. Пячатку вельмі строга захоўвалі. Напрыклад, дакумэнт 1542 году сьведчыць пра тое, што гарадзенская гарадзкая пячатка знаходзілася ў гарадзкой ратушы пад адказнасьць некалькіх асобаў — войта, бурмістраў і райцы. Галоўным элемэнтам такіх пячатак становіцца выява гарадзкой эмблемы, якая зь цягам часу пераўтвараецца ў гарадзкі герб. Так, на пячатцы Віцебску — выява Ісуса Хрыста, на пячатцы Горадні — выява аленя сьвятога Губэрта з залатым крыжам паміж рагоў, на пячатцы Менску — выява Панны Марыі ў атачэньні анёлаў. Прыватныя пячаткі шырока выкарыстоўвалі і прадстаўнікі розных колаў гарадзкога насельніцтва”.

(Ракіцкі: ) “Чапляюся за апошнюю сказаную вамі фразу. Няўжо ўсім, хто хацеў, дазвалялася мець пячатку? Сёньня трэба браць дазвол на выкарыстаньне пячаткі ў міліцыі, быць юрыдычнай асобай. Ці рэгулявала заканадаўства ВКЛ парадак выкарыстаньня пячаткі?”

(Колабава: ) “На тэрыторыі Беларусі спачатку дзейнічалі вусныя правілы, якія склаліся ў працэсе выкарыстаньня пячаткі. Пазьней яны былі зафіксаваныя ў шэрагу пісьмовых заканадаўчых актаў, якія рэглямэнтавалі парадак афармленьня дакумэнтаў. Галоўнай крыніцай у сфрагістычным заканадаўстве зьяўляецца помнік XVI стагодзьдзя — тры рэдакцыі Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Дзеяньне апошняй рэдакцыі Статуту было спынена толькі ў 1840 годзе. У Статутах адзначаецца паступовае — ад 2 да 28 — павелічэньне колькасьці артыкулаў, якія датычылі пытаньняў выкарыстаньня пячатак. Прычынай таму паслужыла актыўнае разьвіцьцё ў краіне сацыяльна-эканамічных адносінаў. Статуты, напрыклад, вызначалі вельмі жорсткае пакараньне асобаў, якія падраблялі пячаткі і карысталіся ў выніку на сваю карысьць фальшывымі дакумэнтамі.

Вось жа чытаем у Статуце 1588 году: “Разьдзел 1, артыкул 16: …Калі б хто лісты нашы або пячаці нашы фальшаваў...нічым іным толькі… агнем каран быці маець”. Вызначалася таксама і плата, прычым немалая, за выдачу завераных пячаткай копіяў дакумэнтаў. Так, кнігі Магілёўскага магістрату за 1713 год адзначаюць выдаткі магістрацкай дэлегацыі пры паездцы ў Варшаву на 6,5 талераў і 1 чырвоны злоты, дадзены сакратару “за прыпячатаньне справаў”. Па заканадаўстве Вялікага Княства Літоўскага “пячатарамі” (гэта значыць — захавальнікамі вялікай і малой дзяржаўных пячатак) былі вышэйшыя адміністрацыйныя асобы, якія ўзначальвалі Канцылярыю Вялікага Княства Літоўскага — канцлер і ягоны намесьнік, падканцлер. Толькі яны мелі права канчатковага зацьвярджэньня дзяржаўнай пячаткай каралеўскіх загадаў”.

(Ракіцкі: ) “Які лёс напаткаў беларускую пячатку пасьля страты Беларусяй незалежнасьці?”

(Колабава: ) “Падзелы Рэчы Паспалітай і акупацыя беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй адбілася і на зьнешнім выглядзе беларускіх пячатак. Напрыклад, паступова лацінскую і польскую мовы легендаў выціскае мова расейская, шэраг заканадаўчых актаў прыводзяць пячаткі да адзінага памеру і аднастайных выяваў. Цікава, што яшчэ да сярэдзіны XIX стагодзьдзя на тэрыторыі Беларусі працягвалася выкарыстаньне пячатак прыватнымі асобамі. Аднак, гэты звычай ня ўпісваўся ў расейскія традыцыі, і ён паступова зьнікае. Агульная рыса сфрагістычных помнікаў далейшага часу — поўнае зьнікненьне індывідуальнасьці і ўніфікацыя зьнешняга выгляду пячаткі, што адпавядала агульным тэндэнцыям разьвіцьця дзяржаўнага справаводзтва той дзяржавы, часткай якой сталі беларускія землі”.
XS
SM
MD
LG