Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

7 ліпеня нарадзіўся Янка Купала


RFE/RL Каляндар Свабоды – 7 ліпеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 7 ліпеня.

Мінулай ноччу, з 6 на 7 ліпеня адбылося адно з найвялікшых беларускіх сьвятаў – Купальле. Як і іншыя свае традыцыйныя сьвяты (Каляды або Вялікдзень) беларусы адзначаюць двойчы – паводле заходняга і ўсходняга календароў. З гледзішча прыроды і гісторыі гэта нічым не апраўдана, бо заходні і ўсходні календары прыйшлі да нас разам з хрысьціянствам, а традыцыйныя сьвяты існавалі задоўга да гэтага, спрадвеку. Да кожнага традыцыйнага сьвята царква прыладкавала сваё царкоўнае сьвята. Скажам, Купальле стала днём Івана Прадцечы і адзначаецца каталікамі ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, а праваслаўнымі – з 6 на 7 ліпеня.

7 ліпеня 1800 году ў Магілёве нарадзіўся Аляксандар Карніловіч. Ён быў братам Міхала Без-Карніловіча, які напісаў вядомую кнігу “Гістарычныя зьвесткі пра найпрыкметныя мясьціны ў Беларусі“. Аляксандар Карніловіч скончыў вучэльню і працаваў у архівах калегіі замежных справаў. Вынікам стала больш за 30 публікацыяў у ваеннай гісторыі, статыстыцы, геаграфіі, архіўных дакумэнтаў. Але мірнае навукоўства Аляксандра спынілася зь ягонае ўласнае волі. Увесну 1825 г. Карніловіч далучыўся да патаемнага Паўднёвага таварыства сьнежнікаў. Пасьля задушэньня іхнага няўдалага паўстаньня, у ноч на 15 сьнежня Карніловіча арыштавалі і асудзілі на 12 гадоў катаргі з высылкай у Чыцінскі астрог.

І яшчэ адзін наш зямляк, гэтым разам шырока вядомы ва ўсім сьвеце, нарадзіўся 7 ліпеня. У 1887 годзе ў мястэчку Лёзна на Віцебшчыне прыйшоў на сьвет мастак Марк Шагал.

А яшчэ ў гэты дзень у 1884 годзе нарадзіўся нямецкі пісьменьнік Ліон Фэйхтвангер, а ў 1945 годзе памерла літоўская паэтка Саламея Нярыс. Самая прыкметная віленская сярэдняя школа – на вуліцы Нямецкай – і цяпер носіць яе імя. Зрэшты, не імя, а псэўдонім, бо Нярыс – па-літоўску – назва нашай Вяльлі, якая цячэ зь Беларусі ў Вільню і далей на Коўна, дзе зьліваецца з бацькам Нёманам. Сапраўднае прозьвішча спадарыні Саламеі – Бучынскайтэ-Бучэне – першае дзявочае, другое – мужава. І была яна паэткай зусім савецкай. Пасьпела нават напісаць паэму пра Леніна пад назваю “Шлях бальшавіка“, атрымаць Дзяржаўную прэмію СССР, стаць дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. І гэта ўсё за нейкія два гады савецкай Літвы! Год перад вайною і год – пасьля! Ужо пасьля сьмерці Саламеі прысвоілі званьне народнай паэткі Літоўскай ССР.

Нарэшце, згадаем і тую дату, якую са школы ведае кожны беларус. 7 ліпеня 1882 году прыйшоў на сьвет найвялікшы беларускі паэт, прарок нацыянальнага адраджэньня Янка Купала.
XS
SM
MD
LG