Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэзалюцыю Эўрапарлямэнту камэнтуюць у Менску


Валер Каліноўскі, Менск Як палітыкі, грамадзкія дзеячы і афіцыйныя ўлады Беларусі адрэагавалі на сёньняшнюю рэзалюцыю Эўрапарлямэнту?

Эўрапейскі парлямэнт у сёньняшняй рэзалюцыі па Беларусі асудзіў крымінальны перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, Андрэя Клімава. Спадар Севярынец называе гэта фактам маральнай і палітычнай падтрымкі ўсёй беларускай апазыцыі, тысяч актывістаў, якія рыхтуюцца да прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў надзвычай складаных умовах.

(Севярынец: ) “Гэта і крок на пэрспэктыву: Эўразьвяз дае зразумець, што больш мірыцца з дыктатурай у сэрцы Эўропы ён ня будзе, нягледзячы на ўсе свае праблемы: рэфэрэндумы па Канстытуцыі, тэрарызм”.

Адзін з прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч нагадвае, што гэта ўжо другая сёлетняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі (у красавіку Эўрапарлямэнт зьвяртаўся да тэмы палітзьняволеных).

(Мілінкевіч: ) “У нас не павінна быць ілюзіяў, што гэтыя рэзалюцыі самі па сабе могуць зьмяніць рэжым у Беларусі. Але яны маюць вялікае значэньне для падтрымкі грамадзянскай супольнасьці на Беларусі, для фармаваньня эўрапейскай думкі аб тым, што ў Беларусі адбываюцца падзеі, якія немагчымыя ў цэнтры Эўропы. Такім чынам, сёньня Эўропа сябе паводзіць у адносінах да беларускага рэжыму ня менш жорстка, чым Злучаныя Штаты, яны дзейнічаюць сынхронна, гэта надзвычай важна”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна станоўча ўспрымае прапановы Эўрапарлямэнту наконт спрыяньня пашырэньню незалежнай інфармацыі ў Беларусі, але мяркуе, што гэтую праблему будуць вырашаць перш за ўсё беларускія журналісты:

(Літвіна: ) “Сёньня, каб зламаць манаполію ўлады на інфармацыю, патрэбен комплексны падыход. І ні ў якім разе гэта ня можа быць разьлічана выключна на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. На сёньня сьвядомасьць нашых людзей да такой ступені заблякаваная, што праграмы, зьвязаныя з інфармацыйным насычэньнем, павінны быць доўгатэрміновымі”.

Прадстаўнік Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін станоўча ўспрыняў асуджэньне Эўрапарлямэнтам ціску беларускіх уладаў на польскую меншасьць:

(Гавін: ) “Такая маральная падтрымка патрэбная ўсім тым у Саюзе палякаў, хто хоча, каб саюз разьвіваўся і быў арганізацыяй дэмакратычнай і незалежнай. Апошнія акалічнасьці, калі ўлада забрала газэту СПБ, сьведчаць, што ўсе агучанае Эўрапарлямэнтам мае сэнс”.

Тым часам прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін з нагоды новай рэзалюцыі Эўрапарлямэнту заявіў:

(Есін: ) “Мы ведаем гэтую пазыцыю, яна ня новая, і нічога новага мы цяпер не даведаліся”.

Гл. таксама • Эўрапарлямэнт амаль аднагалосна прыняў рэзалюцыю па Беларусі
XS
SM
MD
LG