Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах прайшла акцыя памяці Завадзкага і Чаркасавай (фота)


Ганна Соусь, Менск Сёньня пятая гадавіна зьнікненьня тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. У месцы згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў ва ўрочышчы Курапаты Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла акцыю памяці Зьмітра Завадзкага і забітай летась журналісткі Веранікі Чаркасавай. У акцыі ўзялі ўдзел каля трыццаці журналістаў, а таксама маці, жонка, сын Зьмітра Завадзкага і маці і айчым Веранікі Чаркасавай. Яны запалілі сьвечкі і ўшанавалі памяць Веранікі Чаркасавай і Зьмітра Завадзкага хвілінай маўчаньня.

Да журналістаў зьвярнулася маці Веранікі Дыяна Чаркасава:

(Чаркасава: ) “Вялікі дзякуй усім, хто памятае Вераніку, памятае, што яна зрабіла. Гэта вельмі шмат значыць для нас. Спадзявацца на нейкую справядлівасьць, на тое, што будзе нешта раскрыта, знойдзена… Я думаю, што калі б было жаданьне ў тых, хто гэтым займаецца, раскрыць гэтую справу, яна была б даўно раскрытая”.

А вось што сказала ва ўрочышчы Курапаты старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) “Курапаты — гэта тая зямля, на якой зьдзяйсьняліся самыя страшныя злачынствы сталінскага рэжыму, гэта тая зямля, якая ўвабрала ў сябе ўвесь чалавечы боль, і наш боль, нас, журналістаў, родных Веранікі і Зьмітра. Наш боль — гэта лёсы Веранікі Чаркасавай і Зьмітра Завадзкага”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG