Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы заплацілі амаль на 40% больш ПДВ, чым летась – заяўляе міністар


Юлія Шарова, Менск Паступленьні ў бюджэт падатку на даданую вартасьць (ПДВ) за першае паўгодзьдзе сёлета ўзрасьлі. Адбылося гэта нягледзячы на цяжкасьці зь пераходам на новы прынцып спагнаньня гэтага падатку ў гандлі з Расеяй. Пра гэта заявіла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску міністар падаткаў і збораў Ала Дзейка.

Пераход на прынцып спагнаньня падатку на даданую вартасьць паводле краіны прызначэньня ў гандлі з Расеяй быў слушным ды апраўданым, заяўляе міністар падаткаў і збораў Ала Дзейка. Хоць мэтадалёгія яго ўліку і спагнаньня неадпрацаваная, агульная статыстыка выглядае станоўча.

(Дзейка: ) “Гэта не выклікае абсалютна ніякіх сумневаў, і лічбы сьведчаць самі за сябе. Дадзеныя за паўгодзьдзе пацьвердзілі правільнасьць гэтага выбару: прырост паступленьня ПДВ па краіне практычна каля 40%”.

Што да спагнаньня падатку менавіта з расейскіх тавараў, то й тут захавалася станоўчая дынаміка, цьвердзіць спадарыня Дзейка. Нават ад прадпрымальнікаў за паўгоду паступіла прыкладна 10 мільярдаў рублёў — прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнэсу плацілі падатак досыць актыўна, нягледзячы на цяжкасьці, што ўзьніклі на пачатку году.

Усяго за паўгоду беларускія падаткавікі сабралі каля 9 трыльёнаў рублёў рознымі падаткамі, прычым, як адзначае кіраўнік ведамства, значна ўзрасла доля менавіта наўпростых падаткаў — напрыклад, з прыбытку. Ала Дзейка тлумачыць гэта зьніжэньнем колькасьці стратных прадпрыемстваў.

Намесьнік старшыні прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Гарбачоў не давярае лічбам, агучаным міністрам падаткаў і збораў. Паводле яго, дробныя прадпрымальнікі пакуль практычна не выплачваюць гэты падатак, гэта могуць рабіць хіба толькі прыватныя фірмы.

(Гарбачоў: ) “Гэты падатак на даданую вартасьць як такі ня плацяць. Збольшага людзі пакуль адмаўляюцца плаціць яго, бо з 1 жніўня чакаем адзінага падатку. А так, не сказаць, каб былі нейкія чэргі, ажыятаж, каб нехта плаціў гэты ПДВ, такога няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG