Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адзначылі 123-угодкі Янкі Купалы


Галіна Абакунчык, Менск У Менску адбыліся творчыя імпрэзы, прысьвечаныя 123-м угодкам з дня нараджэньня народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. У іх бралі ўдзел супрацоўнікі літаратурнага музэю Янкі Купалы, менскія школьнікі, а таксама аматары Купалавай творчасьці.

Нараджэньне вялікага паэта супала з прыгожым народным сьвятам Купальле. Таму ўсе, хто прыйшлі ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу, сьпявалі “Купалінку”. А навучэнцы менскай беларускай школы №72 чыталі вершы Купалы.

(Карэспандэнтка: ) “Што пісаў Янка Купала, памятаеце?”

(Хлопчык: ) “Верш “Хлопчык і лётчык”.

(Дзяўчынка: ) “Дуб”.

(Дзяўчынка: ) “Кукавала зязюля ў зялёным лесе, Гадавала матуля дачушку Алесю”.

(Дзяўчынка: ) “Гаварыў бор сасновы ўвечары і ранкі, Над калыскай ліповай пела калыханка”.

Да ўдзельнікаў імпрэзы ахвотна далучаліся таксама некаторыя наведнікі Купалаўскага парку. Сярод якіх пэнсіянэрка Тацяна Ласіца.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце, што сёньня за дзень?”

(Ласіца: ) “Іван Купала сёньня. Ну, сьвята. Раней, калі я яшчэ ў вёсцы жыла, дык і вогнішча палілі, і вянкі спляталі, і кветку шукалі — вой! Усяго было!”

(Карэспандэнтка: ) “А тое, што сёньня дзень нараджэньня Янкі Купалы, ці памятаеце?”

(Ласіца: ) “Так. Памятала, што сёньня дзень нараджэньня Купалы. І ўвогуле мне вельмі падабаецца Янка Купала. І заўсёды я мела такое засмучэньне: чаму яго там забілі ў Маскве?”

Трагічную і загадкавую гібель Янкі Купалы ў гатэлі “Масква” многія называюць забойствам. Навукоўцы Купалаўскага музэю таксама пагаджаюцца з вэрсіяй палітычнага забойства паэта, кажа навуковец Алена Бурбоўская.

(Бурбоўская: ) “Сапраўды, загадкавая сьмерць Янкі Купалы, напэўна, хутка будзе разгаданая. Але патрэбная крымінальная справа, якая тады вялася. Яна ў сховах. І, напэўна, патрэбна на дзяржаўным узроўні зрабіць запыт да пракуратуры Расеі. І мне, думаецца, што наблізіцца той час, калі будзе адкрытая гэтая справа”.

Паводле спадарыні Бурбоўскай, супрацоўнікі музэю спадзяюцца, што Расея адкрые свае сакрэтныя архівы. І падставай для гэтага ёсьць прыклад спрыяльнай дапамогі маскоўскіх уладаў у перадачы фрагмэнтаў пакою з разбуранага гатэлю “Масква”, дзе загінуў Янка Купала.

(Бурбоўская: ) “Уся фурнітура таго пакою, дзе апошні раз спыніўся Янка Купала. З 1940-х гадоў нічога ж не мянялася — вось так усё і аддалі. Нават кавалак паркету, нават лесьвіца і парэнчы. Ну, практычна, усё, і ўсё гэта ў нас ляжыць”.

Паводле спадарыні Бурбоўскай, атрыманыя з Масквы экспанаты папоўняць музэйную экспазыцыю Купалаўскага музэю. Але толькі тады, калі будзе канчаткова раскрытая таямніца гібелі Янкі Купалы.

Сьвята Купалавага нараджэньня было нешматлюдным. Але масавасьць ня ёсьць галоўным, кажа адна з удзельніц Валянціна Мароз:

(Мароз: ) “Такія сустрэчы, нават калі яны забясьпечваюцца 10—15 чалавекамі, яны маюць карысьць. Таму, што тыя, хто прыйдзе — убачыць, прыпыніцца, задумаецца. Гэта азначае, што нашага народу большае. Гэта мы, беларусы”.

Спадарыня Мароз ёсьць адной з арганізатарак і актыўных удзельніц літаратурных чытаньняў каля помніка Янку Купалу, якія адбываюцца кожную нядзелю. Да ўгодкаў паэта прыхільнікі ягонай творчасьці сабраліся на літаратурную імпрэзу ў Купалаўскім парку 7 ліпеня.

Як паведамілі ў літаратурным музэі імя Янкі Купалы, плянуецца, што 4 верасьня, на сьвята гораду, у Маскве будзе ўсталяваны помнік Янку Купалу. Першапачаткова плянавалася гэта зрабіць да 120-годзьдзя паэта ў 2002 годзе.

Гл. таксама • Уладзімер Някляеў: “Мая вэрсія: Янку Купалу забілі”
XS
SM
MD
LG