Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакаюць турагенцтвы ад новага міністра Аляксандра Грыгарава?


Ігар Карней, Менск Прызначаючы новага міністра спорту і турызму, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад былога кіраўніка фэдэрацыі боксу сканцэнтравацца, перадусім, на вялікім спорце. У гэтым зьвязку прадстаўнікі турыстычнай галіны апасаюцца, што турызм можа апынуцца ў ведамстве на другарадных ролях.

Практычна ўсе прадстаўнікі турыстычнай галіны зьвяртаюць увагу на тое, што новы міністар раней ня меў ніякага дачыненьня да турызму. Нягледзячы на тое, што Аляксандар Грыгараў некалькі гадоў быў намесьнікам міністра спорту і турызму і нават узначальваў беларускія дэлегацыі на Алімпіядах, сфэра турызму ў яго абавязкі не ўваходзіла. Пра гэта апавядае заснавальнік турыстычнай газэты “Туризм и отдых” Сяргей Плыткевіч:

(Плыткевіч: ) “Турызмам Грыгараў не займаўся, калі быў намесьнікам міністра. Цяпер таксама невядома, чым ён будзе займацца больш. Але, хутчэй за ўсё, спортам, бо падчас прызначэньня адназначна гаварылася: трэба падымаць менавіта вялікі спорт. Пры гэтым гучала і слова “палітыка”, але ж спорт гэта і ёсьць палітыка”.

(Карэспандэнт: ) “Былы міністар Сівакоў таксама ня быў спэцыялістам у галіне турызму?”

(Плыткевіч: ) “Аднак магу толькі выказаць шкадаваньне, што так атрымалася. Хоць Сівакоў і ня быў спэцыялістам — ён увогуле не спартовец, не турыст — але за гэты час ён быў адназначна зацікаўлены ў разьвіцьці таго ж турызму. Для турыстычнай галіны Сівакоў быў на сваім месцы. Якая палітыка будзе праводзіцца новым міністрам, ня ведаю. На вышэйшым узроўні па-ранейшаму гаворыцца пра неабходнасьць разьвіцьця турызму, у першую чаргу, уязнога і ўнутранага. Але паўтару яшчэ раз: невядома, якая галіна пры гэтым будзе прыярытэтнай. Я чамусьці перакананы, што на першым месцы будзе спорт. А значыць, калі міністар ня будзе займацца турызмам, то турызм, які будзе толькі дадатковай галіной у гэтым ведамстве, прайграе”.

Сам Аляксандар Грыгараў дагэтуль не адмаўляўся ад кантактаў з журналістамі. Напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Афінах ён жорстка крытыкаваў галіновае міністэрства і асабіста Сівакова за мэдалёвае плянаваньне, называў авантурай удзел некаторых спартоўцаў у галоўных спаборніцтвах, гаварыў пра адсутнасьць грошай на разьвіцьцё спорту. Цяпер, заняўшы новую пасаду, спадар Грыгараў размоваў з прэсай пазьбягае.

(Грыгараў: ) “Я цяпер сяджу, размаўляю з чалавекам. Дык цяпер, дзеля вас, мне яго трэба выгнаць, ці што?”

Высьветліць, ці зьбіраецца спадар Грыгараў асвойваць турыстычную галіну, альбо сапраўды сканцэнтруецца толькі на вялікім спорце, не ўдалося. Тым ня меней, ад 1 ліпеня абавязковай умовай існаваньня турфірмаў ёсьць разьвіцьцё ўязнога турызму. Да гэтага спрычыніўся папярэднік Грыгарава, Юры Сівакоў. Аднак кіраўніца фірмы “Віаполь” Галіна Патаева лічыць: Сівакоў папросту падхапіў тое, без чаго дзяржава ня можа існаваць.

(Патаева: ) “Цяжка назваць яшчэ краіну, у якой не разьвіваецца ўнутраны турызм. Ёсьць такое паняцьце, як “залатое сячэньне турызму”: на чатыры “ўнутраныя турысты” мусяць быць два, якія ўяжджаюць, і адзін, які выяжджае. У нас цяпер першае месца займае турызм, зьвязаны з выездам за мяжу. Можа, і ня трэба імкнуцца рабіць так, як робіць увесь сьвет: канечне, чалавек адзін раз у жыцьці мусіць пабачыць Парыж. Раней не было такой магчымасьці, і таму цяпер старацца прытрымаць выязны турызм ні ў якім разе нельга. Апошнім часам шмат было пастановаў, заканадаўчых актаў, збораў прадстаўнікоў турысцкіх фірмаў, але гэта заслуга не аднаго Сівакова; гэта пачалося яшчэ з Шаршавіцкага і Шульгі. Гэтыя асобы таксама спрычыніліся да ўязнога турызму”.

(Карэспандэнт: ) “Пра новага міністра Грыгарава штосьці можаце сказаць?”

(Патаева: ) “Не, я яго так добра ня ведаю. Але будзем мець надзею…”

Камэнтуючы прызначэньне, Аляксандар Грыгараў заявіў, што гатовы выконваць даручэньні прэзыдэнта “любым коштам”. Што да Юрыя Сівакова, то ён бліжэйшым часам не зьбіраецца на дзяржаўную службу, а плянуе напісаньне навуковай працы па этыцы стасункаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG