Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Беларусь і Расея па-рознаму галасавалі ў Вашынгтоне


Уладзімер Глод, Менск На сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Вашынгтоне дэлегацыя Беларусі нечакана прагаласавала супраць рэзалюцыі аб удасканаленьні дзейнасьці АБСЭ ў галіне назіраньня за выбарамі, якую ініцыявала Расея. "За" -- Расеі й "супраць" Беларусі выглядаюць дзіўна, бо ўсяго два тыдні таму міністры замежных справаў Сяргей Лаўроў і Сяргей Мартынаў дамовіліся пра сумесныя дзеяньні на міжнароднай арэне. А яшчэ раней, у красавіку Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падпісалі Праграму ўзгодненых дзеяньняў дзьвюх краінаў у галіне вонкавай палітыкі. Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка.

Беларуская дэлегацыя яшчэ не вярнуліся са сталіцы Злучаных Штатаў ў Менск. І таму пакуль можна спасылацца на тыя паведамленьні, якія зьявіліся на розных сайтах. Высьвятляецца, што расейцаў актыўна падтрымалі Злучаныя Штаты Амэрыкі. А кіраўніца расейскай дэлегацыі, першы віцэ-сьпікер Дзярждумы Любоў Сьліска, у інтэрвію агенцтву ІТАР-ТАСС, па-першае, прызнала, што "папраўкі, якія ўнесьлі амэрыканцы ў праект рэзалюцыі, зрабілі дакумэнт больш дэмакратычным". А па-другое, спадарыня Сьліска паведаміла, што Беларусь з самага пачатку хацела выступіць у ролі сааўтара рэзалюцыі, але пасьля ўнясеньня ў яе паправак адкінула дакумэнт.

І гэта пры тым, што наглядальнікі адзначаюць -- нейкіх прынцыповых момантаў у рэзалюцыі не зьявілася, за выключэньнем, хіба, аднаго -- заклік да ўсіх краінаў АБСЭ "правесьці ўсеабдымны аналіз заканадаўства і выбарчай практыкі дзяржаваў-чальцоў АБСЭ, каб высьветліць, наколькі яны адпавядаюць міжнародным выбарчым стандартам..."

Лідэрка расейскай партыі "Дэмакратычны саюз" Валерыя Навадворская ўпэўненая, што Расея проста схітравала. Статус рэзалюцыі, пра якую мы вядзем зараз гаворку, выключна рэкамэндацыйны. А паколькі расейскія палітыкі куды больш дасьведчаныя і хітрэйшыя за беларускіх, яны пагадзіліся з папраўкамі, нават амэрыканскімі. Усё роўна пра рэзалюцыю хутка забудуцца. А вось беларусы, на думку Валерыі Навадворскай, дагэтуль вымяраюць усё выключна двума колерамі: белым ды чорным. І таму яны не захацелі быць разам з амэрыканцамі, галасаваць аднолькава зь імі.

(Навадворская:) "Натуральна, Расея зусім не зьбіраецца сачыць за выбарамі -- ні ў сябе, ні ў Беларусі. Мы памятаем, як яна "сачыла" за выбарамі ў Беларусі. Лукашэнка адсоткаў на 20, калі ня больш, фальшаваў вынікі. Так што, безумоўна, Расея не выправілася, калі прапанавала абсалютна крывадушную рэзалюцыю. Я толькі зьдзіўляюся, што Захад гатовы верыць у такія рэчы".

Беларусь не ўпершыню ігнаруе падпісаньне міжнародных дакумэнтаў у галіне выбарчага заканадаўства. Прыкладам, у 2002 годзе ў Кішынэве Беларусь не паставіла свой подпіс пад адпаведнай Канвэнцыяй краінаў СНД. Той дакумэнт прадугледжваў агульныя галоўныя выбарчыя стандарты для ўсіх дзяржаваў Садружнасьці. І ў ім, у прыватнасьці, ёсьць палажэньні, якіх да гэтага часу няма ў беларускім заканадаўстве. Прыкладам, назіральнікі, згодна з Канвэнцыяй, маюць права атрымаць на выбарчых участках зьвесткі аб выніках галасаваньня, якія афіцыйна завяраюць старшыні адпаведных камісіяў. І таму я пацікавіўся ў аднаго з беларускіх спэцыялістаў у галіне выбарчага заканадаўства -- Міхаіла Пліскі, ці ёсьць хоць адзін міжнародны дакумэнт, на які арыентуецца беларускае заканадаўства.

(Пліска:) "Фактычна Беларусь прытрымліваецца той агульнай Дэклярацыі, якая была прынятая яшчэ ў 1990 годзе, дзе прапісаныя толькі агульныя рэчы пра свабоду й дэмакратычнасьць выбараў. Але, як кажуць, д''ябал заўжды хаваецца ў дробязях. І чым больш канкрэтызавала міжнародная супольнасьць, перадусім, эўрапейскія структуры абавязацельствы, якія мусіць выконваць кожная краіна, тым часьцей, а дакладней -- заўжды, Беларусь ухілялася ад падпісаньня гэтых дакумэнтаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG