Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Красоўская выступіць у Эўрапарлямэнце


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня перад будынкам Эўрапейскага парлямэнту прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі правядуць пікет, прысьвечаны 5-й гадавіне ад часу зьнікненьня тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага. Тэма палітычна матываваных зьнікненьняў у Беларусі таксама будзе закранутая і на самім паседжаньні Эўрапарлямэнту ў францускім Страсбуры.

У Страсбуры знаходзіцца Ірына Красоўская, адна з лідэраў грамадзянскай ініцыятывы "Мы памятаем”, жонка бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які зьнік разам з апазыцыйным палітыкам Віктарам Ганчаром у 1999 годзе. Яна выступіць на сёньняшнім паседжаньні Эўрапарлямэнту з дакладам пра сытуацыю ў Беларусі.

(Красоўская: ) “Я зноў зьбіраюся выступіць па праблемах правоў чалавека, таму што мы бачым, што сытуацыя не паляпшаецца, а пагаршаецца. Пасьля апошняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнта мы зноў атрымалі новыя доказы таго, што ўлады не зьбіраюцца паляпшаць сытуацыю з правамі чалавека. Напрыклад, пасьля апошняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнта мы атрымалі чатырох новых палітычных вязьняў, таксама павялічваецца ціск на незалежныя мэдыі, таксама зачыняюцца недзяржаўныя арганізацыі. Я лічу, пакуль сытуацыя з правамі чалавека не будзе паляпшацца мы павінны аб гэтым гаварыць ва ўсіх міжнародных структурах, уключаючы Эўрапарлямэнт, які якраз мае рэальныя рычагі ўзьдзеяньня".

Сёньня ж эўрапарлямэнтары мусяць прагаласаваць за рэзалюцыю па Беларусі, якая прысьвечана палітычнай сытуацыі ў краіне і незалежным сродкам масавай інфармацыі ў Беларусі. Дакумэнт распрацаваны дэлегацыяй па сувязях з Беларусьсю з удзелам шэрагу фракцыяў Эўрапарлямэнту.

Учора тэкст гэтага дакумэнта быў прадстаўлены парлямэнту. Паводле кіраўніка дэлегацыі па сувязях з Беларусьсю Богдана Кліха, у гэтай рэзалюцыі, між іншым, асуджаюцца дзеяньні беларускіх уладаў, якія пагаршаюць свабоду прэсы, а таксама перашкаджаюць працы Саюза палякаў Беларусі. У дакумэнце прапануецца стварыць магчымасьці для падтрымкі і адукацыі беларускіх журналістаў. У якасьці крыніцаў незалежнай інфармацыі прапануецца арганізаваць вяшчаньне радыёстанцый і падтрымаць інтэрнэт-праекты. Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі супраць маладых людзей, якіх выключаюць з навучальных установаў за палітычныя перакананьні. Эўрапарлямэнтары заклікаюць Эўракамісію і Раду Эўразьвязу прыняць канкрэтныя меры па выпраўленьні сытуацыі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG