Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў таму зьнік журналіст Зьміцер Завадзкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня спаўняецца пяць гадоў, як быў скрадзены апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі. У Менску і ў іншых гарадох Беларусі пройдуць акцыі грамадзскага напаміну пра злачынства, якое дагэтуль не раскрытае. Пра асаблівасьці расьсьледаваньня справы Завадзкага раскажа наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч.

Зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага стала самым гучным злачынствам 2000 году . Журналіст зьнік сярод белага дня, як кажуць, бясьсьледна. Побач з аэрапортам “Менск -2” знайшлі толькі ягоны аўтамабіль, у якім Завадзкі выехаў у аэрапорт, каб сустрэць свайго калегу русейскага журналіста Паўла Шарамета. Аўтамабіль быў акуратна прыпаркаваны на пляцоўцы. Беларускія ўлады адразу заявілі, што прыкладуць усе намаганьні, каб знайсьці зьніклага журналіста. У пракуратуры краіны стварылі сьледчую групу, у якую ўвайшлі найлепшыя спэцыялісты. Але галоўнага выніку няма. Гэтак і невядома, дзе Зьміцер Завадзскі, што зь ім здарылася і хто тыя людзі, якія задумалі гэтае злачынства? Чаму няма адказаў на пастаўленыя грамадзкасьцю пытаньні? Вось што думае на гэты конт жонка Зьмітра Завадзкага Святлана.

(Завадзкая: ) “Усё, што адбываецца ўсе гэтыя гады -- тое, як улада ставіцца да гэтай праблемы, як не жадае расьсьледаваць, яўна не жадае знайсьці праўду, кажа пра тое, што самі людзі ў вышэйшых эшалёнах улады датычныя да гэтага зьнікненьня... Мяркую, пяці гадоў дастаткова, каб у такой гучнай справе паставіць кропку”.

Нагадаю, тры гады таму суд прызнаў вінаватымі ў выкраданьні журналіста ОРТ Зьмітра Завадзкага былых міліцыянтаў Ігнатовіча і Маліка, якіх пакаралі пажыцьцёвым зьняволеньнем за забойствы і рэкет. Але Ігнатовіч і Малік гэтак і не сказалі, што здарылася з журналістам, якога яны быццам скралі. Адвакат Гары Паганяйла, які абараняе інтарэсы сваякоў Завадзкага, не выключае: улады заключылі з асуджанымі пэўную дамову, каб схаваць праўду ад грамадзкасьці.

(Паганяйла: ) “Ігнатовіч і Малік адбываюць даўгія тэрміны ў Беларусі і натуральна, што зь імі могуць праводзіць і сьледчыя і апэратыўныя дзеяньні, але гэтага ня робіцца. Сьледзтва не высьвятляе і асобы іншых невядомых людзей, пра якіх згадвалася ў прысудзе, што яны удзельнічалі ў выкраданьні. Але й тут нічога не было, нікому ж ніякіх абвінавачваньняў ня вылучана. Атрымліваецца сумны вынік: дзяржава альбо ня хоча займацца расьсьледаваньнем, альбо робіць гэта скрайне непрафэсійна.”

Нядаўна ў Беларусі загаварылі пра новую вэрсію выкраданьня Зьмітра Завадзкага. Нібыта да злачынства супроць журналіста магла мець дачыненьне банда рабаўнікоў і забойцаў, якую нядаўна затрымалі ў Калінкавічах Гомельскай вобласьці. Банда дзейнічала каля дзесяці гадоў, на яе рахунку дзясяткі цяжкіх злачынстваў, у тым ліку й забойствы.

Сьледчы менскай пракуратуры Уладзімір Чумачэнка не адказаў на маё пытаньне пра тое, ці правяраецца сьледзтвам калінкавіцкая вэрсія зьнікненьня Завадзкага. Сьледчы сказаў, што з усімі пытаньнямі я мушу зьвяртацца да кіраўніка сьледчай групы Івана Бранчаля ў рэспубліканскую пракуратуру. Але Іван Бранчаль таксама не пажадаў размаўляць пра вынікі пяцігадовага расьсьледаваньня справы Зьмітра Завадзкага. У прэсавай службе пракуратуры паўтарылі толькі тое, што сьледзтва па справе Завадзкага нядаўна адноўленае і вядуцца пэўныя сьледчыя дзеяньні.

Адвакат Гары Паганяйла да чутак пра калінкавіцкую вэрсію паставіўся вельмі скептычна. Ён перакананы: улады зацікаўленыя ў распаўсюдзе такіх чутак, паколькі гэта на пэўны час дапамагае заблытаць грамадзтва. Гары Паганяйла не выключае, што калінкавіцкіх забойцаў могуць прымусіць узяць на сябе адказнасьці і за Зьмітра Завадзкага. А Святлана Завадзкая зьвязала апошнюю дэманстрацыю актыўнасьці сьледзтва зь дзейнасьцю камісіі па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі. Гэтая камісія, паводле Завадзкай, здолела прыцягнуць ўвагу да гадамі невырашальнай праблемы Уладзіміра Пуціна. Таму не выключаецца, што ў Расеі пачнецца сваё расьсьледаваньне справы журналіста ОРТ. Святлана Завадзкая мяркуе: менавіта гэтага й баяцца ўлады Беларусі, а таму прымаюць адпаведныя захады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG