Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны піяр падчас сьвяткаваньня "Дня Незалежнасьці" 3 ліпеня


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 4 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і культуроляг Максім Жбанкоў.

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля рэфэрэндуму 1996 году, падчас якога было вырашана лічыць 3 ліпеня Днём Незалежнасьці, гэтае сьвята зьяўляецца самым масавым у Беларусі. Улады адмовіліся ад масавага выхаду людзей на вуліцы падчас такіх сьвятаў, як 1 траўня альбо дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, альбо нават на Дзень Перамогі. Але на сьвята 3 ліпеня ўлады робяць усё, каб зрабіць яго масавым, усенародным, каб людзі самі, добраахвотна выходзілі на вуліцу. Тым самым у масавай сьвядомасьці, па-першае, умацоўваецца ідэя незалежнасьці Беларусі, а па-другое, яна спалучаецца зь імем Лукашэнкі. Чым цяперашняе сьвяткаваньне адрозьнівалася ад папярэдніх сьвяткаваньняў Дня Незалежнасьці?”

(Уладзімер Падгол: ) “Найперш, гэтае сьвяткаваньне — адна з кульмінацыйных акцыяў падрыхтоўкі Лукашэнкі да выбараў прэзыдэнта Беларусі і да мажлівых прамых выбараў віцэ-прэзыдэнта саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Таму і патрабаваньні Лукашэнкі да гэтай акцыі адпаведныя. Бо трэба было ўжыць усе сродкі, каб максымальна ўзьвінціць ягоны рэйтынг. Яму трэба рабіць нейкія абсалютна незвычайныя крокі, каб рэклямаваць і свой лад і сваю асобу”.

(Максім Жбанкоў: ) “Я да гэтага стаўлюся перадусім з эстэтычнага гледзішча. Таму што ў аспэкце палітычным ніякіх навінаў не было. Але былі навацыі ў галіне масавых камунікацыяў. Сьвята было выдатна зрэжысаваным пэрформансам, прычым, з улікам найноўшых тэхналёгіяў уплыву на сьвядомасьць з досьведу каляровых рэвалюцыяў. Як ні парадаксальна гэта гучыць, Лукашэнка выкарыстоўвае гэтыя тэхналёгіі ва ўласных мэтах. І, шчыра кажучы, гэта ў яго нядрэнна атрымліваецца.

У якасьці прыкладу магу згадаць тыя ж каляровыя стужкі. Гэта было пасьпяхова выкарыстана падчас украінскай рэвалюцыі (аранжавыя стужкі). Потым у Маскве падчас сьвята Перамогі былі выкарыстаныя “георгіеўскія” стужкі. І вось падчас сьвята ў Менску чырвона-зялёныя стужкі былі на адзеньні людзей, антэнах аўто і іншым. Гэтыя сродкі простыя, эфэктыўныя і эмацыйна ўплывовыя. І каманда Лукашэнкі выкарыстоўвае іх таксама так, як гэта рабіла каманда Юшчанкі”.

(Карбалевіч: ) “Два дні запар Лукашэнка выходзіў “у народ”. У суботу ён ня толькі ўдзельнічаў у спартовых спаборніцтвах, але прыйшоў і на моладзевую дыскатэку. У нядзелю прысутнічаў на канцэрце на Кастрычніцкай плошчы, нават падняўся на сцэну і зьвярнуўся да моладзі зь невялікаю прамоваю — асабліва гэта было нечакана. Апошнія гады Лукашэнка выступае перад адмысловай, старанна падрыхтаванаю аўдыторыяй. Ці то гэта гаспадарчыя актывы, паседжаньні прадстаўнікоў намэнклятуры, сходы актывістаў БРСМ. Нават сустрэчы са студэнтамі старанна рыхтуюцца, адбываецца адбор надзейных.

Выхад на трыбуну перад шматтысячным натоўпам выпадковых людзей, асабліва маладых, сярод якіх шмат было нападпітку — гэта даволі вялікая рызыка. Невядома, як яго маглі сустрэць. Гледзячы па тым, што мы ўбачылі ў прамой тэлетрансьляцыі — сустрэлі добра, махалі дзяржаўнымі сьцяжкамі, былі авацыі. Дзеля чаго аўтарытарнаму кіраўніку ісьці на такую рызыку? Можна ж было, як і раней, выступіць перад актывістамі БРСМ і аб’явіць гэта сустрэчай зь беларускай моладзьдзю”.

(Падгол: ) “Вы паддаліся на гэтую магію спэктаклю. Як заўважыў Жбанкоў, некалькі дзён запар актывісты БРСМ распаўсюджвалі стужкі, хадзілі па горадзе, вешалі іх на адзеньне, аўтамабілі і іншае. Калі б вы ўважліва глядзелі тэлетрансьляцыю, вы б заўважылі, што сцэна недзе на 50—100 мэтраў была аточаная актывістамі БРСМ. Яны былі заўважныя тым, што па камандзе скандавалі “Беларусь” і іншае. Гэтая група была актыўная і яскравая. І на плошчу прывялі вельмі шмат актывістаў БРСМ, прыхільнікаў Лукашэнкі з усёй Беларусі. І толькі астатнія былі выпадковыя людзі. І Лукашэнка з сваёй камандай, ахоўнікамі пайшоў танчыць якраз у гэтую сарцавіну актывістаў БРСМ. І там яму немажліва было чакаць нейкіх эксцэсаў. Вельмі добры спэктакль”.

(Жбанкоў: ) “Я згодзен з Падголам. На самай справе ніякай рызыкі для Лукашэнкі не было. На такіх відовішчах заўсёды спрацоўвае гуртавы інстынкт. Калі навокал чалавека крычаць нейкія лёзунгі, то трэба мець даволі разьвітую індывідуальнасьць, каб нават проста прамаўчаць. Бо спрацоўвае інэрцыя. І чалавек слабы, а іншыя на гэтая сьвята і не прыйшлі, падпарадкоўваецца гэтай агульнай эмацыйнай хвалі. А гэтая хваля была арганізаваная і скіраваная на падтрымку “бацькі”. Як кажуць, “чужыя тут ня ходзяць”. Сапраўды, чужых там не было”.

(Падгол: ) “Да таго ж прыхільнасьць шмат якіх маладых людзей, якіх альбо даставілі туды, альбо самі прыйшлі, была элемэнтарна купленая. Каб у звычайнай сытуацыі прыйсьці на канцэрт Баскава ці іншай зоркі, трэба выкласьці немалыя грошы, якіх у моладзі няшмат. А тут бясплатная дыскатэка з зоркамі расейскай і беларускай эстрады (вядома, што беларускія ўлады за гэта ім добра плацяць). Атрымалася, што Лукашэнка проста праплаціў дыскатэку. Таму людзі і ўдзячныя за гэта.

Гэта была папераджальная “каляровая рэвалюцыя” Лукашэнкі ў выглядзе дыскатэкі. Хутчэй за ўсё, ня раз напярэдадні выбараў вось гэтую панараму плошчы з натоўпам на дзясяткі тысяч чалавек будуць паказваць па тэлевізіі і камэнтаваць: “Паглядзіце, колькі людзей за прэзыдэнта, а калькі людзей зьбіраюць апазыцыйныя “отщепенцы”.

(Карбалевіч: ) “Тры дні сьвяткаваньня пакінулі даволі супярэчлівае ўражаньне. З аднаго боку, адбываецца вяртаньне імені Сталіна. Гэта і адкрыцьцё “лініі Сталіна”, і зьяўленьне партрэтаў Сталіна падчас шэсьця вэтэранаў. У пэўным сэнсе можна нават казаць пра рэстаўрацыю сталінізму ў грамадзкім жыцьці, калі ўлічыць маштаб рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасьці, абыякавасьць да меркаваньня людзей пры перайменаваньні менскіх вуліцаў.

А зь іншага боку, акрамя бюракратызацыі, абдзяржаўленьня грамадзкага жыцьця, пашыраюцца спробы апэляцыі да народу: ці то “ўсенароднае абмеркаваньне” правілаў вулічнага руху, ці то зьвяртаньне да моладзі на плошчы з патрыятычным заклікам. Калі гэта і сталінізм, то, мусіць, у нейкай новай, мадэрнізаванай, папулісцкай форме. Гэта хутчэй нагадвае мадэль кіраваньня Фідэля Кастра. Як вы пракамэнтуеце гэтыя неадназначныя працэсы? Апэляцыя да народу — гэта рытуал, ці гэта сапраўднае жаданьне мець рэальную падтрымку насельніцтва?”

(Падгол: ) “Гэта не апэляцыя да народу, а ягоная імітацыя. Падчас ускладаньня кветак ля помніку Перамогі Лукашэнка сказаў у выступе, што армія выканае любы загад, які дасьць народ. Узьнікае пытаньне: страляць у апазыцыю — гэта таксама маецца на ўвазе? Вось такая апэляцыя да народу.

У Лукашэнкі ёсьць шыкоўны выраз: “Беларусы — гэта расейцы, толькі з знакам якасьці”. Дык вось цяпер ідзе фармаваньне, трансфармацыя новага іміджу, вобразу, які можна сфармуляваць так: Лукашэнка — гэта Сталін, толькі з знакам якасьці. Лукашэнка цьвердзіў, што мы ніколі не дапусьцім таго, што было на пачатку мінулай вайны, калі вораг лёгка прайшоў па нашай тэрыторыі. Цяпер ніякі вораг ня зможа заваяваць нас. Такім чынам Лукашэнка ўзвышаецца над Сталіным. Ён разумее, што імя Сталіна ёсьць у сьвядомасьці старых, нават нейкія рэшткі ёсьць і ў маладых. Таму Лукашэнка і лепіць гэты вобраз”.

(Жбанкоў: ) “Зварот да народу — гэта заўсёды нейкае рытарычнае пытаньне, якое не прадугледжвае крытычнага аналізу. На рытарычнае пытаньне можа быць толькі сымэтрычны рытарычны адказ: так альбо не. Вось вы згадвалі Фідэля Кастра. Гэта менавіта ягоная стратэгія: шоў прамоўцы, зварот нібыта да нацыі. На самай справе такі зварот мае дакладна пралічаныя схемы адказу. Таму гэта ня быў зварот да народу. Гэта быў зварот, як заўсёды атрымліваецца ў Лукашэнкі, да нейкага сацыяльнага падсьвядомага, базавых інстынктаў: “Мы — гэта не яны. Яны ніколі нас не абразяць. Гэта нашая краіна, нашая рэлігія”. Гэта базавыя, архетыпныя і вельмі прымітыўныя рэчы, якія абсалютна не адлюстроўваюць нармальнага стану грамадзкай сьвядомасьці. А вось грамадзкае падсьвядомае менавіта на гэтых базавых рэчах і будуецца.

Вось Падгол зазначыў, што Лукашэнка — гэта Сталін, толькі з знакам якасьці. Так і ёсьць. Гэты новы павадыр адбудоўвае для сябе новы сталінізм, дакладней кажучы, новую сталінісцкую аўдыторыю. Таму гэта размова не з народам, а з электаратам, якога ў чымсьці ўпэўніваць і ня трэба. Ён ужо гатовы. Але яму штодзень патрэбная эмацыйная падпітка. Што і робіцца на такіх рытуальных шоў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці паказала, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў улады імкнуцца выкарыстоўваць новыя формы і сродкі палітычнага піяру, удасканаліць мэханізм кантролю над грамадзтвам”.
XS
SM
MD
LG