Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы на расейскай Поўначы (Рэспубліка Комі) – перадача другая


Ганна Сурмач, Прага (06.21.2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Зінаіда Губер, Аркадзь Крупенька, Уладзімер Дукса (Сыктыўкар).

Рэспубліка Комі зьвязаная зь Беларусьсю асабліва моцнай повязьзю. Сюды ў перадваенны і пасьляваенны час трапіла шмат ссыльных беларусаў і многія зь іх засталіся там назаўсёды. У 1950-70-ыя гады на Поўнач зь Беларусі ехалі на заробкі, а некаторыя трапілі туды і па разьмеркаваньні пасьля заканчэньня вучобы.

Удзельнікі нашай сёньняшняй перадачы якраз прадстаўляюць тыя групы беларусаў, які аказаліся на Поўначы тыповымі шляхамі, характэрнымі для савецкага часу.

Вядома, што найбольш драматычным быў лёс тых, каго прымусова высылалі ў паўночныя лягеры. У мінулай перадачы вы пазнаёміліся з жанчынаю – Антанінай Філіпавай, якая апынулася ў Комі разам са сваёй рэпрэсаванай сям’ёю і засталася там назусім.

Лёс нашай сёньняшняй госьці сьведчыць аб тым, што ў высланых зь Беларусі сем’ях станавіліся рэпрэсаванымі і яшчэ ненароджаныя дзеці, тыя, якія прыйшлі на сьвет ўжо ў ссылцы.

Зінаіда Губер (па бацьку Латушка) нарадзілася ў сям’і ссыльных Уладзімера і Аляксандры Латушкаў, якіх вывезьлі зь Беларусі ў Комі ў 1935 годзе. З бацькамі выехаў на Поўнач іх пяцігадовы сын. Праз чатыры гады маладая сям’я папоўнілася і дачкою Зінаю.

(Губер: ) "Я тут нарадзілася ў Комі, пражыла усё жыцьцё і тут памру, але кроў у мяне беларуская".

Сталінскія рэпрэсіі скалечылі жыцьцё бацькоў Зінаіды. Абодва яны былі актыўнымі людзьмі, старанна будавалі жыцьцё зь вераю ў сьветлую будучыню, пра якую распавядала савецкая прапаганда.

(Губер: ) "Мама ў сельскагаспадарчай камуне жыла, перадавой даяркаю была, была дэлегаткаю Другога усебеларускага зьезду. Бацька ваенна-палітычныя курсы скончыў, у ваенную акадэмію яго накіроўвалі. Вялікая будучыня была б у маіх бацькоў, але апынуліся яны тут".

Чаму так сталася, якая ў іх віна была перад савецкаю ўладаю?

(Губер: ) "У майго дзеда была ў вёсцы хата, ён не быў у калгасе. У 1933 годзе гэтая хата згарэла, яны мусілі будаваць новую хату, грошай не хапала і таму у іх быў доўг па аплаце падаткаў. І з-за гэтага доўгу майго бацьку выключылі з партыі і выслалі, а дзеда расстралялі, толькі з-за падаткаў".

На Поўначы сям’я Латушкаў мусіла змагацца за жыцьцё, карміць дзяцей. Тут Латушкаў напаткала новая бяда.

(Губер: ) "Яны зрабілі сабе агарод, выкарчавалі лес. Калгас падаў на іх у суд за прысваеньне калгаснай зямлі. Вось у 1939 годзе бацьку за гэта пасадзілі на два гады ў лягер. І той жа старшыня калгасу, які пасадзіў бацьку, таксама праз паўгады апынуўся там і бацька пісаў, што дзеліцца з ім там кавалкам хлеба".

Аднак і на гэтым не скончыліся пакуты Уладзімера Латушкі.

(Губер: ) "Потым ужо вайна пачалася і бацьку забралі з лягера, нават дадому не пусьцілі, адразу на фронт, пад Ленінград і яго там забілі.

Маці пражыла 60 гадоў на чужыне, адна з намі. Колькі перажыта!

Прабачце, што я так расхвалявалася. За маці крыўдна, бацьку я зусім не памятаю, калі бацьку арыштавалі мне быў год і чатыры месяцы. Як маці цяжка тады было!

Ой, час быў, не дай Божа. Мая маці пражыла цяжкае жыцьцё, але яна ніколі не скардзілася. Толькі аднаго хацела, яна казала мне: "Зіна, нічога не хачу ў жыцьці, каб толькі разок з Валодзяй сустрэцца, хаця на тым сьвеце, і ўсё распавесьці пра сваё жыцьцё, як я без яго жыла".

Вашая маці памятала пра сваю Радзіму, гаварыла Вам пра Беларусь?

(Губер: ) "Шмат гаварыла, мая маці была вельмі адукаваная, яна добра ведала паэмы на беларускай мове, слухала б яе не адрываючыся".

Вам самой давялося пабываць ў Беларусі?

(Губер: ) "Шмат разоў. Калі маці памерла, я тады вырашыла паехаць у Беларусь. Там родных наведала, могілкі, там усе родныя мамы ляжаць на могілках у той вёсцы, дзе яна нарадзілася, гэта Менскі раён, вёска Валіцкаўшчына каля Самахвалавічаў. А потым у бацькавай вёсцы пабывала – в. Пяскі, Пухавіцкага раёну, там таксама радня ёсьць, таксама схадзіла на могілкі.

І вось тады я вярнулася ў Сыктыўкар і бачу ў газэце аб''яву, што беларусы зьбіраюцца. Як жа я такое прапушчу. Я і пайшла. Потым, калі хор пачаў арганізоўвацца, канешне, я першая прыйшла”.

Так Зінаіда вярнулася да сваёй беларускасьці і стала сябрам створанай Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Ў Рэспубліцы Комі. Жыве яна ў Сыктыўкары, пэнсіянэрка, працавала інжынэрам.

(Губер: ) "У гэтым таварыстве я знаходжу адзіную аддушыну на гэтым сьвеце. Я проста хаджу туды, знаходжу агульныя зацікаўленасьці зь людзьмі, у хоры сьпяваю. Сьпяваем там песьні беларускія – "Ехаў Ясь на кані", "Колькі ў небе зор", "Не шукай ты мяне", "У суботу Янка ехаў ля ракі".

Чым далей я жыву, тым больш пераконваюся, што лепшай нацыі, чым беларусы, няма. І дзе я толькі іх не сустракала, я шмат езьдзіла некалі па Савецкім Саюзе, усюды я пазнавала беларусаў.

Прыеду ў Беларусь, заўсёды дзіўлюся, што нават у аўтобусе ўступаюць мейсца – такая культура”.

***

У 1950-я гады беларусы ехалі на Поўнач ужо, як выглядала, па ўласнай волі. Але ў сапраўднасьці беларускую моладзь выганяла з хаты галеча. Маладыя хлопцы ехалі ў Карэлію і Комі на заробкі па так званаму арганізаванаму набору на лесанарыхтоўкі. Так апынуўся на Поўначы юнак зь вёскі на Ашмяншчыне Уладзімер Дукса. Да таго ж гэта была тады адзіная магчымасьць уцячы з калгасу і таму хлопец не вярнуўся на Радзіму.

(Дукса: ) "Я прыехаў сюды, адпрацаваў больш за год. Пайшоў у войска адсюль, пасьля вярнуўся. Жонку – беларуску ў войску пад Ленінградам знайшоў. Служыў там і знайшоў магілёўскую дзяўчыну – Софію. Потым маці зь сёстрамі і братамі (дзьве сястры і два браты) перавёз сюды “

Дзе Вы працавалі, якая ў Вас прафэсія?

(Дукса: ) "Працаваў у трох мейсцах, зьвязаных з транспартам. Спачатку працаваў на рацэ, я меў прафэсію судавадзіцеля. Лес сплаўлялі. Потым пайшоў у аэрапорт сьлесарам па рамонце самалётаў. З вады падняўся ў паветра, а потым апусьціўся на чыгунку. Адтуль выйшаў на пэнсію”.

Уладзімер таксама сябра беларускага грамадзкага аб’яднаньня ў Комі, сьпявае ў хоры. Сваю нацыянальную адметнасьць ён не страціў на чужыне і, можна сказаць, што адчувае яе далёка ад Радзімы больш глыбока.

(Дукса: ) "Мы вельмі падтрымліваем тут беларускія традыцыі, хаця мы і не размаўляем на беларускай мове. Але нават у Менску на чыстай беларускай мове ніхто не размаўляе.

Канечне, крыўдна, да глыбіні душы крыўдна. Вось украінцы размаўляюць па-украінску, а у нас выбілі, выбілі даўно, вякамі выбівалі беларускую мову.

Быў я нядаўна ў Ашмянах, цягне на Радзіму. Што мяне зьдзівіла? Куды б я не прыехаў, я заўсёды імкнуся наведаць культурныя установы, каб узяць нейкі рэпэртуар для нашага хору, на беларускай мове, зразумела. А ў мяне там пытаюцца ў Ашмянах: "А што, вы там на Поўначы яшчэ па-беларуску гаворыце?" Вы ўяўляеце!

Я разумею, што для іх гэта ня так важна, там усюды беларускасьць, усюды Беларусьсю пахне. А мы тут сумуем па сваёй Радзіме. нам баліць усё гэта. (Цытуе словы Адама Міцкевіча "О Літва, Айчына мая... Ты як здароўе!")

Вы сказалі, што ўжо больш 40 гадоў выступаеце у мастацкай самадзейнасьці, пэўна Вы яшчэ і дома сьпявалі? Якую песьню памятаеце зь дзяцінства?

(Дукса: ) "Сьпявае песьню “Ой ляцелі гусі з далёкага краю”... Выганіш кароваў на пашу ў лес і сьпяваеш целы дзень. Голас мы так разьвівалі. А зараз паспрабуйце разьвіць голас у гарадзкіх умовах, гэта немагчыма. Голас разьвіваецца ў натуральных умовах. Зараз вось я толькі вярнуўся дахаты. Мы сьпявалі на вясельлі для нашай Алены. Было вясельле і яна захацела, каб мы павіншавалі яе ў сваіх беларускіх строях. Яна нарадзілася ў Беларусі, працуе ў нас у суполцы як сакратарка, вось сёньня мы яе віншавалі з песьнямі".

У тыя ж 1950-я гады на працу у паўночныя раёны СССР пачалі накіроўваць юнакоў і дзяўчат зь Беларусі, якія скончылі прафэсійныя навучальныя ўстановы. Як спэцыялісты, яны траплялі пераважна на кіруючыя пасады і шмат хто зь іх зрабіў там добрую службовую кар’еру. Так без сумневу можна сказаць пра Аркадзя Крупеньку, які цягам 16 гадоў быў міністрам мясцовай прамысловасьці Рэспублікі Комі, з 1972 па 1988 год. Цяпер спадар Аркадзь пэнсіянэр, займаецца пераважна грамадзкай працаю і зьяўляецца кіраўніком Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі ад часу яе стварэньня ў 1997 годзе. Родам сп. Крупенька са Шклоўскага раёну.

(Крупенька: ) "Я Аршанскі чыгуначны тэхнікум у 1951 годзе скончыў, атрымаў накіраваньне на Поўнач і з таго часу да сёньняшняга дня жыву тут у Комі. У мяне яшчэ дзьве вышэйшыя адукацыі.

Цяпер я маю дзьве радзімы, гістарычная – Беларусь, дзе мае дзяцінства і юнацтва прайшлі, і 54 гады ўжо на Поўначы. Радзіма гістарычная цягне, а сучасная, дзе жыву, не адпускае".

Не хацелі вярнуцца на Бацькаўшчыну пасьля развалу СССР, калі шмат хто зь беларусаў пачалі ад''яжджаць дадому?

(Крупенька: ) "Я у свой час спрабаваў пераехаць у Беларусь. Мяне прымалі, прапаноўвалі працу, але пры ўмове, калі без праблемаў адпусьцяць мяне з працы на Поўначы, а мяне тут не адпускалі.

А потым зацягнула мяне гэтая адказная праца, зь якой проста так не ад''яжджаюць.

Цяпер ужо дзеці вырасьлі, іх у мяне трое – дочкі, усе замужам, ва ўсіх па двое дзяцей, і праўнука маю, у Сыктыўкары ўсе жывуць. Так што карані ужо тут пушчаныя. Даводзіцца цяпер больш думаць пра дзяцей, унукаў і калі ад''еду, то будзе цягнуць сюды".

Спадар Аркадзь, зараз у мяне пытаньне да Вас, як да кіраўніка Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі? Якія сёньня існуюць эканамічныя сувязі паміж Рэспублікаю Комі і Беларусьсю?

(Крупенька: ) "У нас тут кідаецца ў вочы, што мы вельмі моцна зьвязаныя зь Беларусьсю. Дзьве крамы ёсьць з надпісам "Беларускі абутак", на самых цэнтральных вуліцах. Ёсьць сумеснае прадпрыемства "КомМАЗсервіс", зьвязанае зь менскім МАЗам, ён пастаўляе сюды машыны, лесанарыхтоўчую тэхніку.

Па вуліцах Сыктыўкара ходзяць аўтобусы з надпісамі "Беларусь-Комі". Гэта МАЗаўскія аўтобусы, некалькі маршрутаў абслугоўваюць у горадзе.

Ёсьць магазын "МАЗ-ВАЗ-КАМАЗ – аўтазапчасткі", на першым мейсцы бачыце – МАЗ.

Яшчэ ёсьць крама "Беларускі тэкстыль", там добрыя тавары, карыстаюцца попытам, таксама на цэнтральнай вуліцы.

Недзе 5-6 гадоў таму з усіх экспартных паставак Рэспублікі Комі ў краіны СНД на Беларусь прыпадала больш за 70 працэнтаў. Што менавіта – папера, нафта, газ, каменны вугаль, так што пераважна паліва-энэргетычныя рэсурсы.

Цяпер жа сытуацыя зьмянілася не да лепшага. Але нядаўна прыяжджала вялікая дэлегацыя зь Беларусі, недзе 15 чалавек, на запрашэньне нашай гандлёва-прамысловай палаты. Я на ўсіх гэтых мерапрыемствах быў, як кіраўнік Беларускай аўтаноміі, у гэтых справах нас заўсёды запрашаюць. Так што тут ёсьць моцныя сувязі зь Беларусьсю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG