Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спаборніцтва за права правесьці Алімпіяду 2012 выйграў Лёндан


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Учора апоўдні ў часе 117-й сэсіі Міжнароднага алімпійскага камітэту, што адбылася ў Сінгапуры, быў абраны горад, у якім адбудуцца летнія алімпійскія гульні 2012 году. Ім стаў Лёндан, які апярэдзіў чатырох канкурэнтаў.

Пасьля сканчэньня сэсіі, старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), Жак Рагэ заявіў.

(Рагэ: ) “Маю гонар абвесьціць, што 30-я алімпійскія гульні адбудуцца ў 2012 годзе ў Лёндане”.

Адразу пасьля словаў старшыні МАК, на Трафальгарскім пляцы ў Лёндане пачалося гучнае сьвяткаваньне – дзясяткі тысячаў брытанцаў цешыліся, што алімпіяда адбудзецца менавіта ў іхнай краіне.

“Я вельмі рады і абяцаю, што ўсё будзе дасканала арганізавана. Нашы госьці ніколі не забудуцца на гэтае вялікае спартовае сьвята”, – заявіў мэр Лёндану Кэн Лівінгстоўн.

У Парыжы, наадварот, запанаваў смутак, бо менавіта сталіца Францыі лічылася фаварытам.

Галасаваньне праходзіла ў чатыры туры – спачатку сябры Камітэту маглі выбраць паміж Лёнданам, Парыжам, Мадрыдам, Нью-Ёркам і Масквой.

Масква вылецела ў першым жа туру, затым вылецелі Нью-Ёрк і Мадрыд. А ў апошнім туры галасаваньня сталіца Вялікай Брытаніі перамагала сталіцу Францыі зь перавагай усяго чатырох галасоў – 54 да 50.

Прычым яшчэ да галасаваньня, фаварытам лічыўся менавіта Парыж, а Маскве давалі менш за ўсё шанцаў стаць гаспадаром алімпійскіх гульняў у 2012 годзе.

У часе гадзінных прэзэнтацыяў, якія ладзіў кожны з гарадоў-кандыдатаў, дэлегатаў сэсіі МАК пераконвалі прэзыдэнты, прэм’ер-міністры, зоркі спорту і эстрады, сярод якіх былі Джордж Буш, Хілары Клінтан, Мухамад Алі, Стывэн Сьпілбэрг – яны заклікалі сяброў камітэту галасаваць за Нью-Ёрк.

Тыя, аднак, абралі Лёндан. Паводле прэм''ер-міністра Вялікай Брытаніі Тоні Блэра, які асабіста прыехаў у Сінгапур, перадусім гэта заслуга адмысловай групы, якая займалася падрыхтоўкай і прасоўваньнем брытанскай сталіцы ў барацьбе за права стаць гаспадаром гульняў.

Алімпійскія гульні ў Лёндане пройдуць ужо трэці раз – раней яны адбываліся ў брытанскай сталіцы ў 1908 і 1948 годзе.
XS
SM
MD
LG