Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць адстаўку Юрыя Сівакова


Алесь Дашчынскі, Менск Аляксандар Лукашэнка звольніў з пасады міністра спорту і турызму Юрыя Сівакова. Сёньня ў Мінспорту адбылося прадстаўленьне новага міністра — Аляксандра Грыгарава, які раней узначальваў Беларускую фэдэрацыю боксу і працаваў намесьнікам міністра спорту і турызму Беларусі. Кім будзе працаваць далей генэрал Сівакоў, пакуль невядома.

Рашэньне аб адстаўцы Сівакова зь міністэрскай пасады было нечаканым.

Напярэдадні ён даў інтэрвію газэце “Комсомольская правда в Беларуси”, і рэдакцыі давялося тэрмінова ўносіць адпаведную праўку, калі нумар ужо друкаваўся. Зьдзівіла і тое, што спачатку зьявілася інфармацыя аб прызначэньні Аляксандра Грыгарава, але доўга не было ўказу аб адстаўцы Юрыя Сівакова.

Тлумачыць кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі:

(Лёгкі: ) “Справа ў тым, што крыху пазьней будзе ўказ і аб вызваленьні з пасады, гэта проста чыста тэхнічна — ведаеце, як дакумэнтазварот ходзіць. Прэзыдэнт вызваліў яго ад займанай пасады, а на гэтую пасаду прызначыў Грыгарава міністрам спорту і турызму, а Сівакоў, паводле кіраўніка краіны, будзе прызначаны на пасаду, якая адпавядае профілю яго адукацыі, чалавек будзе працаваць на новай ніве”.

У прыёмным пакоі памочніка прэзыдэнта ў пытаньнях спорту Генадзя Аляксеенкі, паведамілі, што спадар Аляксеенка знаходзіцца ў адпачынку і дзеля прызначэньня новага міністра ён быў адмыслова выкліканы ў адміністрацыю прэзыдэнта. Як паведамілі ў прэзыдэнцкай прэсавай службе, у прысутнасьці Аляксеенкі і адбылася размова А.Лукашэнкі з Аляксандрам Грыгаравым, пасьля чаго і было вырашана накіраваць генэрала Сівакова ў адстаўку.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што не задаволены сытуацыяй у спорце, і што цяпер спорту патрэбен ня проста добры спэцыяліст, а чалавек, якому давяраюць трэнэры і спартоўцы. А.Лукашэнка даручыў новаму міністру “мабілізаваць усё і ўсіх” для пасьпяховага выступу на Алімпійскіх гульнях. А.Лукашэнка назваў спорт адным з напрамкаў прарыву для Беларусі ў справе ўмацаваньня яе іміджу на міжнароднай арэне. Спадар Грыгараў пацьвердзіў сваю гатовасьць выканаць пастаўленыя задачы ў справе падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у Пэкіне і зімовай Алімпіяды ў Турыне.

Паводле алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча, спадар Грыгараў чалавек прафэсійны, вядомы ў спартовай сфэры, доўгі час быў намесьнікам міністра спорту, аднак ён нічога ня зможа зрабіць, бо кіруе спортам іншы чалавек.

(Парфяновіч: ) “Я думаю, што яны вельмі пасьпяшаліся, трэба было даць чалавеку дарабіць алімпійскі цыкль, а потым вырашаць пытаньне. Так ня робіцца пры нармальнай справе”.

Як вядома, генэрал Юры Сівакоў занесены ў сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўропы. З гэтай прычыны ён ня быў дапушчаны на тэрыторыю Грэцыі, дзе праводзіліся Алімпійскія гульні. Ці зьвязана гэта з тым, што Лукашэнка асьцерагаецца, што такая сытуацыя можа паўтарыцца? Меркаваньне праваабаронцы Гары Паганяйлы:

(Паганяйла: ) “Ня думаю. Даклад Пургурыдэса вядомы паўтара году, і сёньняшняя адстаўка зьвязана зь яго прафэсійнай дзейнасьцю ў якасьці міністра. Сівакоў працягвае фігураваць у нас у якасьці падазраванай асобы ў арганізацыі палітычна матываваных выкраданьняў”.

Генэрал Юры Сівакоў быў прызначаны міністрам спорту і турызму ў студзені 2003 году. Да 2000 году Юры Сівакоў працаваў міністрам унутраных справаў Беларусі, а затым да 2001 году намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Генэрал Юры Сівакоў знаходзіцца ў сьпісе высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу — разам з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Віктарам Шэйманам, міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым і камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыем Паўлічэнкам ён патрапіў у справаздачу Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі”. Візавая забарона была ўведзена пасьля дакладу Пургурыдэса. Гэтыя чыноўнікі падразаюцца ў магчымай датычнасьці да палітычных выкраданьняў. Эўрапейскія парлямэнтары лічаць, што гэтыя чыноўнікі павінны пайсьці ў адстаўку дзеля правядзеньня аб’ектыўнага расьсьледаваньня справаў зьніклых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG