Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Шродтэр: “Эўракамісія мусіць знайсьці сродкі для дапамогі дэмакратыі ў Беларусі”


Алена Струвэ, Менск У Страсбуры працягвае работу чарговая сэсія Эўрапарлямэнту. Учора ўвечары з заявай пра палітычную сытуацыю ў Беларусі выступіла эўрапейскі камісар Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Яна выказала занепакоенасьць у зьвязку з разьвіцьцём палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Паводле яе словаў, пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Лукашэнкі краіна “адышла ад эўрапейскіх нормаў і каштоўнасьцяў”. Як заявіла эўрапейскі камісар, “найвялікшы клопат ЭЗ выкліканы рэпрэсіямі супраць палітычных партыяў, няўрадавых арганізацыяў, незалежных СМІ і прафсаюзаў”.

“Эўракамісія падтрымлівае ідэю арганізацыі радыёвяшчаньня на Беларусь, аднак цяпер ня можа аказаць фінансавай падтрымкі гэтаму праекту”, — сказала спадарыня Фэрэра-Вальднэр, і пры гэтым запэўніла, што “Эўракамісія зробіць усё магчымае для вырашэньня гэтае праблемы”.

Заява эўрапейскага камісара сёньня абмяркоўваецца ў колах тых дэпутатаў, якія належаць да гэтак званага беларускага лобі ў Эўрапарлямэнце.

Прадстаўніца рабочай групы па сувязях зь Беларусьсю Элізабэт Шродтэр зазначыла, што яна расчараваная заявай Бэніты Фэрэра-Вальднэр:

(Шродтэр: ) “Нічога новага наконт вырашэньня беларускага пытаньня ў заяве камісара Эўразьвязу ня ўтрымліваецца. Яе выступ расчараваў многіх парлямэнтараў. Які сэнс у чарговай канстатацыі, што сытуацыя ў Беларусі становіцца ўсё больш складанай, што партнэрскія праекты з гэтай краінай вельмі цяжка наладжваць, і што ў Эўропы ня так шмат сродкаў для падтрымкі дэмакратыі ў гэтай краіне? Камісар, аднак, згадала пра фінансавую падтрымку праваабарончых праектаў няўрадавых арганізацыяў, журналісцкіх стажыровак, пра працяг праграмы ТАСІS, скіраванай на разьвіцьцё эканамічнага і сацыяльнага сэктараў, ліквідацыю наступстваў Чарнобылю... Але гэта ўсё, з нашага гледзішча, недастаткова для краіны, дзе праз год пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Калі насельніцтва не атрымае доступу да незалежных крыніцаў інфармацыі, а будзе карыстацца кішэннымі Лукашэнкавымі СМІ, нельга мець ніякай надзеі на дэмакратычную хаду выбараў. Гэта той момант, які мы хочам данесьці кіраўніцтву ЭЗ у нашай рэзалюцыі па Беларусі”.

На думку спадарыні Шродтэр, Эўракамісія мусіць улічыць асаблівасьці гэтае беларускай сытуацыі і знайсьці сродкі для дапамогі дэмакратыі ў гэтай краіне.

У чацьвер на сэсіі Эўрапарлямэнту адбудзецца галасаваньне па беларускай рэзалюцыі. Паводле дэпутаткі Рэбэкі Хармс, прадстаўнікі самых розных парлямэнцкіх фракцыяў маюць больш-менш агульныя меркаваньні што да сытуацыі ў Беларусі. “Эўразьвяз мусіць зрабіць усё магчымае, каб беларускія грамадзяне мелі доступ да праўдзівай і незалежнай інфармацыі — прынамсі, напярэдадні і ў часе прэзыдэнцкіх выбараў”, — перакананая Рэбэка Хармс.

(Хармс: ) “У нас вялікая заклапочанасьць у гэтай сувязі, і мы патрабуем, каб былі створаныя адпаведныя ўмовы для распаўсюджаньня свабоднай інфармацыі ў Беларусі. Канечне, заяваў адносна Беларусі ў Эўрапарлямэнце апошнім часам было зроблена шмат. Цяпер пытаньне ў тым, каб як мага болей добрых і прафэсійных беларускіх журналістаў мелі магчымасьць працаваць на Беларусь з-за мяжы, робячы тэле– і радыёпраграмы зь Літвы, Польшчы, магчыма, Украіны, магчыма, з усіх памежных краінаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG