Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палескія рабінзоны” жывуць у Добрушы


Казімер Яноўскі, Добруш У райцэнтры Добруш жыхары завулку Пралетарскі ды вуліцы Пралетарскай жывуць, нібы на выспах. Ня толькі вясною, але нават улетку пасьля ліўняў у дамы, на агароды забіраецца вада. Цяпер людзі перажываюць чэрвеньскую паводку. Зь месца падзеі перадае наш карэспандэнт.

Самы гаротны дом у завулку Пралетарскі, бадай, у Мікалая Рабкова, кіроўцы раённага камунгасу. Гаспадар паказвае, да якога узроўню паднялася вада падчас чэрвеньскай паводкі:

(Рабкоў: ) “Узровень вады быў каля мэтра. Перад Сёмухай я плаваў ужо тут у лодцы. Супрацоўнікі аддзелу надзвычайных сытуацыяў прывезьлі лодку і адсялілі сям`ю, паколькі ў доме ўжо зьявілася вада”.

Вада ў доме Рабковых стаяла каля тыдня, папсавала мэблю, падлогу, цагляную грубу. Паводка дашчэнту вымачыла і агарод сям`і Рабковых – бульбу, памідоры, цыбулю. І не толькі ў іх.

Распавядае жыхарка вуліцы Пралетарскай Надзея Карчэўская:

(Карчэўская: ) “Цяпер вада ўжо сышла. Агарод у мяне поўнасьцю быў затоплены. Усё на агародзе прапала. Засталіся сырасьць, бруд і чарната. І, разумееце, душэўная пустэча. Ніхто на нас ніякай увагі не зьвяртае. З 1993-га году так пакутуем”.

Асабліва моцна вада пачала заліваць падворкі людзей пасьля ўладкаваньня побач з завулкам Пралетарскім зоны адпачынку фарфоравага заводу. Тут насыпалі мільёны кубамэтраў грунту. Узровень вады ў рукатворных азёрах узвышаецца над завулкам. Гаворыць Тамара Веркіна:

(Веркіна: ) “Як парабілі гэтыя азёры ды няправільныя каналы, так у нас пачаліся паводкі. Ды хіба можна рабіць побач з дамамі такія каналы? Унукі чуць не патапіліся. А азёры? Пасьля ліўняў яны поўныя, а калі гарачыня, яны мялеюць. Ніхто іх ня чысьціць. Тут сапраўдны расаднік хваробаў”.

Жыхары пэрыядычна зьвяртаюцца са скаргамі ў розныя інстанцыі:

(Карчэўская: ) “У наш райвыканкам і аблвыканкам зьвярталіся. Адказ: усё пабудавана паводле праекту”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы прасілі зрабіць?”

(Карчэўская: ) “Каб вада нас не выжывала з дамоў”.

Пасьля чэрвеньскай паводкі, калі вада з рэчкі Харапуць і абводных каналаў хлынула на падворкі, людзі зноў забілі трывогу. Райвыканкам распарадзіўся, каб мэліяратары насыпалі невялікую дамбу на шляху вады. Пра гэта кажа загадчык камунальнага аддзелу райвыканкаму Сяргей Калугін:

(Калугін: ) “Меры прымаліся ў залежнасьці ад сытуацыі самыя надзвычайныя. Гэтым пытаньнем займаўся асабіста намесьнік старшыні райвыканкаму Сяргей Віктаравіч Пятроўскі. Была адсыпаная дамба”.

Людзі ў сваю чаргу лічаць, што дамба вузкая і нетрывалая, і рэагуюць на гэтыя меры так:

(Рабкоў: ) “На лінію Сталіна пад Мінскам грошы знайшліся, а для нас няма на добрую дамбу. Нашы жонкі хадзілі да намесьніка старшыні райвыканкаму Пятроўскага. Ён сказаў так: “Грошай у мяне няма, я грошы аддаў на сельскую гаспадарку”.

Адначасна жыхары патрабуюць газыфікаваць іхні завулак. Да 16 дамоў на ўскрайку райцэнтру не дайшлі і гэтыя даброты цывілізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG