Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саміт Вялікай васьмёркі ў Шатляндыі: ці спраўдзяцца спадзяваньні?


Юрась Бушлякоў, Прага Лідэры Вялікай васьмёркі – сямі найбагацейшых дзяржаваў сьвету й Расеі – сабраліся ў гатэлі “Гленіглз” паблізу шатляндзкага гораду Стэрлінг. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў трохдзённага саміту – кліматычныя зьмены й разьвіцьцё Афрыкі. У ходзе інтэнсіўнай падрыхтоўкі да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў некалькі рашэньняў былі ўжо ўзгодненыя. У прыватнасьці, мае быць падпісана пагадненьне аб сьпісаньні 40 мільярдаў доўгу 18-ці найбяднейшым краінам сьвету. Пра пэрспэктывы шатляндзкага саміту Вялікай васьмёркі – наш карэспандэнт.

Саміт у шатляндзкім “Гленіглз” розьніцца ад тых, што адбываліся апошнімі гадамі. Розьніца – у спадзяваньнях на вынікі саміту. У сьвеце, як ніколі, чакаюць пераломных рашэньняў – у першую чаргу для зьмяншэньня галечы ў Афрыцы і прадухіленьня далейшых кліматычных зьменаў.

Сотні тысяч людзей пабывалі ў суботу на канцэртах, арганізаваных у рамках маштабнай кампаніі “Live 8”. Мільярды людзей глядзелі тэлетрансьляцыю тых канцэртаў. І канцэрты, і 200-тысячны марш у шатляндзкім Эдынбургу мелі паўплываць на рашэньні лідэраў васьмёркі.

Боб Гелдаф, арганізатар кампаніі “Life 8”, гаворыць пра свае спадзяваньні на саміт:

(Гелдаф: ) “Я хачу бачыць праграму дзеяньняў для Афрыкі – праграму, што прадугледжвае падваеньне к 2010 году дапамогі Афрыцы да 25 мільярдаў даляраў, 100-працэнтнае сьпісаньне доўгу найбяднейшым краінам і падпісаньне гандлёвага дагавору, які вёў бы да адмены экспартных субсыдыяў”.

Пэрспэктыва пэўных захадаў супраць галечы ў Афрыцы выглядае даволі рэалістычна. У чэрвені Вялікая васьмёрка пагадзілася сьпісаць 40 мільярдаў афрыканскага доўгу. Выступаючы сёньня ў Даніі, прэзыдэнт ЗША Буш ня выключыў павелічэньня амэрыканскай дапамогі Афрыцы, паставіўшы, праўда, пры гэтым шэраг умоваў:

(Буш: ) “Мы сказалі, што дамо дапамогу, вядома. Мы сьпішам даўгі, не сумнявайцеся, але мы хочам мець пэўнасьць, што ўлады ўкладаюць грошы ў сваіх людзей, інвэстуюць у здароўе людзей, у адукацыю, змагаюцца з карупцыяй”.

Арганізатары кампаніі “Зрабі галечу гісторыяй” тым часам далёкія ад аптымізму. Яны заклікаюць краіны васьмёркі істотна павялічыць дапамогу і выдаткоўваць ня менш за 0,7 % свайго валавога ўнутранага прадукту. Толькі ў гэтым разе, на думку арганізатараў кампаніі, можна рэалізаваць плян ААН, які прадугледжвае зьмяншэньне ўдвая галечы ў Афрыцы да 2015 году.

Аднак калі пэрспэктывы дзейснай барацьбы супраць галечы ў Афрыцы выглядаюць усё ж не безнадзейна, то прарыву ў абсягу процідзеяньня кліматычным зьменам цяпер наўрад ці льга чакаць. ЗША займаюць рэзка адмоўную пазыцыю ў адносінах да Кіёцкага пратаколу. Паводле Буша, падпісаньне Злучанымі Штатамі гэтага пратаколу зруйнуе амэрыканскую эканоміку. Менавіта ЗША прадукуюць найбольшую ў сьвеце колькасьць парніковых газаў. Напярэдадні саміту Буш заклікаў да пасьлякіёцкай эры – да засяроджаньня ўвагі на пашырэньні новых тэхналёгіяў.

(Буш: ) “Бачыце, я думаю, у нас ёсьць лепшы шлях. Я называю гэта пасьлякіёцкай эраю – мы зможам працаваць разам, дзелячыся тэхналёгіямі і кантралюючы выкіды парніковых газаў, наколькі гэта толькі магчыма. Паслухайце, Злучаным Штатам зь меркаваньняў нацыянальнай бясьпекі і эканамічнай бясьпекі неабходна адысьці ад выкарыстаньня выкапнёвага паліва, і мы плянуем якраз гэта рабіць, і я не забаўлюся падзяліцца нашымі намерамі з калегамі зь “вялікай васьмёркі”.

Выглядае, што гэтая Бушава прапанова – максымум таго, што можа быць вынесена на парадак дня саміту ў “Гленіглз” у абсягу прадухіленьня далейшых кліматычных зьменаў у сьвеце.
XS
SM
MD
LG