Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў быў перакананы, што ягоныя рукапісы ў Парыжы захапіў КГБ


Сяргей Навумчык, Прага У беларускіх дзяржаўных выдавецтвах некалькі разоў выходзілі зборы твораў Васіля Быкава. У 1970-я гады – у двух тамах, напачатку 1980-х – у чатырох. Апошні раз збор твораў Быкава выдаваўся у 1990-1994 годзе і складаўся з шасьці тамоў.

Пад час кіраваньня краінай Аляксандра Лукашэнкі зборы твораў Быкава не выдаваліся. У 1997 годзе ў з плянаў выдавецтва “Мастацкая літаратура” быў выкінуты зборнік апавяданьняў Быкава “Сьцяна”, які рэдагаваў Рыгор Барадулін. Апавяданьні прагучалі на хвалях беларускай “Свабоды” і пазьней выйшлі ў незалежным выдавецтве на грошы, сабраныя прыхільнікамі пісьменьніка.

З выданьнем збору твораў зьвязаны драматычны эпізод, які каштаваў беларускай літаратуры рукапісаў Быкава, і пра які я ўпершыню пачуў ад яго ў 2001 годзе. У 1989 годзе францускае выдавецтва прапанавала Быкаву выдаць поўны збор ягоных твораў, у тым ліку і тых, якія не выйшлі ў Савецкім Саюзе, з адзінай умовай – ён павінен быў даслаць арыгіналы рукапісаў. Васіля Ўладзімеравіча якраз запрасілі ў Гішпанію. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасьцю (як народны дэпутат СССР), ён правёз праз мытню рукапісы сваіх твораў. Дарэчы, дзеля гэтага ён быў вымушаны адмовіцца ад паездкі на ўстаноўчы зьезд БНФ у Вільню, паколькі паездка ў Гішпанію і ў Вільню супадалі ў часе.

З Сэвільі Быкаў адаслаў вялізную бандэроль з рукапісамі ў Парыж па адрасе, якую яму даслалі. Але так і не атрымаў адказу. Потым выявілася, што такога выдавецтва наагул не існуе і ніколі не існавала, і ніякія спробы сяброў Быкава “знайсьці канцы” не далі плёну... У гутарках з блізкімі, а таксама ў кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” Васіль Уладзімеравіч ацэньваў гэта як правакацыю КГБ.

У выніку рукапісы шмат якіх быкаўскіх твораў, у тым ліку і раньняга пэрыяду, такіх, “Мёртвым не баліць”, страчаныя для беларускай культуры. Магчыма, назаўсёды – хаця Васіль Ўладзімеравіч не губляў спадзяваньня, што калі-небудзь яны могуць знайсьціся, як ён казаў, “у архівах КГБ”. У любым разе, гэта значна ўскладняе працу тэкстолягаў і дасьледчыкаў творчасьці Быкава, паколькі тэксты цэнзураваліся, часта выдаваліся ў зьмененым альбо абрэзаным варыянце і маглі б быць адноўленыя толькі па аўтарскіх рукапісах.
XS
SM
MD
LG