Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады аказваюць моцны ціск на няўрадавыя арганізацыі


Альгерд Невяроўскі, Менск З 1 сьнежня 2004 году да 1 чэрвеня 2005 году былі ліквідаваныя праз суд ці былі вымушаныя самаліквідавацца 38 грамадзкіх арганізацыяў. Пра гэта казалі сёньня актывісты Асамблеі няўрадавых арганізацыяў, якія прэзэнтавалі аналітычны агляд “Асноўныя тэндэнцыі разьвіцьця і існаваньня беларускага трэцяга сэктару”.

Старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч назваў агляд першай спробай аналізу дзейнасьці беларускага трэцяга сэктару, няўрадавых арганізацыяў і іх ўплыву на грамадзтва.

Аўтары агляду адзначаюць, што за апошнія тры месяцы ўлады распачалі шырокамаштабны наступ на грамадзкія аб’яднаньні. Для многіх зь іх сур’ёзнай стала праблема набыцьця юрыдычнага адрасу ў зьвязку з патрабаваньнем Міністэрства юстыцыі перавесьці арганізацыйныя структуры партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у памяшканьні нежылога фонду. Многім аб’яднаньням у гэтай справе вынесеныя афіцыйныя папярэджаньні, дзясяткі рэгіянальных структур страцілі рэгістрацыю. У судовым парадку былі ліквідаваныя Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, Беларуская арганізацыя скаўтаў. Гаворыць юрыст выканаўчага бюро Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юры Чавусаў:

(Чавусаў: ) “Паводле нашых падлікаў, з 1 сьнежня да 1 чэрвеня 2005 году ў Беларусі зьніклі 38 арганізацыяў. Гэта ўключна з судовымі ліквідацыямі і самаліквідацыямі. Бо апошнім часам мы назіраем такую тэндэнцыю — не было ніводнага суду, каб паводле пазову Міністэрства юстыцыі суд прыняў бы рашэньне на карысьць грамадзкай арганізацыі. Суд заўжды задавальняе пазовы Міністэрства юстыцыі”.

Аўтары агляду таксама адзначаюць як трывожную тэндэнцыю адкрытае ўмяшаньне ўладаў у справы Саюзу палякаў у Беларусі.

Юры Чавусаў не выключае, што ў найбліжэйшы час рэпрэсіі ўладаў супраць грамадзкіх аб’яднаньняў могуць узмацніцца. Нядаўна прынятыя Палатай прадстаўнікоў зьмены і дадаткі да Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях даюць шырокія магчымасьці прыпыняць дзейнасьць і ліквідоўваць арганізацыі. А 1 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ №302, паводле якога істотна абмяжоўваецца дзейнасьць няўрадавых фондаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG