Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зробіць усё магчымае, каб беларусы мелі доступ да незалежных СМІ


Алена Струвэ, Менск “Эўразьвяз мусіць рабіць усё магчымае, каб беларускія грамадзяне мелі доступ да незалежнай інфармацыі". Такое агульнае меркаваньне было выказанае ў Страсбуры ў часе парлямэнцкіх дэбатаў па Беларусі. Паводле дэпутаткі ад зялёных Рэбэкі Хармс, дэпутаты ад розных партыяў прадэманстравалі сваю рэдкую аднадушнасьць у часе абмеркаваньня сытуацыі са свабодай СМІ у Беларусі.

(Хармс:) "У нас вялікія заклапочанасьць у гэтай сувязі, і мы патрабуем, каб былі створаныя адпаведныя ўмовы для распаўсюджаньня свабоднай інфармацыі ў Беларусі. Вядома, заяваў Эўрапарлямэнту адносна Беларусі апошнім часам было зроблена шмат. І цяпер пытаньне у тым, каб як мага болей добрых і прафэсійных беларускіх журналістаў мела магчымасьць працаваць на Беларусь з-за мяжы, ствараючы праграмы з памежных краінаў - Літвы,Польшчы,Украіны”.

Як заявіла ў часе свайго выступу камісар Эўразьвязу Бэніта Фэрэра Вальднэр, Эўракамісія робіць усё магчымае для таго, каб падтрымаць свабоду СМІ ў Беларусі. Паводле яе, Эўракамісія падтрымлівае ідэю стварэньня асобнай радыёстанцыі, якая б вяшчала на Беларусь, аднак цяпер Эўразьвяз ня можа аказаць адпаведнай фінансавай падтрымкі гэтаму праекту.

(Фэрэра Вальднэр :) "Мы ведаем пра тыя цяжкасьці, зь якімі штодня сутыкаюцца незалежныя СМІ і журналісты ў Беларусі. Мы робім усё магчымае для падтрымкі свабоднай і незалежнай прэсы... Мы маем намер зьвярнуць асобую ўвагу на дапамогу незалежным СМІ, няўрадавым арганізацыям, умацаваньню дэмакратычных інструмэнтаў і вяршэнства Закону".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG