Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сталін – гэта тыран, які зьнішчыў свайго народу больш, чым той самы Гітлер"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 6 ліпеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадарыня:) “Я кожны год стараюся наведаць Курапаты, каб пакланіцца сьвятой зямлі, дзе былі зьнішчаныя лепшыя людзі Беларусі. На Асіповіччыне у 30-е расстраляныя, па сёньняшніх зьвестках, больш за 500 чалавек. Для параўнаньня ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінула тры тысячы.

Я лічу, што крывавы цень Сталіна ня проста так выцягваюць зь небыцьця на п’едэстал, а для таго, каб зьнішчаць ні 2-3 чалавекі за дзясятак гадоў, а сотні-тысячы сваіх праціўнікаў. Праўда, прастора павінна быць для гэтага як у былым Савецкім Саюзе. І, я думаю, што гэтыя людзі будуць да гэтага імкнуцца”.

(Андрэй, Пінск:) “Хачу выказацца наконт аднаўленьня “Лініі Сталіна”. Гэта ўсё ж такі помнік нашай былой суровай гісторыі. Але тое, што афіцыйна ўладамі ўзводзіцца культ асобы Сталіна, тое, што ён падаецца як геніяльны палкаводзец, кіраўнік дзяржавы, тут, на мой погляд, здаровы розум ня можа пагадзіцца. Усё ж такі Сталін – гэта тыран, які зьнішчыў свайго народу больш, чым той самы Гітлер. Калі б ня Сталін, не ягоныя мэтады кіраўніцтва, то ахвяраў было б менш у мінулай вайне.

А чаму ж так адбываецца? Я думаю, што наш прэзыдэнт неяк пабачыў у асобе Сталіна нешта падобнае да сваёй асобы, нейкія падобныя рысы характару, у думках, у памкненьнях. І таму, як кажуць, “рука руку мые”. Але думаю, што ў наш час гэта так проста ня пройдзе. Ня ўсе звыклі пагаджацца зь ім. Яшчэ ёсьць жывыя людзі, хто помніць рэпрэсіі сталінскія. Наконт гэтага, мяркую, народ яшчэ выкажа сваю думку!”

(Генадзь Выбігаў:) “У мяне ўжо даўно асабістая пазыцыя да тых, хто настальгіруе па Сталіну і ўхваляе Сталіна. А пазыцыя мая заключаецца ў тым, што гэтыя людзі ня маюць права гаварыць пра Сталіна і ўхваляць яго, калі яны не жылі ў той страшэнны пэрыяд і ня ведаюць той страшэннай атмасфэры жыцьця! Нават, калі людзям на дзень сьмерці Сталіна было 10 ці 12-13 год яны не маглі крытычна аналізаваць той пэрыяд.

Вось Лукашэнка ладзіць “Лінію Сталіна” пад Заслаўем, ідзе на чале калёны, дзе нясуць партрэт Сталіна. І аднойчы я чуў па тэлебачаньні, як ён з настальгіруючым прыдыханьнем вымаўляў “Іосіф Вісаріонавіч”.

Ой, чалавек, які нарадзіўся ў 54 годзе праз год пасьля сьмерці Сталіна, што ён ведае? Ён нічога ня ведае пра той пэрыяд! Ён ня мае права гаварыць! А ён заклікае сабе на дапамогу Сталіна для таго, каб параўнаць сябе зь ім, каб паказаць, што вось Сталін быў прадстаўніком моцнай дзяржавы, і ён ажыцьцяўляе такую моцную ўладу. Гэты чалавек малага розуму!”

(Спадар:) “Мяне цікавіць, калі вашыя перадачы дасягнуць узроўню тых перадачаў, якія перадаюцца па-расейску на Расею? Там сапраўды цікавыя надзённыя перадачы. А ў вас што атрымліваецца? Ці карыстаецца Лукашэнка астралёгіяй? Як беларусы ходзяць у баню? Як беларусы ходзяць піва піць? Застаецца толькі даведацца, як беларусы ў прыбіральню ходзяць. Сорамна за такія перадачы!”

(Спадар:) “Спадары са Свабоды, у мяне ўзьнікла некалькі пытаньняў. Хто вы па грамадзянству? Які пашпарт маеце? Якой дзяржаве належыце: ЗША, Канадзе ці Германіі? Гэта па-першае.

Па-другое, вы тут ганьбіце нашага прэзыдэнта, што ён такі вось нядобры, такі-сякі. Адкажыце, колькі вам за гэта грошаў плацяць? Хто вы такія? А вы тут усё пра правы чалавека, як у нас тут на Беларусі ўсё дрэнна, такія правы ў нас нядобрыя, злыя такія… А ў вас усе добрыя, добрыя, добрыя… Вось адкажыце, якая вашая нацыянальнасьць, якое грамадзтва? Будзьце здаровы!”
XS
SM
MD
LG