Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зоркі эстрады дзеляцца з “Бобруйским курьером” інтымнымі ўспамінамі


Іна Студзінская, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 6 ліпеня.

Галоўная тэма сьвежага нумару “Курьера из Борисова” – аварыйны стан гаўбцоў. Цэнтральная частка гораду - праспэкт Рэвалюцыі - забудоўвалася ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Перакрыцьці там драўляныя. Пры правядзеньні экспэртызы адмыслоўцы жахнуліся: у раствор для цаглянай кладкі дадавалася гліна. Для таго, каб правесьці рэканструкцыю гаўбцоў, неабходныя вялікія сродкі, якіх у горада няма. Таму выйсьце адно: жыхарам наагул забыцца, што ў іх ёсьць гаўбцы, дзьверы на іх замураваць, а мінакам на ходніках трымацца як мага далей ад сьцен дамоў.

Цэлы арсэнал назьбіраў лясьнік Полатаўскага лясьніцтва, што на Полаччыне: некалькі вінтовак з аптычнымі прыцэламі, нямецкія карабіны часоў Вялікай Айчыннай, тратылавыя шашкі, гранаты, патроны, паведамляе “Витебский курьер”. Паходжаньне арсэналу высьвятляе міліцыя.

У Сьветлагорску пачаўся суд над былым начальнікам падатковай інспэкцыі, якога падазраюць у хабарніцтве, паведамляе Сьветлагорскі тыднёвік “Ранак плюс”. Газэта таксама б’е трывогу: сумнавядомую “Сасноваборскую ростань” акупавалі мясцовыя путаны, што абслугоўваюць кіроўцаў-дальнабойнікаў. Усе паўтара дзясятка прастытутак – ВІЧ-інфікаваныя. Сьветлагорская міліцыя іх ведае, але нічога зрабіць ня можа, акрамя дробнага адміністрацыйнага пакараньня. Днямі ў горадзе адбылося паседжаньне каардынацыйнай рады прафіляктыкі ВІЧ-СНІД, і прагнозы несуцяшальныя: цяепр у 70-тысячным горадзе 2 тысячы носьбітаў вірусу, праз 10 гадоў колькасьць можа вырасьці да 10 тысяч ВІЧ-інфікаваных.

Сёньня ў сталічную Чыжоўку прыплыве Бог Пярун – “Комсомольская правда” в Белорусии” распавядае пра сьвяткаваньне Купальля ў Менску. Газэта паведамляе таксама, што праграмы расейскага тэлеканалу “Культура” прыбралі з прайм-тайму – цяпер ўлюбёныя праграмы інтэлігенцыі “Аркестровая яма”, “Апокрыф”, “Сфэры”, “Культурная рэвалюцыя” будуць выходзіць на тэлеканале “Лад” у час, калі бальшыня беларусаў на працы – а 16.10.

“Бобруйский курьер” на фэстывалі “Вянок дружбы” зьвярнуўся да зорак беларускай эстрады Руслана Аляхно, Іскуі Абалян, Сашы Нэма, Ядзьвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, Паліны Смолавай, Андрэя Хлястова з просьбай распавесьці пра свой першы сэксуальны досьвед. Надзвычай сьціплым і цнатлівым аказаўся толькі Руслан Аляхно: “народны артыст” катэгарычна адмовіўся размаўляць на гэтую далікатную тэму.
XS
SM
MD
LG