Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адам Глобус: "У сваёй краіне я адчуваю максымальную свабоду. Беларусь — мая краіна"


RFE/RL Сёньня вядомы беларускі пісьменьнік і выдавец Адам Глобус адказаў на пытаньні наведнікаў вэбсайту Радыё Свабода. Прапануем Вашай увазе поўны выніковы тэкст онлайнавай канфэрэнцыі.

Біяграфічная даведка: Нарадзіўся ў Койданаве (Дзяржынск), што на Меншчыне, у 1958. Скончыў Акадэмію мастацтваў, працаваў рэстаўратарам, журналістам, цяпер – выдавец. Аўтар паэтычных зборнікаў "Парк" і "Скрыжаваньне", а таксама аўтар празаічных кніжак "Адзінота на стадыёне", "Толькі не гавары маёй маме", "Дамавікамэрон" ды іншых. Перакладзены на 20 моваў, у тым ліку на ангельскую, нямецкую і чачэнскую. Носіць чорныя акуляры і ўздымаецца на вежы. Любіць людзей, якія вылучаюцца з натоўпу. Грэбуе хлусьнёй.

[ 24/06/2005 17:00 ] Дык вы Глобус ці Глёбус? Ці значыць гэта, што вы за БССРаўскі правапіс?

Хто я? Ня ведаеце? Каму пытаньне зададзенае, Глобусу ці Глёбусу? А можа Ўладзіміру Адамчыку? Ці Ўладзімеру?

Зрэшты, для мяне галоўнае ў гэтым допісе адсутнасьць подпісу. Ананімнасьць! Чалавек забыў сваё імя… Здараецца такое зь людзьмі. Як можна ставіцца да такога чалавека? Паблажліва, нават крышку грэбліва… Я такіх шкадую, спачуваю іх родным і блізкім.

Вы пачырванелі? Сорамна пісаць ананімкі? У такім разе, мне вас зусім не шкада.

Для астатніх скажу: правапісы мяне мала цікавяць. Каб мяне захаплялі правапісы, дык я стаў бы карэктарам.

І яшчэ… Выраз “БССРаўскі правапіс” ідыёцкі. Рускі СССРаўскі правапіс, нямецкі ГДРаўскі правапіс, польскі ПНРаўскі правапіс… Маразмы постсаўковай хваробы.

Ня трэба быць вельмі разумным, каб дапяць, што вершы Максіма Багдановіча можна занатаваць любым зь беларускіх правапісаў, і яны застануцца геніяльнымі, а рыфмы Броўкі, як ты ні запісвай, будуць графаманіяй Броўкі.

Калі ў пошукавых сыстэмах набраць такія імёны, як Адам Глобус, Адам Глёбус, Уладзімір Адамчык, Adam Hlobus, Adam Globus, можна лёгка знайсьці мае тэксты.

Ёсьць у мяне і процьма іншых імёнаў у вялікім літаратурным гардэробе: Антон Бакіноўскі і Ян Бохан, Андрэй Варонін і Ўладзімер Сакалоў… Але ў гэтай гутарцы будзе толькі Адам Глобус.

[ 24/06/2005 17:20 ] Якія вашыя творчыя і жыцьцёвыя пляны? Ян

У верасьні выйдзе новая кніга пра маіх рэальных сУчасьнікаў. З інтэрнэтнай прасторы і газэтных шапікаў мае любімцы перапаўзуць у кнігарні. Гэта цешыць, бо сУчасьнікі вартыя кніжнай формы. Праўда, не ўсе сУчасьнікі перайшлі ў кнігу. Ёсьць сярод сУчасьнікаў і вырадкі, маразматыкі, няздары… Хацелася б жыць разам з Дантэ і Пятраркам, а жывеш у адной сУчаснасьці з Козікам ды Някляевым. Адзінае маленькае суцяшэньне: я з такімі піітамі, як К ды Н, толькі поруч, але ня разам.

[ 24/06/2005 19:45 ] Паважаны сп. Глобус, па вашым меркаваньні, хто павінен быў бы ўзначаліць Беларусь, каб гэта было б на карысьць і адраджэньне бацькаўшчыны нашай, і самаму народу, а галоўнае каб гэта быў гонар для ўсіх нас.Толькі ня трэба адказваць агульнымі фразамі, а канкрэтна – што кажа ваша сэрца. Дзякуй. Туравец Віктар з Францыі.

Віктар, мяне мала хвалюе хто там у Вас узначальвае Хрэнцыю ці Эўразавяз. Таму, шчыра дзіўлюся, што некага ў Хрэнцыі так турбуюць бульбашоўскія ўзначальнікі. Калі б Вас сапраўды хвалявала беларускае начальства, Вы б вярнуліся да нас і сталі нешта тутэйшае ўзначальваць і змагаліся б за крэслы і пасады. Але Вы ў Хрэнцыі, і я не магу сказаць: “Віктара Тураўца ў дэпутаты!” ці “Віктара Тураўца ў прэзыдэнты!”

Даўно галасую “супраць усіх”, так мне падказвае розум.

[ 24/06/2005 22:11 ] Ходзіць легенда, што Адам Глобус набыў верш у Анатоля Сыса і надрукаваў у сваёй кнізе. Алесь.

Ніхто не паверыць у тое, што Сыс прадаў хоць бы адзін свой радок… Легенда зусім іншая…

Сыс і легенда

Музэйнік — Алесь прадаў мне сшытачак з невядомымі вершамі Багдановіча. Алесю не хапала грошай на кватэру на праспэкце Скарыны, вось ён і прыгандлёўваў народным багацьцем. Музэйнік яшчэ хацеў загнаць мне інтымны дзёньнік Максіма Адамавіча, але я ня ўзяў, бо дзёньнік той напісаны на паганай расейскай мове. Шкадую. Трэ’ было браць… Бог зь ім. Адзін верш Багдановіча я пакінуў сабе, а вось астатнія перапрадаў Толіку Сысу. Мы тады выпілі вядро армянскага каньяку і дамовіліся маўчаць да магілы. Сыс надрукаваў вершы Багдановіча, як свае. Так Анатоль стаў жывым клясыкам беларускай паэзіі. Цяпер, калі Сысу магіле, можна казаць праўду…

Вось такая легенда.

[ 24/06/2005 23:49 ] Як вы ставіцеся да правакацыяў у літаратуры?

Слоўца “правакацыя” не падабаецца, і правакатараў не паважаю. Супраць правакатараў варта праводзіць актыўныя мерапрыемствы, так часам думаецца. Потым, паглядзіш на таго правакатара ўважліва, мярзота — не чалавек. Такі абсерацца і здохне ад разрыву сэрца, толькі ты яго пужані. Таму правакатараў я выводжу з кола сваіх кантактаў. Калі правакатар не выводзіцца, я яго выкідаю.

Я добра стаўлюся да літаратурных вакацыяў.

[ 25/06/2005 00:17 ] Навошта вы так эксплюатуеце сэксуальную тэму ў сваіх творах? Вы што – сэксуальны маньяк, ці вы проста аматар таннай папулярнасьці? Стасюк Гімбіцкі

Я аматар грунтоўнай вядомасьці і каштоўнай папулярнасьці, якая прыносіць прыбытак. Пішу пра тое, што люблю і ўмею рабіць. Таму, я эксплуатую ўласную сэксуальнасьць і свой эратызм у літаратурных практыках, а не наадварот, як тое можа падацца чытачу-ананісту або інтэрнэтазалежнаму маньяку.

[ 25/06/2005 00:19 ] Spadar Adam, љto dla vas josc'' mastactva7 Anela

Мастацтва — анёльская спакуса.

[ 25/06/2005 00:21 ] Ці адчуваеце вы сябе дастаткова свабодным чалавекам у нашай краіне? Калі не, то чаго вам бракуе? Мацей Пятровіч Чабатароў

Дастаткова свабодна я пачуваюся ў розных краінах. У сваёй краіне я адчуваю максымальную свабоду. Беларусь — мая краіна.

[ 25/06/2005 02:48 ] Дзень добры, спадар Глобус! Скажыце, калі ласка, які сэнс Вы ўкладваеце ў такія паняцьці, як "праўда" і "справядлівасьць", і якую ролю ў палітычным жыцьці краіны яны павінны граць? Дзякуй! Панас

Палітычнае жыцьцё мяне амаль не хвалюе, бо якраз праўды і справядлівасьці ў ім бракуе.

Мадам Палітыка бачыць сьвет карыкатурна і прымітыўна, гэта адна з асноўных прычынаў маёй устойлівай нелюбові да мадам Палітыкі.

[ 25/06/2005 14:52 ] Адам, на ваш погляд, што зьяўляецца галоўнай умовай, каб наш народ нарэшце пазбавіўся страху і выйшаў бараніць СВОЙ выбар і перамог? Ці магчыма гэта ў бліжэйшыя гады ? Дзякуй. Туравец Віктар з Францыі.

Калі выйсьці з Хрэнцыі, каб дайсьці да СВАЁЙ Беларусі, час, безумоўна, спатрэбіцца большы, чым на шлях ад “Чужой бацькаўшчыны” да свайго “Дому”. Жарт.

Палітпрагназаваньні я ня слухаю. Не чытаю палітолухаў і геапалітрукоў. Мне сумна чытаць фантастыку, бо яна вельмі далёкая ад рэальнасьці. У мяне ёсьць свая Беларусь. Я ня веру ў заўтрашнюю і лепшую Беларусь. Можна зьмяніць 10 ўрадаў, але наш паўночны халодны клімат застанецца халодным і паўночным назаўсёды.

[ 26/06/2005 13:29 ] Спадар Глобус,вы можаце сказаць,што Вацлаў Гавел і Зянон Пазьняк – сапраўдныя нацыянальныя Лідэры сваіх краін, высокамаральныя асобы і гонар народу ? Калі не, то чаму ? Дзякуй. Туравец Віктар з Францыі.

Гавела я бачыў толькі адзін раз у праскай рэстарацыі. Зайшоў я ў рэстарацыю папалуднаваць, а там Гавел з нейкімі амэрыканцамі каву піў. Афіцыянтка вельмі выбачалася, што мне давядзецца прайсьці ў маленькую залю.

Са спадаром Зянонам я нават гарэлку піў на ягонае пяцідзесяцігодзьдзе.

Гавел і Пазьняк — нармальныя людзі, прынамсі, яны такімі былі.

[ 26/06/2005 22:23 ] Spadar GLAD, sovsem ne slyschno nichego o vaschej zschene. Ona bol''sche ne fotografirujet chtoli posle problem s ZARA? Damavik-1235235235345

Жонку маю завуць Лена, а не Сара. Праблемаў з Зараю і Сараю ў жонкі, як мне вядома, не было.

Як Дамавік Дамавіку скажу: фотаздымкі не трэба слухаць, на іх трэба глядзець, калі глядзець уважліва, можна нешта і ўбачыць, калі нешта ўбачыць, можна тое-сёе і зразумець. У вашым выпадку, трэба навучыцца глядзець і слухаць уважліва.

[ 26/06/2005 22:27 ] Pochemu vy ljubite ljudej, katoryja vyluchajutsa z natoupu?

Бо не люблю людзей у форменнай вопратцы. Такая вопратка зьнішчае самакаштоўнасьць асобнага чалавека, прыніжае яго.

[ 27/06/2005 17:28 ] Jakich bielaruskich palitykau XX stahoddzia, na vaљ pohlad, moћna vyluиyc'' z ahul''naj masy. Skladzicie, kali laska, z ich vaљu rejtynhavaju dziasiatku. Maciej Ambruћynski

Маса палітыкаў? Ды няма ў нас масы палітыкаў. У 20 стагодзьдзі не было паўнавартаснага палітычнага жыцьця ў Беларусі. Мы ледзь-ледзь пасьпелі замалявацца на палітычнай мапе сьвету, мы зрабілі некалькі першых і таму не зусім упэўненых крокаў у гэтым кірунку. Ёсьць некалькі беларускіх прозьвішчаў вядомых у палітычных сфэрах, і ўсё. Як можна скласьці рэйтынгавую 10 з 3 прозьвішчаў? Не рэальна… Ня думаю, што Вы хацелі, каб я тут некага падманваў… Але я назаву 10 прозьвішчаў беларусаў, якія ў 20 стагодзьдзі зрабілі ўсё магчымае, каб жыла Беларусь:

Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Чорны, Танк, Дзяргай, Караткевіч, Стральцоў, Сыс.

Нічога новага. Толькі кожны з названых зрабіў за сваё жыцьцё для Беларусі за 10 палітыкаў.

Мяне вельмі цешыць, што Янка Брыль жыве ў 21 стагодзьдзі. Сьпіс вялікіх беларусаў 21 стагодзьдзя можна пачынаць з прозьвішча Брыль.

[ 27/06/2005 21:07 ] Адаме, што з сучаснай расейскай літаратуры Вы чытаеце? Якую расейскую музыку Вы слухаеце (калі слухаеце)?

У мяне гэты год прысьвечаны творчасьці Мікалая Гогаля. Такую маю завядзёнку: прысьвячаць цэлы год вывучэньню творчасьці клясыка. Адпаведна, я чытаю тэксты зьнітаваныя з постацьцю Гогаля. У сУчасная расейскай літаратуры такіх тэкстаў мала. Але ёсьць Розанаў і Хармс. Ёсьць сам вялікі стваральнік Вія. Актуальнасьць вобраза Вія навідавоку. Супляменьнікі Гогаля жывуць пад уладаю Вія і сягоньня. Ва Ўкраіне царуюць Вій — Юшчанка з апантанай Панначкаю — Цімашэнка.

Мінулы год я прысьвяціў чытаньню перакладаў і вершаў Веры Маркавай. Яе пераклады старажытна-японскай лірыкі на расейскую мову геніяльныя і шырокавядомыя, а лірыка самой Маркавай малавядомая, таму я пераклаў яе вершы і апублікаваў у часопісе “Маладосьць” №6 за 2005.

Рускі рок цяжка назваць сУчаснай расейскай музыкай. Для мяне гэта больш паэзія, чымсьці музыка. Цой, Мамонаў, Сукачоў, Бутусаў, Кінчаў, Шнураў — паэты. Іх і слухаю.

[ 27/06/2005 21:09 ] Як Вы бачыце пэрспэктыву магчымасьцяў беларускай літаратуры быць шырока запатрабаванай у сьвеце?

Сьвет пляваць хацеў на беларускую літаратуру, сьвет плюе на беларускую культуру і беларускую дзяржаву. Сьвет, наагул, жорсткі, ваенізаваны, агрэсіўны і толькі ў лепшым варыянце ён — абыякавы. Маё патрэбна мне, нашае патрабуецца нам, беларуская мова і бел.літаратура патрэбныя Беларусі… Можна паехаць у Расею і стаць запатрабаваным расейскім бэлетрыстам, можна паехаць у ЗША і стаць патрэбным амэрыканскім сцэнарыстам… А запатрабаваным беларускім літаратарам у Вэнгрыі ці Малайзіі стаць немагчыма. Я дапускаю, што кароткачасовая мода на беларускую экзотыку можа зьявіцца. Нехта з нашых праславіцца. Але нашае месца ў сусьветнай клясыфікацыі культур — экстрэмальны прымітывізм, які моцна адстае ад культур Усходу: арабскай, расейскай, кітайскай, індыйскай…

[ 27/06/2005 21:09 ] Паважаны Адаме, каго б вы зь беларусаў намінавалі на Нобэлеўскую прэмію? Дзякую за адказ

Нікога.

[ 27/06/2005 21:10 ] Уладзімір, якое пытаньне Вы ненавідзеце?

Ананімнае. Абрыдлі мне інтэрнэтныя гульні ў хованкі. Людзі займаюцца самімі хованкамі, а не пытаньнямі… Не цікава.

[ 27/06/2005 21:10 ] Валодзя, што б ты ніколі не сказаў сваёй маме?

Я цябе не люблю…

[ 27/06/2005 21:12 ] А што з Вашага перакладзена на чачэнскую?

Эсэ “Маскоўскія вясёлыя малюнкі”.

[ 28/06/2005 00:09 ] Спадар Глобус, чаму ў вас так мала дзяцей? На захадзе ў людзей заможных і адначасова вядомых зараз модна мець 3-4 ато і болей дзяцей, а вы ж у нас якраз такі – заможны і вядомы. Няўжо вы так не любіце дзяцей, альбо шкадуеце на іх свой каштоўны час? Зміцер Махнач

Мала дзяцей? Зараз палічым: дзьве дачкі, сын, нявестка і ўнук Вова Адамчык. 5! Мала? Мне хапае. Часам, шкадую, што мала займаюся сваімі дзецьмі, мала зь імі гавару, мала свайго часу ахвярую ім.

[ 28/06/2005 14:14 ] Вы сказалі, што любіце крыўдзіць людзей. Можна пападрабязьней? Чаму вы гэта любіце рабіць і якіх мэтаў дабіваецеся? Яшчэ непакрыўджаны.

Беларусы любяць крыўдзіцца і крыўдаваць, такая ў нас ёсьць рыса ў нац.характары. Каб стаць любімым літаратарам, трэба час-ад-часу пісаць пра тое, што любяць чытачы. А мае беларускія чытачы любяць крыўду, асабліва любяць назіраць, калі нехта некага крыўдзіць. Назіраюць і сьмехам душацца, гады. Для такіх чытачоў я і выдаю кнігу “сУчасьнікі”.

[ 28/06/2005 14:23 ] Адам, ваша меркаваньне: эміграцыя З.Пазьняка была памылкай ці неабходнасьцю? І яшчэ : ці ёсьць у нейкай ступені віна Ю.Захаранкі і В.Ганчара ў тым, што іх зараз няма сярод нас ці ўсё ж іх лёс быў наперад вызначаны ? Дзякуй. Туравец Віктар з Францыі.

Лёс — перадвызначанасьць. Лёсы Ганчара і Захаранкі не выклікалі і не выклікаюць у мяне спачуваньня, а вось родных і блізкіх гэтых людзей мне шкада. У кожным злачынстве ахвяра, зазвычай, вінаватая на 49%.

Эміграцыя заўсёды змушаная. Уцёкі з Радзімы ня могуць ня мець грунтоўных падстаў. Пэўна ж, Пазьняк пакінуў Беларусь вымушана. Ён зрабіў такі выбар. Напэўна, ён спадзяваўся, што зможа кіраваць сваім фронтам з-за мяжы. Пазьняк памыліўся. Фронт раскалоўся.

Зрэшты, я не настаўнік, які паказвае і выпраўляе чужыя памылкі. Мне б са сваімі памылкамі разабрацца.

[ 29/06/2005 15:31 ] Які быў ваш шлях да беларускай мовы? Ваш бацька паўплываў? Ці размаўляў ён дома па-беларуску? А якімі мовамі вы валодаеце? Бр.

Шлях да беларушчына ў мяне найкарацейшы, бо і тата і мама дома гаварылі на мове нашай. Баба Броня і дзед Ладзімер таксама гаварылі па-беларуску, як і баба Ядзя, і дзядзька Антак, і дзядзька Сава. Брат бабы Броні — Ян Шайбак быў чальцом Грамады на Наваградчыне. Адзінае, я мала ведаю пра свайго дзеда Ўладзімера Глобуса, але думаю, што і ён гаварыў, як усе ў сям’і.

З замежнымі мовамі ў мяне праблемы. Акрамя як па-славянску не чытаю.

[ 30/06/2005 22:24 ] Пытаньне да Вас з малой радз1мы. Тут таксама ёсьць людз1 як1я ц1кавяцца сучаснай беларускай л1таратурай. Вы не думал1 аб тым, каб правесьц1 нешта накшталт беларускай 1мпрэзы ц1 проста паэтычнага вечару на Койданаушчыне? Было б ц1кава.

Калі мяне запрашаюць, я прыяжджаю.

[ 01/07/2005 07:21 ] Каго з сучасных беларускіх пісьменьнікаў Вы лічыце лепшым? Бо ад нас сыходзяць вялікія: Быкаў, Мележ... Ці будзе каму стаць на іх месца?

Паўтару: найлепшым сучасным літаратарам я лічу Янку Брыля. Сьпіс пісьменьнікаў зь якімі я сябрую і творы якіх чытаю доўгі, але трэба назваць прозьвішчы, і я назаву: Наварыч і Арлоў, Сцяпан і Федарэнка, Галубовіч і Хадановіч, Васючэнка і Пятровіч, Дубавец і Кісліцына, Рублеўская і Разанаў… Ледзь не сказаў Сыс. Ніяк ня звыкнуся з думкаю, што яго няма.

[ 04/07/2005 13:53 ] Ці Вы пішыце або плянуеце напісаць нешта сур''ёзнае? Маю на ўвазе не замалёўкі-расказікі, а вялікую аповесьць ці нават раман.

“Замалёўкі-расказікі”? Зьняважлівая танальнасьць зададзена? Калі ласка. Мае раманы і аповесьці прадаюцца ў кожнай беларускай кнігарні, у розных фарматах і па розных коштах. Але Вы, я разумею, па кнігарнях ня ходзіце, пэўна, у Вас ног няма. Ну а хто будзе слухаць бязногага, які робіць парады футбалісту, як галы забіваць? Ніхто. Так ніхто не паслухае жабрака, які паспрабуе радзіць багатаму, як яму грошы зарабляць.

[ 04/07/2005 15:15 ] Dabry dzien''.. takoje dziunaje navat nie pytannie ale dobra: praczytannie "Damavikameron" natchnila mianie na jasczcze adnu czastku da hetaj knihi "Hazietczyk".. chaczu napisac'' i daslac'' Vam.. jak heta zrabic''?? Dziakuj

Можна мне даслаць. Адрэсы я падаў. А лепей выставіць на сайце Litara.net, дзе выстаўляюць такія творы.

[ 04/07/2005 18:39 ] Паважаны Адаме! Паў гады таму ў хатцы на Сухой вы распавялі, як паводзіце сябе, набліжаючыся да аўтобусу, калі кіроўца пачынае рыхтавацца да руху. А як вы рэагуеце, калі сьвятлафор пачынае мігаць, пераключаючыся на жоўты ці чырвоны? Леанід.

Паважаны Леанід, я падпарадкоўваюся правілам дарожнага руху. Але здараюцца ў нас мітынгі і шэсьці, вось тады я не зьвяртаю ўвагу на сьветлафоры, тады ў мяне ўваччу іншая каляровая раскладка — бел-чырвона-белая.

[ 04/07/2005 19:47 ] Спадар Глобус, калі шмат хто з нашай беларускай эліты, якія вельмі паважаюць В.Быкава (яго розум, сумленьне), маюць зь ім супрацьлеглыя погляды ў адносінах да З.Пазьняка – гэта што за зьява, адсутнасьць сумленьня, непавага, што гэта і чаму? Як зразумець такі парадокс простаму беларусу? Дзякуй. Туравец Віктар.

Дзякуй за пытаньні, спадар Віктар. У чалавека можа мяняцца стаўленьне ня толькі да асобных людзей, але нават да зьяваў прыроды і Бога.

[ 05/07/2005 03:58 ] Спадар Глобус! І вось яшчэ адно пытаньне... Я разумею, што Вы не палітык, Вы – літаратар, таму маеце рацыю разважаць наконт блізкіх да Вас пытаньняў, але, калі не цяжка, і калі зграбна, як Вы лічыце, ці выконвае беларуская апазыцыя свае прызначэньне як рухавік, які падпіхне Беларусь да сапраўдных зьменаў, якія ні Лукашэнка, ні ягоныя крамлёўскія спонсары проста ня прадугледжваюць? Дзякуй! Панас

Не выконвае. Апазыцыя не можа перахапіць ініцыятыву. Беларуская дзяржава, як гэта не парадаксальна, разьвіваецца і ўзмацняецца значна хутчэй за апазыцыю. Беларуская дзяржава вельмі лёгка і хутка паглынае і выкарыстоўвае ўсе напрацоўкі апазыцыйных палітыкаў.

[ 05/07/2005 11:32 ] Што для вас бізнэс-этыка? Баляслаў

Трымаць слова. Паабяцаў — зрабіў. Заплянаваў — выканаў.

[ 05/07/2005 12:30 ] Прывітаньне Ўладзімір, Калі казаць пра апошнюю пяцігодку для расейцаў, то слоўнік гэтага пэрыяду мог быць прыкладна такім: Сацыяльная адказнасьць, гламурна, шахід, мэтрасэксуал, ВВП, спа, бумэр, ствалавыя клеткі, піцерскія, міленіюм, сэйл, нацболы...і яшчэ троху словаў. А як выглядае слоўнік гэтай пяцігадовай эпохі для беларусаў? І яшчэ адно пытаньне. Твае галоўнае расчараваньне апошняга году? Андрэй Лапценак, Менск

Інтэрнэт, мабільнік, онлайн, рэфэрэндум, выбары, адзіны кандыдат, дзень незалежнасьці, акцыя пратэсту.

Найбольшае расчараваньне – адзіны кандыдат.

[ 05/07/2005 14:30 ] Tavarysh Globus,adno istotnae pytanne:chamu vam ne padabaecca Salvador Dali.Kalilaska,razgornuta adkazhyce.

Самы разгорнуты адказ быў дадзены ў артыкуле ў "Нашай Ніве", а потым быў надрукаваны ў зборніку "Сшыткі", які прадаецца ў кнігарнях.

[ 05/07/2005 15:24 ] Адам, ці можна сказаць, што Лукашэнка – палітык ? Дзякуй. Туравец Віктар.

Можна сказаць, што Лукашэнка – палітык.

[ 05/07/2005 16:29 ] Сп. Глобус, ваша імя даволі часта сустракалася на інтэрнэт форумах, прычым у дастаткова сумнеўным кантэксьце. Гэта былі вы ці нехта выкарыстоўвае ваш псэўдонім? Калі вы сапраўды ўзьдзейнічаеце, не маглі б патлумачыць, што вас цікавіць у гэтым спэцыфічным жанры? Калі, па вашаму, свабода выказваньня дэградуе ў акт публічнага ананізму? Франц Якубік, Вільня

Мой псэўданім сапраўды выкарыстоўваецца ў інтэрнэце іншымі асобамі, але нічога страшнага я ў гэтым ня бачу. Лічу, што ў інтэрнэт-прасторы павінны існаваць бесцэнзурныя форумы. Ёсьць людзі, іх даволі шмат, якім хочацца на інтэрнэт-форумах выглядаць лепшымі, чым яны ёсьць на самой справе, а таксама выглядаць іншымі людзьмі. Я гэта ўспрымаю не як хваробу, а як гульню. Яшчэ раз падкрэсьлю, я – за радыкальную свабоду слова. Але хачу папярэдзіць, што інтэрнэт – вельмі празрыстая структура. І калі ў чалавека будзе вялікае жаданьне знайсьці, хто хаваецца за тым ці іншым псэўданімам, ён знойдзе.

[ 05/07/2005 16:30 ] Хто вам стылёва цікавы сёньня ў Беларусі? У сьвеце? Вольга Літоўчанка, Мінск

Мяне цікавіць моладзь: і ў Беларусі, і ў сьвеце. Я з задавальненьнем чытаю творы пачаткоўцаў. Больш за тое, я заснаваў прэмію "Залатая літара", якую ўручаю маладым аўтарам. Наагул, апошнім часам чытаю і перачытваю тэксты, напісаныя клясыкамі ў маладыя гады. У гэтых тэкстах шмат памылак, але энэргетыка маладосьці кампэнсуе іх. Днямі перачытваў Лермантава.

[ 05/07/2005 16:31 ] Калі выйдуць дзёньнікі Вячаслава Адамчыка кнігай? Ці можна іх прачытаць цалкам у Інтэрнэце? Алесь

Найбліжэйшая публікацыя дзёньнікаў Вячаслава Адамчыка рыхтуецца ў часапісе "Дзеяслоў". Там будуць зьмешчаны самыя апошнія словы майго бацькі. Да выданьня кнігі яшчэ вельмі далёка, бо больш, чым 10-гадовы пэрыяд яшчэ не расчытаны (існуе толькі ў рукапісах).

[ 05/07/2005 16:33 ] Сп. Глобус, хто зь беларускіх пісьменьнікаў, паэтаў можа прэтэндаваць на Нобэлеўскую прэмію сёньня? Інна Мікалаеўна, Лельчыцкі літаратурны музэй

Другі раз у мяне пытаюцца пра кандыдата на Нобэлеўскую прэмію. Гэтым разам я адкажу. Найлепшым беларускім пісьменьнікам я лічу Янку Брыля. Ня веру, што ён атрымае Нобэлеўскую прэмію, але гэта ні ў якім разе ня зробіць яго менш значным і менш паважаным.

[ 05/07/2005 16:35 ] Вы выдавалі зборнік беларускіх хоку. Чаму туды не ўключаны хоку Зянона Пазьняка? Як вы да яго ставіцеся як да паэта і палітыка? Ці прадбачыце вяртаньне? Зінаіда Салавей, Мінск

У зборнік "Круглы год" хоку паэта Зянона не ўвайшлі з той прычыны, што ён ніколі не вытрымліваў клясычны канон. Пра сваё стаўленьне я ўжо сёньня адказваў. Спадзяюся на вяртаньне.

[ 05/07/2005 18:58 ] Адаме, ці казаў вам ужо нехта, што адмовіўшыся ад клясычнага правапісу, вы фактычна стэрылізавалі свае тэксты? Ня можа пісанае наркамаўкай "торкаць" гэтак жа, як перададзенае тарашкевіцай, асабліва калі літаратурны стыль мяжуе з эпатажам. Гэта я не на дыскусію вас выклікаю, а паведамляю пра свае спажывецкія ўражаньні. Правапіс наш клясычны – гэта ня проста правапіс, а часта ўмова для раскрыцьця аўтарскай энэргетыкі і глыбінных сэнсаў. Магчыма, вы прэтэндуеце на ўключэньне ў афіцыйныя школьныя праграмы й таму кнігу за кнігай выпускаеце бязь мяккага знаку. Але я пра школы думаю ў апошнюю чаргу, калі купляю тое ці іншае ў кніжнай краме, а думаю пра ўласнае задавальненьне. Таму зрабіце штосьці й для мяне. З павагаю, Заякот

Для Вас у "Нашай Ніве" кожны тыдзень выходзяць мае нататкі клясычным правапісам. І ў адрозьненьні ад Вас пра беларускую школу і беларускую адукацыю я думаю ў першую чаргу, а не ў апошнюю.

[ 05/07/2005 19:05 ] Уладзімер, чаго Вы баіцеся (апрача, натуральна, сур''ёзных праблемаў, зьвязаных зь блізкімі?)

Баюся праблемаў, зьвязаных з маёй краінай. У сутнасьці, я – воін. Умею і магу ваяваць. Прагну перамогі для Беларусі. Але як разумны чалавек я разумею, што перамога Беларусі – гэта параза ўсіх астатніх краінаў.

[ 05/07/2005 19:06 ] Хто Ваш адзіны кандыдат?

Каб не супярэчыць самому сабе, скажу, я буду галасаваць супраць усіх.

[ 05/07/2005 19:35 ] Шаноўны спадар Глобус! Не вялікі сакрэт, што "бацька" не любіць, як ён сам казаў – "кручканосых". Вось і Рыгору Барадуліну задавалі пытаньне пра яго быццам бы "кручканосасьць". Я гэта да таго, што назіраецца нейкая дзіўная зьява, перанос юдафобіі на Беларусь з Расеі. На мой погляд гэтым імкнуцца адцягнуць увагу ад такой не менш страшнай рэчы – як БЕЛАРУСАФОБІЯ. Праявы беларусафобіі мы назіраем як у чыноўнікаў ад "нашай" улады, так і ў некаторых людзей на Беларусі. Ці згодныя Вы з гэтым? І ўвогуле, як трэба змагацца з праявамі расізму (маю на ўвазе беларусафобію) на Беларусі? З павагай, Юрый. Deutschland.

Фобія – хвароба. Як кожную хваробу, яе трэба дыягнаставаць і лячыць. Трэба вучыць людзей любіць непадобных да іх саміх.

[ 05/07/2005 20:23 ] Як Вам новая кніга Паула Севярынца?

Чытаю. Напісаў чарнавік рэцэнзіі і ў бліжэйшы час зьмяшчу на літара.нэт.

[ 05/07/2005 21:23 ] Перачытала Ваш твор "Паэт". Няўжо нельга свае глыбокія думкі выражаць без удзелу ненарматыўнай лексыкі?

Можна. Збольшага я так і раблю, але ёсьць моманты, калі без ненарматыўнай лексыкі ніяк не абысьціся. Ёсьць пэўныя асобы пра якіх я нават у думках выкарыстоўваю ненарматыўную лексыку з самымі жахлівымі мацюкамі.

[ 05/07/2005 21:32 ] Ці знайшлі Вы таго паскудніка, які праз сеціва распаўсюдзіў інфармацыю пра сьмерць вашай жонкі? А калі знойдзеце, што зь ім зробіце? Т.Равень, Менск

Знайшоў і мы памірыліся.

[ 05/07/2005 21:33 ] Зь кім Вам цікава піць? Т.Равень

Апошнія тры з паловай гады ні з кім, бо ня п''ю. Але было цікава выпіваць з Дубаўцом, Харэўскім, Сысам і любімымі жанчынамі. А больш за ўсё я выпіў з бацькам.

[ 05/07/2005 21:34 ] Ці ёсьць у вашым цыклі "Сучасьнікі" сучасьнікі зацемка пра Глёбуса і пра Ўладзімера Адамчыка? Т.Равень

Ёсьць.

[ 05/07/2005 21:35 ] Каму зь беларускай палітычна-культурніцкай тусоўкі вы не падаеце рукі? Т.Равень

Занадта вялікі сьпіс. Адпаведна, не хачу рэклямаваць гэтыя прозьвішчы.

[ 05/07/2005 21:37 ] Неяк Дубавец параўнаў вас ў Сэленджэрам. А зь кім вы параўнаеце Дубаўца? Ці ёсьць у нас свае Маркес і Борхес, а таксама хто такі беларускі Місіма? Т.Равень.

Вельмі не люблю штучных параўнаньняў. Барадулін – "беларускі Вазьнясенскі", Някляеў – "беларускі Еўтушэнка", Галубовіч – "беларускі Рубцоў". Такім чынам нашу ўнікальнасьць і самабытнасьць, нашу адметнасьць і непаўторнасьць спрабуюць прынізіць і зрабіць нашых пісьменьнікаў другаснымі. У нас няма Борхесаў. У нас ёсьць Ігар Бабкоў. У нас няма Місімы. У нас ёсьць Славамір Адамовіч.

[ 05/07/2005 21:41 ] Які б факт ўласнай біяграфіі вы хацелі б замаўчаць ў энцыкляпэдычным артыкуле "Адам Глёбус"? Т.Равень

Дык я яго і замаўчу.

[ 05/07/2005 23:38 ] Вітаю Вас, пане Адаме! Хацеў бы ведаць вашае меркаваньне пра пэрспэктывы беларускай мовы ў Беларусі. Ці цяперашнія спробы сусьветна вядомых фірмаў весьці рэкляму сваёй прадукцыі на TV па-беларуску ня ёсьць знакам таго, што гаварыць па-беларуску празь нейкі час будзе модна, а падаваць на гэтай мове рэкляму сёньня – папросту крута і арыгінальна з пункту гледжаньня рэклямы. Ці якраз не бізнэс-цікавасьць да беларускай мовы дасьць штуршок да яе прэстыжнасьці ў беларускім грамадзтве? Ігар, Берасьце

Ведаючы законы бізнэсу, я разумею, што рэклямадаўцы пралічваюць посьпех сваёй рэклямы. Беларуская мова ў рэкляме сёньня больш пасьпяховая за расейскую, бо наш спажывец адразу атаясамлівае гэтую рэкляму з сваёй, а расейская мова і рэкляма ўспрымаецца як чужая. Таму беларуская мова ў рэкляме – гэта не рамантычны парыў паэтаў-нацыяналістаў, а прагматычны разьлік. Як паэта-нацыяналіста мяне цешыць такі стан рэчаў.

[ 06/07/2005 11:07 ] Акрамя хлусьні, Валодзя, якімі яшчэ паразамі чалавечымі грэбуеце? І ці ёсьць такія вартасьці ў чалавеку, якія выклікаюць у Вас павагу, белую ці чорную зайздрасьць?

Для мяне, як і для большасьці беларусаў, выклікаюць агіду сем сьмяротных грахоў. Павагу выклікае штодзённая працаздольнасьць. Так працаваў мой дзед. Так працаваў мой бацька. І так стараюся працаваць я.

[ 06/07/2005 11:37 ] Актер Бенисио Дель Торо сказал в интервью: "С другими я не соревнуюсь. Я соревнуюсь сам с собой". А с кем, Адам, соревнуетесь Вы?

З Уладзімерам Адамчыкам.

[ 06/07/2005 11:47 ] Які сакрэт(ы) посьпеху ў бізнэсе? Падзяліцеся. Якія бізнэс-парады вы маглі б даць чытачам гэтага форума?

Я распачаў на сайце літара.нэт галінку "Праекты", дзе буду расказваць пра пасьпяховыя і непасьпяховыя свае праекты ў бізнэсе і ў творчасьці. Першы праект – як зарабіць у "Макдональдзе" мільён баксаў. Ён там вісіць ужо.

[ 06/07/2005 12:02 ] Спадар Глобус, Вы шмат пишаце пра свае экзатычныя падарожжы и шыкощнае жыцьцё, выдаеце свае книги у шыкоуных вокладках. А вось Василь Быкау жыу сьципла и ня меу таких магчымасьцяу. Як Вы думаеце, чые книги зпастануцца ў литаратуры, Вашы ци Быкава?

Мяне заўсёды зьдзіўляла, як добры быў апрануты Быкаў у савецкі час. Ён быў ляўрэат усіх магчымых савецкіх прэміяў. А я ніякіх прэмій ня маю. А хто з нас застанецца, вырашыць гісторыя. Адно, што я магу сказаць дакладна, Быкаў ужо застаўся і застаўся надоўга. І мне вельмі прыемна, што адна з ягоных кнігаў, мая любімая кніга "Пахаджане", мае на вокладцы маю карціну.

[ 06/07/2005 12:50 ] Jak dziavochae prozvishcha vashae mamy?Sapraudnae.Martyn H.

Маёй мамы дзявочае і сапраўднае прозьвішча адное і тое ж: Глобус, Ніна Ўладзімераўна. Мая маці ўсё жыцьцё ганарылася гэтым прозьвішчам і ніколі яго не мяняла.

[ 06/07/2005 12:51 ] Спадар Глобус, вы маеце права тут прыніжаць, судзіць людзей ? Тое, што я ў ХРЭНЦЫІ – гэта ня значыць, што мяне не хвалюе Беларусь. Вы ведаеце прычыны, чаму я там? Вы хочаце сябе тут паказаць такім "вумным" сваім хамствам ? Туравец Віктар з Хрэнцыі.

Хачу і пакажу. І разумным, і вясёлым, і дасьціпным. І Вам я ўжо казаў – дзякуй за пытаньні. Мая асноўная аўдыторыя, мае асноўныя чытачы і сябры, як вам не падасца дзіўным, у большасьці жывуць у Беларусі. Таму прыярытэт аддаецца ім. Але ў мяне ёсьць шмат сяброў, паплечнікаў, таварышаў, якія жывуць з розных прычынаў і за межамі дзяржавы. Іх думкі ўлічваюцца, іх пажаданьні выслухоўваюцца, але ў другую чаргу.

[ 06/07/2005 12:53 ] Спадар Адам, а чаму Вы не назвалі сярод шанаваных Вамі сучасных літаратараў паэтаў Мінкіна і Адамовіча? Ці Вы іх не шануеце? Дзякуй, Сяргей

Адамовіча назваў. Мінкіна і Акудовіча называю зараз.

[ 06/07/2005 13:01 ] Што на ваш погляд вызначаюць словы "сапраудны беларус", и што рабiць у будучынi з несапрауднымi, напрыклад, такiмi як я, якiя не вывучалi мову i сёння размауляюць па-расейску?

Адзінае, што я магу зрабіць, напісаць добры верш, які такія людзі, як Вы, вывучаць ці хаця б прачытаюць.

Не падзяляю беларусаў на сапраўдных і несапраўдных.

[ 06/07/2005 13:09 ] Колькі асобаў жаночага полу налічвае Ваш дон-жуанскі спіс? За сотню пераваліла?

Шэсьцьдзесят шэсьць. Для мяне гэта ня спорт. Без каханьня сэксам я не займаюся.

[ 06/07/2005 13:10 ] Жанчыны якога ўзросту Вам цікавыя (ад... і да... )?

Усе жанчыны для мяне цікавыя. Наагул, вельмі люблю фэмінісцкі рух. З задавальненьнем чытаю жаночыя вершы і прозу. Заўсёды падтрымліваў жанчын. Таму лічу, што папулярнасьць маёй жонкі на 50% зроблена мною.

[ 06/07/2005 13:10 ] Нядаўна на "Свабодзе" прачытаў, што паводле падатковай інспэкцыі ў Беларусі няма ніводнага даляровага мільянэра. Самы багаты чалавек, здаецца, зарабіў у 2004 годзе каля 480,000 даляраў. Гэта, я мяркую, ня можа быць праўдзівай інфармацыяй пра нашых акул бізнэсу, то значыць у нас мільянэры хаваюцца альбо зарабляюць грошы недзе за мяжой? І колькі іх у Беларусі? Ці належыце вы да гэтага клюбу? Антось

На жаль, не належу. Але хацелася б быць мільянэрам, у эўра. Думаю, што мільянэры ў Беларусі хаваюцца. Гледзячы на катэджы, якія будуюцца вакол Менску, перакананы, што мільянэраў у нас многа.

[ 06/07/2005 13:14 ] Pawazany Adam (Uladzimer). Jak rana wy adczuli swajo pryzwanne, jak chutka znajszli siabe i ci znajszli uwogule? I jaszcze: 1.U czym, jak wy liczycie, galounaja pryczyna ciaperaszniaga stanu belarusau; 2.Ci ne sprabawali Wy (jak znauca) praanalizawac''i napisac'' szto-nebudz'' pra seks.prablemy Lukaszenki i szto wy pra jago dumajece jak pra muzczynu u sensie – adnosna zanczyn(i krainy;))? 3.Kali b uznikla sytuacyja pry jakoj neabchodna bylo b achwiarawac'' zycciom dziela "swabody swajgo naroda" (naroda u szyrokim i u wuzkim sensie-swat, brat) dla jakoga wy zreszty piszycie-ci na douga zadumalisia b? Dziakuj za adkaz. Moza na nekatoryja pytanni wy uzo adkazwali-tady ich zdymaju. Andrej

Прызваньне мастака я адчуў і ўсьвядоміў у трэцім клясе і больш гэтаму прызваньню імкнуўся не здраджваць. Прызваньне пісьменьніка прыйшло да мяне напрыканцы вучобы ў Акадэміі мастацтваў. А вось прызваньне палітыка ўсё ніяк не прыйдзе, таму я не задумваюся над палітычнымі постацямі ўсур''ёз, але такія-сякія думкі ўзьнікаюць. Да прыкладу, Тоні Блэр вельмі падобны да Гогалеўскага Хлестакова. Ён лётае па сьвеце і ўсё кажа, зараз да вас прыляціць амэрыканскі рэвізор.

1. Беларусы – вельмі маладая нацыя. На маю думку, уласна беларусамі мы пачуваемся і пачуваем сябе блізу 100 гадоў. Таму ў нас ёсьць праблемы росту, і ўсё, што з гэтым зьнітавана. Мы яшчэ вельмі інфантыльная нацыя, але гэта хутка пройдзе.

2. Гэта пытаньне не да літаратара і паэта, а да лекара-сэксапатоляга.

3. Штодня сядаючы за стол і запальваючы экран манітора, я задумваюся над лёсам беларушчыны. Большую частку свайго жыцьця я ахвяраваў на беларускую ідэю, а імгненны подзьвіг – гэта не для мяне.

[ 06/07/2005 13:24 ] Як вы ацэньваеце свой унёсак у літаратуру і мастацтва? Як на мой густ, карціны ў вас пустыя і малазразумелыя (але я не магу пахваліцца ведамі і разуменьнем у сучасным выяўленчым мастацтве), а проза ваша наадварот вельмі рэалістычная і глыбінна зразумелая. Ад чаго такі кантраст, і як вы самі ацэньваеце свае дасягненьні ў мастацтве і літаратуры?

Дзякуй за камплімэнт. Сваю творчасьць ацэньваю вельмі скептычна. Я не пакутую на зорную хваробу і манію велічы. Той кантраст, які Вы заўважылі, хутчэй за ўсё зьвязаны з прыярытэтамі ў маёй творчасьці – беларускае слова для мяне сёньня больш важнае за жывапіс і графіку, таму я даўно не рабіў сваіх выставаў, і Вы напэўна не бачылі апошніх твораў у выяўленчым мастацтве.

[ 06/07/2005 13:26 ] Jak Vy stavicesja da paezii Valzhyny Mort?

З усёй творчасьці Вальжыны больш за ўсё мне падабаецца яе псэўданім.

[ 06/07/2005 13:27 ] Ці праўда, што Вы маеце ўласную нерухомасьць у Гішпаніі?

Няпраўда. На жаль. Я ніколі ня быў уласна ў Гішпаніі. Я быў у Каталёніі, у Барсэлёне. Яна сапраўды мне вельмі падабаецца. І калі ў мяне будзе магчымасьць, я абавязкова куплю сабе кватэру ў Гатычным квартале, які страшэнна не любіў Сальвадор Далі і прапанаваў яго зруйнаваць.

[ 06/07/2005 13:51 ] Адам Глобус – беларускі літаратар, (але) чый выдавец? Колькі беларускіх кніжак ён выдаў і якія? Чытач

Каб Вы былі чытачом і хадзілі б у кнігарні, Вы б ведалі, колькі кніг выйшла ў выдавецтве "Сучасны літаратар". Для астатніх скажу, ганаруся тым, што выдаў вялікую хрэстаматыю па беларускай літаратуры, дзе зьмешчаны творы ад "Слова пра паход Ігара" да вершаў Анатоля Сыса.

[ 06/07/2005 13:53 ] Паважаны Адаме, ці настаў час распачаць выданні "Наша Ніва за 60 хвілін" ці "Arche for Dummies"? Узяліся б Вы за іх? З павагай. Леанід

Не надышоў. Сярод беларускамоўных чытачоў вельмі малы адсотак складаюць "чайнікі" (dummies). Ня трэба апярэджваць час.

[ 06/07/2005 13:58 ] Дзякуй за пытаньні. Мы заканчваем онлайн-канфэрэнцыю. Вэб-рэдактар

Дзякуй усім, хто задаў пытаньні. Шкадую пра тое, што канфэрэнцыя атрымалася не лірычнай.
XS
SM
MD
LG