Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе прызыў у войска на Магілёўшчыне


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На гэтым тыдні ў Беларусі пачаўся летні прызыў ва Ўзброеныя сілы. Заплянавана, што на тэрміновую вайсковую службу будзе прыцягнута ва ўсёй краіне 9 тысячаў навабранцаў.

Ад панядзелка і штодня ваенкаматы адпраўляюць маладых людзей у вайсковыя часткі. У Магілёўскай вобласьці за два тыдні прызыўной кампаніі пачнуць тэрміновую вайсковую службу пракладна тысяча чалавек.

Вядома, што адной з праблемаў цяперашніх прызыўнікоў зьяўляецца слабае здароўе. Асноўныя захворваньні, паводле якіх для маладых людзей адкладаецца альбо скасуецца тэрміновая вайсковая служба, гэта скрыўленьні пазваночніка і плоскаступнёвасьць. Мэдыкі тлумачаць, што гэта наступствы жыцьця дзяцей: школьнікі рознага росту сядзяць за аднолькавымі сталамі, а абутак, як правіла, нізкай якасцьці, як гавораць – «шырпатрэбаўскі», які не адпавядае мэдычным нормам.

У Магілёўскім ваенкамаце таксама лічаць, што на мэдычныя камісіі прыходзяць кволыя юнакі таму, што яны мала і неахвотна займаюцца спортам. Аднак здаровых маладых людзей болей, таму з праблем з прызывам на Магілёўшчыне няма.

Ваенны камісар Магілёўскай вобласьці Мікалай Крыўчэня ўпэўнены, што хлопцы хочуць служыць у войску. І акрамя традыцыйнай любові да Радзімы, вайсковец гаворыць пра іншую прычыну.

(Крыўчэня: ) “Кожны мужчына паводле свайго характару, свайго арганізму – воін. І кожны хоча ў нечым выявіцца. Тым больш, што паказваюць розных баевікоў і супермэнаў, і кожны хоча пайсьці ў войска і так жа сама паказаць сябе такім жа”.

Мікалай Крыўчэня сказаў, што ягоны сын таксама цяпер праходзіць службу ў войску, і ён як бацька перакананы, што менавіта войска робіць з юнака мужчыну. Бо там няма маці, якая пра яго паклапаціцца, і маладому чалавеку давядзецца навучыцца меркаваць і дзейнічаць самастойна.

У Магілёўскім ваенкамаце лічаць, што тэрміновая вайсковая служба прэстыжная, і нават калі б была альтэрнатыўная, то санітарамі ў шпіталі пагаджаліся працаваць толькі дзесятак з тысячы чалавек. Але не ўсе падтрымліваюць меркаваньне вайскоўцаў. Паслухайце, што сказалі мне наконт прэстыжнасьці вайсковай службы мінакі на вуліцах Магілёва.

(Юнакі: ) “Не, не прэстыжна. Сябар у мяне служыў і гаворыць: “Няма там чаго рабіць. Паўтары гады страчанага жыцьця”. – “Няма там чаго рабіць. Не хачу”.

(Спадар: ) “Яна непрэстыжная, але я так мяркую, што трэба зацікаўліваць і маральна, і матэрыяльна, тады яна можа стаць прэстыжнай. Бо войска ў любым выпадку фармуе маладога чалавека, загартовае дух і цела”.

(Спадарыня: ) “У мяне сын цяпер такога ўзросту І я не хачу. Я баюся. Баюся за задроўе, за маральны стан яго, і ён не хоча”.

(Спадар: ) “Цяпер, я мяркую, у войску няма ніякага сэнсу служыць, таму што ў жыцьці адбываецца шмат падзеяў, чалавек трапляе ў войска на паўтары гады і гэтае жыцьцё праносіцца міма яго. Лепей, каб армія была прафэсыянальная, і кожны займаўся сваёй справай”.

Вось такое стаўленьне да вайсковай службы выказалі магілёўцы. Хаця трэба адзначыць, што гэтае апытаньне рабілася ў горадзе, а вось ў сельскай мясцовасьці ёсьць іншыя настроі на гэты конт: маладыя людзі з вёскі лічаць войска прыступкай у лепшае жыцьцё, магчымасьцю зьехаць з вёскі ў горад да больш прыстойных умоваў жыцьця і заробкаў.
XS
SM
MD
LG