Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Віцебску пачалася пілігрымка ў гонар Полацкіх пакутнікаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск За чатыры дні пілігрымы зьбіраюцца дайсьці з Віцебску да Полацку, дзе ў 1705 годзе аддалі сваё жыцьцё за веру пяцёра манахаў-базыльянаў.

Гэта ўжо 12-я пілігрымка з Віцебску на Полацак, якую ладзяць віцебскія грэка-каталікі. Пра тое, чым сёлета адметная традыцыйная штогадовая імпрэза, распавёў тутэйшы грэка-каталіцкі сьвятар, айцец Зьміцер (Грышан).

(Айцец Зьміцер:) “Якраз сёлета мы будзем адзначаць трохсотгодзьдзе прычыны ўзьнікненьня гэтае пілігрымкі. Бо мы ходзім на гонар праслаўленьня полацкіх пакутнікаў -- манахаў-базыльянаў, якія ў полацкім Сафійскім саборы 300 год таму, 12-га ліпеня, загінулі з рукі цара Пятра . Вось у гэтым годзе надараецца такая круглая дата.

Гісторыкі сьведчаць, што ў 1705-м годзе, увайшоўшы ў Полацак са сваімі войскамі, цар Пётр Першы вырашыў наведаць Сафійскі сабор, які быў тады уніяцкім храмам. Аглядаючы абразы, ён заўважыў на адным зь іх незнаёмае аблічча і запытаўся пра гэта ў настаяцеля. Пятру Першаму патлумачылі, што гэта полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч, забіты ў 1623-м годзе. Убачыўшы, якую пашану тут аддаюць уніяцкаму сьвятару, разгневаны праваслаўны расейскі цар уласнаручна зарубіў настаяцеля шабляй і аддаў загад зруйнаваць полацкі Сафійскі сабор ды перасьледаваць уніяцкіх манахаў ды сьвятароў.

Пяцёра манахаў, што прынялі 12-га ліпеня гвалтоўную сьмерць, цяпер называюць полацкімі пакутнікамі. І таму пілігрымку з Віцебска заўсёды ладзяць такім чынам, каб у бліжэйшую да 12-га ліпеня нядзелю дайсьці да полацкае Сафіі, дзе звычайна адбываецца імша. А напярэдадні выправы ўдзельнікі пілігрымкі звычайна зьбіраюцца на імшу на Усьпенскай горцы ў Віцебску. Гэта якраз тое месца, дзе загінуў вуніяцкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч, праз сто зь лішкам гадоў прызнаны сьвятым.

Бальшыня тых, хто ідзе ў пілігрымку,-- гэта грэка-каталікі, хаця сёлета зь імі разам выправіліся ў Полацак і касьцёльная моладзь з ліку рыма-каталікоў. Дарэчы, у Віцебск адмыслова дзеля таго, каб разам пайсьці ў пілігрымку, прыяжджаюць людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама Украіны ды Расеі. Сёлета сабралася больш як 100 чалавек. Кожны зь іх чакае і яднаньня ў веры, і нечага асабістага, пра што мае папрасіць, укленчыўшы ў Сафійскім саборы.

(Спадар:) “Я прыехаў з Полацку, гэта ў мяне ўжо 11-я пілігрымка. Чакаю сустрэчы са сваімі знаёмымі ды сябрамі, бо, асабліва напрыканцы пілігрымкі, узьнікае такое ўражаньне, што ведаеш гэтых людзей даўно, і што гэта ня проста людзі ідуць, а ідзе Царква.”

(Спадарыня:) “Сама я з Віцебску. Я чалавек, які яшчэ, можа, толькі набліжаецца да бога, да веры. Гэтая пілігрымка ёсьць маім першым такім досьведам, і я думаю, што я ў духоўным пляне для сябе нешта набуду”.

(Спадар:) “ Мы -- вернікі духоўнае абшчыны Архангела Міхаіла з Санкт-Пецярбургу. У нас у Расеі грэка-каталіцкае жыцьцё , можна сказаць, у гаротным стане. І таму гэтая пілігрымка для нас ёсьць добрым шанцам узяць удзел у царкоўным жыцьці, памаліцца...”

(Спадарыня:) “ Я буду маліцца за ўсіх маіх родных, блізкіх, за павелічэньне нашае парафіі. Я сама з Віцебску, хаджу ў пілігрымкі ўжо ня першы год, бо чакаю дабра, хочацца, каб расьлі вера, надзея і любоў ва ўсяго беларускага народа, спадзяюся, што плён будзе добры!”
XS
SM
MD
LG