Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наркотыкі як уцёкі ад нуды


Сьвятлана Курс, Менск Паводле Ўсясьветнага дакладу ААН аб наркотыках, прэзэнтаванага днямі ў Вене, летась колькасьць наркаспажыўцоў у сьвеце ўзрасла на 12% і склала каля 200 мільёнаў чалавек. Гэта 5% насельніцтва плянэты.

З 200 мільёнаў нарказалежных у сьвеце, паводле ААН, 161 мільён. спажывае марыхуану, 26 мільёнаў – амфэтаміністы, каля 8 мільёнаў ужываюць экстазі, каля 14 мільёнаў – какаін, больш за 10 мільёнаў -- гераін, больш за 5 мільёнаў – апіяты. Бальшыня наркаспажыўцоў жывуць у Паўночнай Амэрыцы й Эўропе. Паводле розных крыніцаў, у Беларусі – каля 100 тысяч наркаспажыўцоў, бальшыня зь якіх спажываюць марыхуану і апіяты.

У Беларусі наркагандляры часта зьяўляюцца прадаўцамі свайго прадукту. Іншыя прадаюць рэчы з дому або рабуюць. Наркотыкі ў Беларусі таньнейшыя, чым у Эўропе ці Амэрыцы, кажуць спэцыялісты з Інстытута крыміналёгіі. Гераін на адзін укол каштуе толькі 10 тысяч рублёў. У правінцыі апіяты і марыхуана зусім танныя – пару даляраў за каробачку з-пад запалак. Наркотыкі прыносяць прадаўцам і перавозчыкам прыбытак ад 800 да 1700%. А дзеці 8-13 гадоў нюхаюць газ ад запальнічак, клей ды бэнзын, што ўвогуле амаль бясплатна.

Учора ў Менску ля Кастрычніцкага пляца мне паказалі хлапца, які прадае “карабель” марыхуаны за 3-5 даляраў у залежнасьці ад якасьці. Просты спосаб прадаць наркотыкі і ня быць злоўленым – Інтэрнэт. На пошукавы запыт “набыць траўку” я атрымала некалькі сайтаў, дзе прапаноўвалася заплаціць WEB-грашыма і атрымаць па пошце пачачак марыхуаны пад выглядам “фітагарбаты”. Прадавец і пакупнік дачыняюцца толькі праз электронную пошту на бясплатных заходніх сэрвэрах. А ёсьць шыфраваныя запыты – паводле камбінацыі лічбаў. У наркаспажыўцоў ёсьць адмысловы слэнг. Гэта цэлая субкультура.

Тыповы беларускі наркаспажывец – гэта малады чалавек ад 15 да 29 гадоў.

(Алег:) “Трэба неяк навучыцца жыць без наркотыкаў. У мяне шмат знаёмых, якія ўжываюць наркотыкі і іх кілбасіць на іхнай хвалі. Я паспытаў наркотыкі, іх мне прапаноўвалі аўтарытэтныя хлопцы, якім я хацеў спадабацца. Але я ўжо два гады не ўжываю”. (Таня:) “Я паводле роду свае дзейнасьці шмат з моладзьдзю дачыняюся, у клюбе працую. Дарослыя нават не здагадваюцца, наколькі гэта распаўсюджана цяпер сярод моладзі. “А вось маё”. (Аксана:) “З-за таго, што заняцца няма чым. Вось чаму”. (Пятро:) “Кожны трэці малады чалавек спрабаваў або сеў на сыстэму – вось мая ацэнка. Я з Барысава сам. Моладзь не ўяўляе, што ёсьць маса заняткаў, якія даюць задавальненьне”. (Лена:) “Я таксама з Барысава. Там толькі два маршруты – у парк і на галоўны пляц. Сеў на лаўку, п’еш піва і паліш. Больш рабіць няма чаго. Што застаецца рабіць?” (Таня:) “Да нас расейцы прыяжджалі, гарадок у іх у два разы меншы, а колькі ў іх там клюбаў? Пытаюць у нас: а вашы клюбы дзе, няма. У нас толькі два кінатэатры і два клюбы. І то грошы на ўсё патрэбныя, на кавярні, і усюды, такая праблема – на прыродзе пап’ем піўка, і ўсё”. (Андрэй:) “Цяжка паступіць, плянку паднялі, падлеткі з гора ідуць і п’юць. А навязаць нам нічога ня трэба, бо маладыя будуць займацца тым, што любяць”. (Сяргей:) “Кампутар мяне замучыў, пайду піўка пап’ю”. (Аля:) “Дарослыя кажуць: якая моладзь – страх! Паляць, п’юць наркотыкі. Дарослыя, паглядзіце на сябе. Вы ўсе сьпіліся”.

Швэдзкі псыхоляг Мія Энгстром кажа, што швэдзкія юнакі называюць тыя ж прычыны наркатызацыі, што і беларускія – нуда і адсутнасьць рэалізацыі і пэрспэктывы. Маладым ня надта падабаецца гэты сьвет, кажа спадарыня Энгстром. Яе высновы падтрымалі калегі зь недзяржаўных арганізацыяў Жодзіна, Барысава, Пінска. У прамовах міліцыянтаў часта гучыць стома ад праблемы.

(Міліцыянт з Жодзіна:) “У 2004 г. на праспэкце Міру ў Жодзіне забралі дзьве кілі амфэтаміну. На 8 год хлопец сеў. Кажаш маладым: наркотыкі – зло, ня будзе вучобы, сям’і, нічога ня будзе, а ўсё больш і больш маладых наркатызуецца. Страшна, што яны ня паляць, яны колюцца. Ад гераіну ўзьнікае фізычная залежнасьць, ад амфэтаміну й экстазі – псыхалягічная. І тэрміны пабольшылі за наркотыкі ў 2004 г., але менш прадаваць ня сталі”.

На антынаркатычных форумах ў Жодзіне, Барысаве й Пінску прапаноўвалі наступнае: больш суворыя дзеяньні супраць распаўсюднікаў, больш чалавечае стаўленьне да наркаспажыўцоў, прафіляктычная праца сярод усіх падлеткаў, а галоўнае – стварэньне сыстэмы моладзевага адпачынку. Кіраўнік жодзінскай ГА “Новая Касталія” Аляксандар Перасыпкін цьвердзіць, што ягоная арганізацыя адвярнула многіх маладых людзей ад наркотыкаў – але дзеля гэтага моладзі патрэбная свабода самавыяўленьня і жыцьцёвыя пэрспэктывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG