Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская амбасада крытыкуе расейскіх праваабаронцаў


Алесь Дашчынскі, Менск Беларуская амбасада ў Маскве адрэагавала заявай на адкрыты ліст кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, які даслаў Савет пры расейскім прэзыдэнце ў справе спрыяньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека. У заяве беларуская дыпмісія вінаваціць Савет, якім кіруе Эла Памфілава, ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы сувэрэннай краіны.

У адкрытым лісьце да Лукашэнкі Савет пры прэзыдэнце Расеі ўпершыню грунтоўна і жорстка крытыкаваў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Савет акцэнтаваў ўвагу на палітычных зьняволеных у Беларусі, на зьнікненьнях палітычных апанэнтаў Лукашэнкі, на ціску дзяржавы на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, скарачэньні расейскай інфармацыйнай прасторы, на парушэньні правоў расейскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі.

У сваёй заяве беларуская дыпмісія назвала камэнтары ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі тэндэнцыйнымі. Паводле дыпляматаў, Савет умешваецца ва ўнутраныя справы сувэрэннай краіны і пайшоў на беспрэцэдэнты крок – стварыў пад сваёй эгідай яўна надуманую расейска-беларускую праваабарончую камісію. Паводле пасольства, склад камісіі выссаны з пальца. Беларускіх праваабаронцаў пасольства называе тыповымі правакатарамі, якія не маючы падтрымкі на роднай зямлі, ужо неаднаразова шукалі яе за мяжой. Як далей гаворыцца ў заяве, палітычныя амбіцыі беларускіх бульбяна-васільковых рэвалюцыянэраў знаходзяць глебу ў Расеі і гэта дзіўна, бо ў Беларусі гэтыя людзі былі вядомыя раней, перш за ўсё, сваімі антырасейскімі настроямі.

Сустаршыня грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савета ў правох чалавека пры расейскім прэзыдэнце Валеры Паўлаў назваў гэтую заяву беларускай дыпмісіі палітычнай лухтой.

(Паўлаў: ) “ Адказ даволі непрыгожы, таму што яны апусьціліся да нейкіх кухонных разборак, маўляў, камісія высмактана з пальца. А чаму мы павінны пастаянна палец смактаць у Лукашэнкі ці ў ягонай улады? Канешне, ім стала балюча, маральна і душэўна, таму і такая рэакцыя. Я з недаўменьнем убачыў такую рэпліку, што гэтыя людзі, то бок мы, выступілі за Чачэнію. Гэта поўная лухта, мы цяпер гэтую справу вывучаем і пададзім у Маскве ў суд на беларускую амбасаду. Няхай яна дасьць справаздачу. Яны распаўсюдзілі гэтую ілжывую заяву. Гэта бездапаможнасьць амбасады, ім трэба было выслужыцца перад гаспадаром і яны, як звычайна, наплялі. Няхай бы яны тут сваім аўтарытэтам займаліся, якога тут у Маскве ня вельмі многа”.

Блізкім часам плянуецца сустрэча прэзыдэнта Расеі Уладзімера Пуціна з чальцамі Савета ў правах чалавека. Паводле прадстаўніцы Савета, старшыні Маскоўскай Гэльсынскай групы Людмілы Аляксеевай, спачатку беларуская праблематыка не была прапанаваная для размовы з прэзыдэнтам Пуціным. Вызначаны праблемы, якія тычацца расейскай сітуацыі. Аднак цяпер, пасьля такога адказу афіцыйнага Менску, спадарыня Аляксеева не выключае, што беларуская праблематыка можа стаць адной з тэмаў сустрэчы з Пуціным. А як паўплывае заява беларускай дыпмісіі на стаўленьне Савета да Беларусі?

(Аляксеева: ) “У нас ёсьць свая пазыцыя, да нас, насамрэч, зьвяртаюцца людзі са скаргамі, нам вядома, што ў Беларусі перасьледуецца апазыцыя. Ад таго, што дыпляматычная місія Беларусі дазволіла сабе даць нам чосу, мы па гэтай прычыне не памяняем свой намер займацца тым, чым лічым патрэбным. Канешне, мы будзем працягваць сваю працу. Наша пазыцыя можа памяняцца тады, калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі палепшыцца.”

Пасьля адкрытага ліста дасланага Лукашэнку Саветам пры расейскім прэзыдэнце ў правах чалавека, афіцыны Менск зноў актывізаваў сваю ўвагу на расейскім палітычным вэктары. Напрыклад, кіраўнік Беларусі даў інтэрвію расейскай тэлекампаніі “ТВ Цэнтар”. Лукашэнка зноў зьвінаваціў Расею ў адыходзе ад саюзнай дамовы, а таксама заявіў, што ў Расеі, апроч Польшчы, Балтыі і Украіны, фармуюцца базы для каляровай рэвалюцыі. Потым ён прыняў расейскага пасла ў Беларусі Аляксандра Блахіна ў сувязі з завяршэньнем тэрміну ягонай дыпляматычнай місіі. Тут ужо Лукашэнка гаварыў, што апошнія некалькі гадоў былі плённымі для двухбаковых адносінаў.

Цяперашні расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандр Блахін неаднаразова казаў пра факты, калі беларускія ўлады парушалі правы расейскіх бізнэсоўцаў. Аднак Блахін ніводнага разу не сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і праваабаронцамі. Ці можна спадзявацца, што гэта зробіць новы пасол Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Аяцкаў? Меркаваньне старшыні Маскоўскай Гэльсынскай групы Людмілы Аляксеевай.

(Аляксеева: ) “Ён вельмі непрадказальны, дзіўны чалавек. У вас будуць з ім праблемы. Яго хацелі зьняць з губэрнатара, але ж яго кудысьці трэба паслаць. Вось яго ў Беларусь і паслалі. Аяцкаў не будзе займацца правамі чалавека. У яго наконт правоў чалавека ў Саратаўскай губэрніі было вельмі нядобра, напрыклад, там былі праблемы з мігрантамі. Гэта губэрнатар, якога нельга назваць сябрам праваабаронцаў. Няма чаго спадзявацца, што ён завядзе нейкія даверлівыя адносіны з беларускай апазыцыяй, толькі калі яму загадаюць зьверху, на што я таксама не разьлічваю.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG