Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць першыя тры тамы чатырнаццацітомніка Быкава


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ўвечары ў вялікай залі Дому літаратара ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя першых трох тамоў чатырнаццацітомнага збору твораў Васіля Быкава. Гэтае выданьне, якое робяць некалькі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, выклікала неадназначную рэакцыю чытачоў, дасьледчыкаў творчасьці народнага пісьменьніка і ягоных сяброў.

У выходных дадзеных значыцца Саюз беларускіх пісьменьнікаў і маскоўскае выдавецтва “Время”. Аднак, як паведаміў нашаму радыё старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, выдавецтва “Время” толькі каардынавала працу друкарні ў Екацерынбурзе, дзе друкаваліся першыя тры тамы збору твораў Васіля Быкава. А найперш да выданьня спрычынілася беларуская грамадзкая ініцыятыва па стварэньні руху “Воля народу”. Укладаюць шматтомнік удава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава, літаратуразнаўца Міхась Тычына, галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч і старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. Ён зазначыў, што выданьне некамэрцыйнае, і вось што сказаў пра мэханізм ягонага распаўсюду.

(Пашкевіч:) “На вечарыне будуць прысутнічаць прадстаўнікі нацыянальнае бібліятэкі і кіраўніцтва бібліятэчнага калектару, праз які адбываецца папаўненьне бібліятэчных фондаў нашай краіны. І нам бы хацелася прылюдна ў вялікай залі Дому літаратара падпісаць зь імі адпаведную дамову, паводле якой Саюз пісьменьнікаў будзе бясплатна перадаваць бібліятэкам поўны збор твораў Васіля Быкава”.

Алесь Пашкевіч кажа, што чатырнаццацітомнік Васіля Быкава – гэта трэці на сёньня ў гісторыі беларускае літаратуры поўны збор твораў аднаго пісьменьніка, пасьля Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Аднак у паўнаце заяўленага выданьня сумняюцца як дасьледчыкі творчасьці Быкава, так і ягоныя сябры. І вось што сказаў з гэтае нагоды даўні сябар Быкава народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

(Барадулін:) “Паколькі я трыццаць гадоў у выдавецтве прапрацаваў, то лічу, што трошачкі размашыста заяўлена. У тыя тэрміны, у якія яны абяцаюць, выданьне поўнага збору твораў Быкава практычна немагчыма. Гэта трэба, каб цэлы інстытут працаваў. Але сам факт выданьня гэтых трох тамоў вельмі добры. Дзякуй ім за ўвагу да Васіля Вялікага, але каб гэта ня стала такой палітычнай гульнёй”.

Алесь Пашкевіч на гэтыя ды іншыя перасьцярогі сказаў, што ў аснову выданьня пакладзены плян-праспэкт васьмітомніка, які яшчэ пры жыцьці Васіля Быкава плянавала выдаць, але так і ня выдала, дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Плян гэты складзены самім аўтарам. Вось што кажа Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч:) “У першы том яшчэ сам Быкаў заплянаў уключыць апошнія па часе напісаньня творы. Маюцца на ўвазе аповесьці “Аўганец”, “Ваўчыная яма”, “Балота”, “Пакахай мяне, салдацік”. Яны, а таксама прыпавесьці, увайшлі ў першыя два тамы. А трэці том складаюць апальныя тэксты Васіля Быкава. Сярод іх аповесьць “Мёртвым не баліць”, “Сотнікаў”, “У тумане”. Пасьля таго, як чытачы, навукоўцы, пісьменьнікі, архівісты пабачаць гэтыя тры тамы, праца пойдзе хутчэй”.

Нагадаем, што прэзэнтацыя першых трох тамоў чатырнаццацітомнага збору твораў Васіля Быкава адбудзецца сёньня ўвечары ў вялікай залі Дому літаратара. Пачатак а палове на 19-ую.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG